Віктар Шукеловіч Як людзі кахаюцца побач з намі

літаратар, журналіст

У кавярні сядзела дзяўчына, сумавала, малявала пальцам на стале нябачныя ўзоры. Некага чакала. Ажно прыйшоў хлопец. Было відаць, што ў іх спатканне «ўсляпую», і яны папярэдне не бачыліся і здымкаў адно аднаго не глядзелі.

Дзяўчына – сімпатычная худзенькая брунетка. Хлопец – бландзін з нячэсанымі тлуставатымі валасамі, у акулярах, з крывым носам, адтапыранымі вушамі ды вузкімі плячыма. Ён быў у адпрасаванай, але выразна старой кашулі навыпуск, ды яшчэ з нейкім цікам – левае плячо раз-пораз дрыгалася.

Дзяўчына, толькі глянуўшы на маладзёна, уся абмякла, зрабіўшыся яшчэ больш сумнай. «Пасля працы, замучаная», – патлумачыла яна. Хлопец прысеў, ногі ў яго тармасіліся, як у цацкі, заведзенай ключыкам. Дзяўчына неахвотна нешта расказвала пра сябе, гледзячы ў падлогу. Хлопец слухаў, а ад гэтага ў яго яшчэ больш неяк адтапырыліся вушы.

«І як часта ты ходзіш у трэнажорку і басейн», – пыталася паненка ў суразмоўцы. Хлопец нешта мармытаў, паціскаў вузкімі плячыма. Доўгімі пальцамі ён зрываў з пірожнага маліны і клаў у рот. Потым пачаў хапаць пальцамі крэм і класці на язык, абсмоктваючы пальцы. Дзяўчына дала хлопцу візітоўку, глынула кавы і ўсміхнулася. Можа, у іх нешта і будзе.

***

Быў вечар пятніцы, а ў цягніку метро ціскалася шмат пар. Адна з іх знайшла сабе куточак ля дзвярэй у вагоне. Кабетка – пад саракоўку, ахайна апранутая, выпрасаваныя канты на портках і блузцы, што, здаецца, руку можна парэзаць. Крыху нямодная – стыль ці то нуднаваты, ці то стараваты. Такая з яе была навуковая працаўніца Акадэміі навук, што пісала дысертацыю ды праз кнігі засядзелася ў дзеўках. Хлопец каля 30, маладзейшы, моцна загарэлы – працуе на вуліцы, можа, які будаўнік альбо дворнік. Ён у трэніках і туфлях з доўгімі насамі, што былі модныя ў 90-ыя.

Кабетка пахіліла галаву, а хлопец пачаў вадзіць ёй носам па шыі. Ёй крыху ласкотна, але і прыемна. Яна ўсміхаецца. А хлопцу падабаецца ейны пах – не толькі кончыкам носу, але і дзюркамі прыкладаецца да белай шыі. Яна закатвае крыху вочы і сама поўнымі ноздрамі ўдыхае пах свайго абранніка. Мілуюцца, а ў мяне ў галаве думка таўчэцца аб сценкі чэрапа: як яны дабраліся, гэныя «інь» і «янь»? Дзе яны спаткаліся? Аж карцела ўстаць і запытаць. Стрымаўся.

***

Ліхтар каля гэтага прыпынку ледзь свяціў. У слабым святле, аднак, можны было распазнаць дваіх людзей, якія соладка спалі на суседніх лавачках, падклаўшы далоні пад шчокі. У душную летнюю ноч на мужчыне быў швэдар з доўгімі рукавамі ды пацёртыя джынсы. Праз падраныя пантофлі свяціліся пальцы. Ягоныя раскудлачаныя валасы тырчалі ўва ўсе бакі, а няголеная з тыдзень барада мела колер попелу, які кантраставаў з цёмным тварам выпівохі. У жанчыны, якая адпачывала на адшліфаванай тысячамі азадкаў паверхні, была кароткая стрыжка, невыразнага колеру блузка, шырокія нагавіцы, красоўкі і выпалены сонцам ды алкаголем твар. Пры ейных нагах стаяла некалькі клункаў – гэта, відаць, была агульная маёмасць пары бадзягаў.

Мужчына хроп, аж заходзіўся. Пабуджаны ўласным храпам, ён прыўзняўся на локці, абвёў асалавелым позіркам наваколле і, мала што пабачыўшы ў скупым святле, загукаў хрыпатым голасам: «Кацька, Ка-а-ця-а-а-а..». А ў адказ цішыня. Мужчына прыпадняўся яшчэ больш, глянуў на таварышку і ўжо амаль крычаў: «Каця-а-а!». Жанчына не варухнулася. Мужчынскі ж голас захлынаўся трывогай: «Каця-а-а!, Каця-а-а!».

«Чаго?», – нарэшце азвалася ціхенька яна. «А, жывая», – задаволена хрыпеў мужчына. «Нічога, спі. Дабранач», – прамармытаў ды зноў упаў галавою на адпаліраваную паверхню лаўкі.

іншыя запісы
Каментары