Віктар Шукеловіч Як госці з Расеі ў беларускай аграсядзібе прыкрывалі рукамі залатыя зубы

літаратар, журналіст

Даўнія традыцыі, звязаныя з мясцовай гісторыяй, зберагае экалагічная сядзіба «Альба Рутэнія» ў вёсцы Біскупцы пад Лідай. Уладальнік спадар Алесь Бартосік падзяліўся з Belsat.eu пацешнымі показкамі са сваіх уладанняў.

Пра какаву

«Альба Рутэнія» знаходзіцца пры трасе Менск-Горадня. Часам, аднак, сюды трапляюць людзі нібы з іншых планетаў, распавядае спадар Алесь.

«Некаторыя з іх, хоць самі з Беларусі, але не разумеюць ці не жадаюць разумець беларускай мовы. І гэта самае прыкрае», – дзеліцца гаспадар сядзібы.

Аднойчы ў падворак «Альба Рутэніі» заехала аўта на транзітных нумарах. «З машыны выйшла вясковага выгляду гараджанка, – распавядае спадар Алесь. – Стомленая, нявыспаная, відаць, на гарадзенскім базары ўсю ноч выбірала аўта». Гаспадару стала шкода жанчыну, і ён запытаўся:

– Чым я магу дапамагчы вам, шаноўная?
Есть ли у вас кофие? – запыталася падарожніца.
Спадар Алесь збянтэжыўся, бо не ведаў, на якое мове з ім размаўляла жанчына.
– «Кофе» няма, магу пачаставаць толькі кавай, – адказаў уладальнік «Альба Рутэніі».

У гэты час кіроўца, відаць, муж кабеты, выйшаў з машыны.
– Валерык, тут кофия нет, – загукала наведніца да свайго мужа. – Тут совсем нет кофия, только какава, будешь какаву?»

У выніку госці паехалі, не паспытаўшы свежай кавы.

«Вучыце беларускую мову, спадарства, – адзначае спадар Алесь. – Яна можа вам спатрэбіцца ў кожную хвіліну. А веды за плячыма не насіць, як гаворыцца».

Пра гарадскіх

«Нашыя людзі вельмі хутка адыходзяць ад сваіх каранёў. Боты памыла ў гарадской кватэры, з вакзалу прыехаўшы, а ўжо забылася, як па-беларуску гаварыцца», – адзначае спадар Алесь. У «Альба Рутэніі» адмыслова для такіх людзей ляжыць на падаконні перакладны беларускі слоўнік.

– Мне круасаны с кофе, – з нейкім заморскім, нібыта французскім, акцэнтам часам замаўляюць сабе сняданак фанабэрыстыя госці.

– Дык вы ж ведалі, куды ехалі. Тут не Францыя ці Італія. Мы тут падаем мясцовыя стравы, – тлумачыць ім спадар Алесь.

– Я вас не понимаю, я с Минска, – часам даводзяць госці, акцэнтуючы апошняе слова. У такіх выпадках гаспадар прапануе ім скарыстацца слоўнікам.

– У нас адразу сустракаюць па розуме, а не па адзежцы – два словы чалавек сказаў, а я ўжо бачу, хто ён такі, – дзеліцца ўладальнік «Альба Рутэніі».

Пра залатыя зубы

Прыязджаюць у «Альба Рутэнію» і госці з Расеі. Шмат якія турыстычныя кампаніі замаўляюць для гэтакіх турыстаў незвычайныя рэчы, праўда, дзеля гэтага спадар Алесь мусіць запрашаць актораў.

Арганізаваныя групы з Расеі прыязджаюць у аграсядзібу пасля наведвання замкаў у Нясвіжы, Міры ды Лідзе. «Змогшыся пасля цэлага дня экскурсій, піва-гарэлкі, што п’ецца з калена ў аўтобусе, яны завітваюць да нас, як у аазіс», – распавёў гаспадар «Альба Рутэніі». Прычым прыязджаюць з Расеі пераважна кабеты.

– Ой, гэта нам?! – заўсёды эмацыйна рэагуюць яны на пачастунак, прыгатаваны для гасцей на драўляных сталах.

Дзівяцца госці і беларускім мясным рулетам, дранікам з мясам, пухнатым аладкам і гэтак далей. «Нават нашыя галубцы іх бянтэжаць, бо ў іх гэта часам проста мяса, згатаванае разам з капустай у рондалі, а ў нас гэта прыгожая страва, дзе для кожнага галубца падабраны асобны капусны лісточак», – распавёў гаспадар аграсядзібы.

Завіталі расейскія турысты ў «Альба Рутэнію» і пасля захопу Крыму. Быў халодны вясенні вечар. Калі ж госці пад’елі ды выпілі, што ім вельмі падабаецца, раздаўся стук у дзверы.

Кто-то пришел, – цешыліся, хіхікаючы, жанчыны з расейскай глыбінкі. У памяшканне ж зайшоў мужчына ў даваенным картузе ды з мяшком цераз плячо.

– Ці можна, пане, тут перакусіць, перадыхнуць, бо надта ж я замарыўся, – сказаў новапрыбылы. Яго падсадзілі да расейскіх гасцей ды пачалі частаваць.

– Мы с России, – прадставіліся расейцы.
– Яны з Крыму, – правакацыйна дадаў спадар Алесь.
Нет, нет, мы не с Крыма, – спалохана аднекваліся турысты.
– А я хаджу праз мяжу, – распавёў мужчына ў картузе. – Нашу чырвоным камісарам і іхным жонкам рэдкі тавар: то панталоны цёплыя з начосам, то футра… Але ўвесь тавар толькі на золата мяняю. Можа ў вас якое золата ёсць?

Напружанасць узмацнялася! Перасталі есці нават самыя галодныя.
Нет, нет, – адказалі жанчыны.
Тут ужо падыграў спадар Алесь, нахіліўшыся да адной з жанчын:
– Вось яна мае зубы залатыя.

– Ты не бойся, – залагоджваў яе госць у картузе, дастаючы з меха вялізныя абцугі. – Вырвем і не пачуеш. А замест іх пастаім белыя зубы ад кабанчыка, якога нядаўна гаспадар закалоў. Затое дахаты паедзеш з белымі зубамі і цёплымі калісонамі, а ў дадатак яшчэ футра будзеш мець на плячох.
Это не золотые зубы, только напыленные, – абаранялася жанчына, стараючыся не варушыць вуснамі, каб не было відаць зубоў. Іншыя ж госці сціхлі, прыкрываючы вусны рукамі, а іхныя твары спаралізавала напруга.
– Як не, дык не, – спадар Алесь адышоў ад жанчыны. Начны ж госць выйшаў у сенцы, каб паглядзець, ці няма там якога-кольвечы тавару, каб выменяць у гаспадара.

– А чаго вы не ясце? – запытаўся ў гасцей спадар Алесь. – Налівайце, закусвайце.

Госці загудзелі, зазвінеў посуд, загучаў смех…

Пра памежнікаў

Не паспелі госці прыйсці ў сябе, як у дзверы зноўку загрукалі. Гэтым разам у «Альба Рутэнію» завіталі акторы ў мундурах памежнікаў даваеннай Польшчы. «Усе рослыя мужчыны, у целе, з бакенбардамі. Крычаць моцна, каб адмыкалі», – распавёў спадар Алесь.

Цо за людзі? – гыркнуў пан-афіцэр.
– Гэта турысты з Крыму, – спакойна, але прыжмурыўшы вока, адказаў гаспадар.
Не-э-э, мы не с Крыма, – затрэсліся госці.
– Так, давайце пашпарты, будзем правяраць, – сказаў старэйшы ў форме.
Падпітыя жанчынкі зашархацелі ў дамскіх сумачках. У дзвюх з іх пашпарты перад гэтым забраў дырэктар турфірмы.
– У нас нету паспортов, – развялі рукамі, смеючыся, жанчыны.

Мужчына ў форме памежніка рэзка павярнуўся да спадара Алеся і зароў гучным басам:

– Я табе, пане, казаў, каб тут бардэлю не было!
– Устаць, пойдзеце са мною до Варшавы, – сказаў расейкам велічэзны мужчына ў мундуры.
Не-э-э! – з жахам у голасе ўскрыкнулі турысткі, азіраючыся на зямлячак.
Тут умяшаўся прадстаўнік турфірмы:
– Ёсць тут пашпарты іхныя.

Чалавек у форме глянуў у дакумент адной з кабет, але з пярэчаннем заматаў галавою:

– Гэта не твой пашпарт…
– Мой, мой, – узмалілася жанчына.
– Не, не твой, бо тут на фатаграфіі маладая жанчына, а ты – старавата неяк выглядаеш. Устаць, пойдзеш за мною, – сурова сказаў чалавек у форме памежніка.

Нет, нет, это я, посмотрите, это я, – даказвала жанчына, разгладжваючы рукамі маршчыны на твары.

Іншыя ж турысты сядзелі насцярожыўшыся пры стале, амаль не маргаючы.

– Калі прыедзеш да сябе ў Маскву, каб абавязкова змяніла пашпарт, бо іншым разам за мяжою цябе да муру могуць паставіць, – не супакойваўся чалавек у форме.

Тым часам з сенцаў паказаўся прышлы маладзён у картузе, які падаваўся за кантрабандыста.

– Паказвай пашпарт, – прыкрыкнуў афіцэр на маладзёна, які граў кантрабандыста. Хлопец жа ірвануў наўцёкі з дому.
– Стой, бо буду страляць! – кінуўся праз дзверы за ім памежнік.

Госці прыліплі да вокнаў, сочачы за падзеямі. З асветленага двара даносіліся стрэлы з пістолі – «бах-бах!». У турыстаў падкасіліся ногі, бо яны пабачылі, што ўцякач, як падрэзаны, упаў на зямлю. Памежнік, падыйшоўшы, пакратаў нагою цела ды глянуў у бок вокнаў. Група адразу ж са стогнам адхіснулася ад шыбаў.

– Сядайце хутчэй на свае месцы, – шэптам загадаў спадар Алесь. Госці былі надзвычай паслухмяныя.

Чалавек у мундуры, зайшоўшы ў хату, падышоў да гаспадара:

– Прашу пазваніць у трупярню, – сказаў мужчына. – Трэба, каб забралі нябожчыка. Калі ж сюды будуць пускаць людзей са старымі пашпартамі, то зачынім гэтае месца назаўсёды!!!

– Каб праз 15 хвілін усе госці з’ехалі, – загадаў мужчына ў форме, выходзячы з рэчамі хлопца.

Моцна ляпнуўшы дзвярыма, выйшаў на двор і знік у цемры… Пры стале ж запанавала цішыня.

– Так, наліваем два разы і п’ем, не цокаючыся, за загінулага, – цвёрдым голасам загадаў гаспадар сядзібы.

«Яны сядзелі і глядзелі на мяне, як на Бога. Для іх я быў збаўцам, тым, што за іх стаяў. Калі сказаў ім, што можна папаліць, на вуліцу выйшлі і зацягнуліся цыгарэтай нават тыя, якія ўжо некалькі гадоў не палілі».

– А что это было, товарищ? – разгублена пыталіся турысты, крыху адышоўшы ад перажыванняў.

– Шаноўныя, гэта жыццё, якое было на нашай зямлі да таго часу, пакуль камуністы разам з гітлераўцамі не вырашылі акупаваць нашую зямлю. Калісьці я думаў, што гэтыя часы мінулі назаўжды, але я памыляўся, бо цяпер іншыя людзі пад іншым сцягам акупуюць другія краіны, – тлумачыў ім спадар Алесь. – Трэба быць гатовым да адказнасці за свае ўчынкі.

Понимаем, понимаем, – згодна ківалі галовамі госці.

Потым былі танцы, цёплыя віншаванні і песні за сталом. Выязджалі турысты нашмат пазней, чым планавалі.

Развітваючыся, яны казалі спадару Алесю, што доўга будуць памятаць экскурсіі ў Нясвіж, Мір, але ягоны «атракцыён» не забудуць ніколі. «Гэта нашмат круцей, чым на амерыканскіх горках», – казалі на развітанне аматары вострых уражанняў.

іншыя запісы
Каментары