Александр Федута Як БХД і «Гавары праўду» сімволіку не падзялілі

паліткансультант

На Захадзе партыі змагаюцца за выбарнікаў. Чым больш у цябе выбарнікаў, тым вышэйшая твая «інвестыцыйная прывабнасць»: ты атрымліваеш больш галасоў на выбарах, удзельнічаеш у фармаванні ўраду, размяркоўваеш бюджэтныя заказы сярод фірмаў – у тым ліку і тых, якія ўдзельнічалі ў фінансаванні тваёй выбарчай кампаніі. Так, гэта ўсё цалкам празрыста і адпавядае заканадаўству, але пры аднолькавых умовах, што прапаноўваюць удзельнікі тэндэру, як тут не дапамагчы таму, чыя кашуля апынулася крыху бліжэйшая твайму целу?

У нас партыі ў парламент не трапляюць (бо кропкавае траплянне аднаго чалавека ад партыі – гэта проста нейкае непаразуменне), у фармаванні ўраду і вертыкалі мясцовай улады не ўдзельнічаюць, а таму на практыцы змагацца няма за што – прынамсі, паміж сабою. Тэндэры не размяркоўваеш – значыць, размяркоўваеш так званы сімвалічны капітал.

У нашым выпадку апошні скандальчык звязаны з рэальнай спробаю перадзелу сімволікі. Адна – раптам зарэгістраваная – структура нібыта замахнуліся на сімволіку, што належыць іншай, якая беспаспяхова змагаецца за рэгістрацыю. Раздаліся нават аргументы: ах, мы заказвалі, мы плацілі грошы!

Красці – нядобра. Было б што красці, а тут нават і гэтага няма. Інтэлектуальная ўласнасць незарэгістраванай палітычнай структуры (аргкамітэту БХД) гэтак жа не зарэгістраваная, як і сама структура. А значыць, і ўласнасці ніякай няма. Бяры – не хачу.

Вядома, калі бралі ў іх.

А маглі і не ў іх узяць. Мы ж не ведаем, якая сімволіка добрых 85% існуючых у свеце палітычных партыяў. І якому мастаку давялося які сайт паглядзець, каб гэтую сімволіку злямзіць, мы таксама ніякага паняцця не маем. І мець не будзем. Як пісаў не наш класік, «мы гультаяватыя і нецікаўныя«. Але вось тое, што сусед прывёў аднекуль бурую свінню з плямамі той жа канфігурацыі, што і на нашай хрушы, – гэта невыпадкова! Хіба нашага парсючка звёў!

Сімволіка старога БНФ была настолькі простая і зразумелая, што яе не трэба было ні ад каго абараняць. Яе проста немагчыма было сцягнуць. Дагэтуль, калі нехта бачыць былыя дзяржаўныя, а цяпер – проста гістарычныя сцягі над дэманстрацыяй, адназначна ўпэўнены:

– БНФ ідзе!

Сімвалічны капітал найстарэйшай апазіцыйнай палітычнай сілы перажыў усе расколы, ратацыі партыйнага кіраўніцтва, змяльчэнне лідара. І пазітыў, і негатыў, замацаваны ў грамадскай свядомасці за гэтаю сімволікай, застаецца з брэндам, на які, як мне падаецца, яго цяперашнія носьбіты маюць вельмі невялікія правы. Але людзі працягваюць памятаць усё – і «Дзяды», і першыя «Чарнобыльскія шляхі», і фракцыю ў Вярхоўным Савеце, і «Пагоню», якую здымаюць з фасаду Дома Урада ў Менску. І – Зянона Пазняка, палымянага і непаўторнага ў сваёй палымянасці. Нават цяперашні Пазняк не зможа паўтарыць Пазняка 1988-1993 гадоў.

І хто б ні намагаўся прысвоіць сімволіку таго Фронту, зрабіць гэта не здолее. Нават калі ўлада яму гэта дазволіць, падыграўшы, зарэгістраваўшы раней, чым іншых. Немагчыма. Гэта ж не спрэчка мала каму цікавага Карла з зусім нікому не патрэбнай Кларай пра тое, хто і ў каго сцягнуў гаманец з сімвалічным капіталам. Калі яны адзін у аднаго рэальны капітал пачнуць цягнуць – таксама нікому цікавыя не будуць.

І тут усё на ўладу спішаш. Улада, вядома, у нас тая яшчэ – сука, а не ўлада. Але ў дадзеным выпадку яе віна не такая ўжо і значная. Так сабе – побач пастаяла, ліхтарыкам пасвяціла. Але калі красці няма чаго, то ўжо няма чаго.

Фота на вокладцы «Наша Ніва»

іншыя запісы
Каментары