Максім Чыгунка Выбары 2016: Уплыў бульбы на выбарчыя прэферэнцыі беларусаў

публіцыст

Сябар, які працаваў у якасці перакладчыка для міжнародных назіральнікаў даслаў мне ліст, у якім ён апісаў, як кандыдат Лукашэнкі бліскуча перамог у адным з менскіх раёнаў.

Дарагі Максім,

У мяне была магчымасць крыху паездзіць па ваколіцах гораду N, што пад Менскам, з міжнароднымі назіральнікамі. А такі назіральнік можа значна больш і яму не пагражае, што яго выдаляць з камісіі за перашкоды. Старшыня камісіі прыемны і ўважлівы, нават дазваляе фатаграфаваць пратаколы з датэрміновага галасавання, паказвае спіс выбарцаў.

То бок, рэчы недасягальныя для простага беларуса, які б хацеў паназіраць. Ён звычайна сядзіць заціснуты ў куце – атачоны злева цёткамі з начосам з «Саюзу Жанчын Беларусі» (хаця, як высвятляецца, «Саюз Жанчын», з’яўляецца арганізацыяй, якая не навязвае гендарных абмежаванняў і часамі прадстаўлена мужчынамі), а з другога боку прадстаўнікамі партыі «Белая Русь». Самі прадстаўнікі гэтай ганаровай арганізацыі маюць звычку пры выглядзе замежных гасцей зрывацца і ўручаць загадзя падрыхтаваны «дакумент», што ў іх камісіі «усё адбываецца згодна з выбарчым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь» і просяць «далучыць гэты дакумент да матэрыялаў місіі назіральнікаў».

Сёлетнія выбары прайшлі пад знакам капання бульбы. Гэтай дзейнасцю чальцы камісіі тлумачылі асаблівасці наведвальнасці і вынікі. І таму ў дзень выбараў на ўчастках было так пуста. Затое пустак не было на працягу папярэдніх дзён, і чамусьці, як ні дзіўна, выбарцы больш за ўсё любілі прыходзіць у пятніцу і суботу, калі ў камісіях не было назіральнікаў.

Нешта дрэннае адбываецца і са здароўем беларусаў, бо ў кожнай камісіі скрыню дахаты выклікалі не менш за 50 чалавек. А была камісія, у якой з двух тысяч пяцьсот выбарцаў захацелі, каб іх наведалі ўдома. На пытанне, як гэта магчыма, старшыня заявіла – «У Беларусі вельмі паважаюць пажылых людзей». Яна таксама магла сказаць, што не хацела адцягваць іх ад капання бульбы, таму і пасылала скрыню.

У выбарчай культуры заўважны моцны ўпадак, у большасці камісіяў не было ні канцэртаў ні буфетаў. Словам, Еўропа, якая імгненна скончылася, калі справа дайшла да падліку галасоў. Аказалася, што ў камісіі, за якой мы назіралі падчас датэрміновага галасавання, за праўладнага кандыдата прагаласавалі ў 10 разоў больш, чым за апазіцыйнага кандыдата. А ў дзень выбараў гэтыя суадносіны былі толькі 1:2.

І так было ў многіх іншых выбарчых камісіях. Аказалася, што абсалютная большасць прыхільнікаў мясцовага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства прыняла рашэнне прагаласаваць датэрмінова. Адбыўся статыстычны цуд, а дырэктар не проста «элегантна перамог», а можна сказаць, бліскуча перамог у стылі ўзяцця Берліну.

А на пытанне да старшыні, чаму так, пачулі шчыры адказ: «Ну, паехалі бульбу капаць». Выбары паказалі, што беларускае грамадства падзяляецца не на аматараў улады і апазіцыянераў, а капальнікаў і некапальнікаў бульбы.

Да таго ж можна было нават не пытаць, бо Лукашэнка яшчэ 6 верасня напрарочыў, што ў нядзелю людзі будуць сядзець на лецішчах.
У кожным выпадку, гэта быў выдатны канец лета.

Твой N

Максім Чыгунка belsat.eu

іншыя запісы
Каментары