Зміцер Ягораў Вы можаце захоўваць маўчанне. Усё, што я скажу, будзе выкарыстана супраць вас

рэдактар belsat.eu

Вы заўважалі, як змяняецца жыццё ў краіне без Лукашэнкі? Нават калі ён усяго толькі выязджае на тыдзень-два ці на некаторы час «знікае» па невядомых прычынах з экранаў.

Апошні выезд у Сочы – яскравы прыклад.

У краіне – гара праблемаў, перадусім – эканамічных. Людзі пачынаюць гуртавацца. Распачынаецца дыскусія. Шараговыя грамадзяне дэманструюць, што гатовыя браць адказнасць за сябе, адстойваць свае правы. А хоць бы ў судзе, у пазове супраць падатковай – аспрэчваючы «ліст шчасця». Ды і пад судом: праганяючы здымачную групу БТ, якую сюды скіравалі, каб скляпаць чарговую агітку супраць «дармаедаў». Абуджаюцца Горадня, дэманстрацыя ў Берасці, пратэст у Гомлі! Міліцыя і спецслужбы з шырока расплюшчанымі вачыма – спяць!


Гэта, магчыма, няпроста заўважыць, але зʼяўляецца адчуванне руху. Замест балота – падводныя, пакуль, плыні. Гэта яшчэ не няспынны вір, не магутная рака, але гэта – прыкметы жыцця і зменаў.

Але вось Лукашэнка вяртаецца. Спачатку «прыпыняе» выкананне свайго ж неканстытуцыйнага дэкрэту. Нібыта трэба «разабрацца». Спатрэбіўся час, каб «разабрацца»: намацаць такія звыклыя для рук рычагі. І даць каманду: душы!

Толькі за акцыю недармаедаў у Менску 15 сакавіка – больш за 200 затрыманых і арыштаваных. Не проста затрыманых, большасць – гвалтоўна выкрадзеных міліцыянтамі ў цывільным, з пабоямі і газавымі балончыкамі ў твар. Агулам – 507 дзён арышту! Зляпілі агітку «Званок сябру». Учынілі аблаву на журналістаў.

І пасыпаліся словы. Словы, з якіх можна смяяцца. Але хто смяецца з гуку бразготкі бражджоўніцы (грамучай змяі)?

«Дэкрэт №3 я не адмяняў і нават не прыпыняў»

«Нельга звальняць і скарачаць без згоды мясцовых уладаў»

«У Беларусі затрымалі рыхтаваўшых правакацыю са зброяй баевікоў»

«Пятая калона марыць разбурыць уладу і скінуць прэзідэнта»

Толькі з 21 на 22 сакавіка – тры начных арышты: арыштаваны ды жорстка збіты адзін з лідараў колішняга «Белага Легіёну» Міраслаў Лазоўскі, Алеся Яўдаху абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, арыштаваны былы актывіст Андрэй Дундукоў.

Гэта толькі пачатак.

Бразготка грымела надта гучна. Асабліва часта Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўваў у сваіх прамовах словы «выбух», «узрываць», «зброя». «Пятая калона збіраецца ўзарваць абстаноўку ў Беларусі», «…узарвала апазіцыйную клааку», «правакацыя са зброяй». «У Беларусі па ІТ-тэхналогіям будзе выбух» (Айцішнікам трэба таксама рыхтаваць сухары? Ці проста зашмат у дзяржагалаве думак пра выбухі і выбухоўку?).

Ці гэтае бразгатанне, здушальныя прыёмы змусяць нас ізноў залегчы на дно? Сядзець ціха і прыслухоўвацца? Усё, што чуваць цяпер з Карла Маркса, 38 – пагрозлівае бразгатанне і шыпенне. Усё, што вядома – кожнае сказанае там слова можа быць выкарыстанае супраць нас.

Не чакай «пернікаў», электарат, не спадзявайся на адлігу, апазіцыя, забудзься на лібералізацыю, бізнес. Бражджоўніца ў баявой пазіцыі, халодныя вочы пільнуюць ахвяру, раздвоены язык трымціць няспынна ў чырвонай атрутнай пашчы. Бразготка грыміць.

Хто памятае, да «маладога энергічнага прэзідэнта» у 1994 ажно па 1996 ставіліся, як да непаразумення, як да блазна, зʼявы часовай і па-сутнасці бяскрыўднай. Два гады спатрэбілася, каб разглядзець у «калгасніку» – дыктатара. І 20 гадоў можа быць мала, каб зразумець, што адказ на пытанне «а хто тады, калі не ён» гучыць гэтак: «ды хто заўгодна!» ці «абы без Лукашэнкі».

«Сочынскі» тыдзень быў такі сонечны.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары