Алесь Кіркевіч Вейшнорыя – гэта Наваросія наадварот

журналіст, літаратар

Гульні ў Вейшнорыю, Літванію, Етвязь ды іншыя «нарніі» для шчырых беларусаў – гэта зусім не смешна. Пасля 2013-га – гэта небяспечна.

Паводле легенды расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017», наўпроставым праціўнікам кансалідаваных расейска-беларускіх сілаў мае быць міфічная Вейшнорыя, што расцягнулася стужкай, нібы Прыднястроўе, ля польска-літоўскай мяжы. Рэгіён шчырых каталікоў, аскепак гістарычнай Віленшчыны, які ў 1994-м галасаваў за Пазняка.

Паводле расейскіх стратэгаў – гэта і ёсць «беларуская Галіччына», анклаў «ліцвіна-бандэраўцаў», спроба геаграфічна лакалізаваць ворага, паводле метадалогіі, выкарыстанай ва Украіне.

І гэта зусім не дзіўна, расейцы ды іх беларускія калегі ў пагонах дагэтуль разважаюць падобнымі катэгорыямі з 1940-50-х гадоў.

Дзіўна іншае, а менавіта, з якім энтузіязмам ідэю падтрымалі нашыя «незалежнікі» ды «ура-патрыёты». Маўляў, а чаму б і не? Тут вам і пашпарты новапрыдуманай рэспублікі, і віртуальнае МЗС, і дзясяткі мемаў, і праекты шаўронаў, і магніцікі… Хай жыве Вейшнорыя!

Патлумачыць гэта даволі проста: людзі так стаміліся ад усяго, што ў нас робіцца апошнія 20 год, што гатовыя ўчапіцца хоць за які варыянт зменаў, хай сабе і за вейшнорскі.

Смех-смехам, а ў барах Горадні ўжо даводзілася чуць тосты за Вейшнорыю, як за мару быць самімі сабой, бліжэй да Захаду, далей ад Масковіі.

Насамрэч, падобны варыянт – гэта добраахвотна пусціць злодзея да сябе ў хату, дазволіўшы распілаваць мамку на дзве часткі: гэта вам, а гэта нам. Брутальнае параўнанне, згодны. Але калі за маці мы вызнаем Беларусь, непадзельную і незалежную, то што ж тут не супадае?.. «Даставай пілу, хай жыве Вейшнорыя

Нехта можа аспрэчыць, маўляў, баўбатня ў «Фэйсбуку» ні да чаго не вядзе, ні на што не ўплывае. Пагамоняць і суцішацца. Але падобныя ідэі, якія закідваюцца праз гумар і тролінг, гэта і ёсць тэст для кожнага. Ці пагодзішся? Ці ўпадабаеш? Якой Беларусі табе было б дастаткова?

Выглядае, што Вейшнорыя – чарговая спроба засунуць беларусаў у шуфляду альбо цесны вальер у сваёй жа краіне. Раней ужо агучваліся ідэі Літваніі, якая ставілася ў піку Беларусі, Етвезі для «тру-палешукоў», у рэшце, асобнай выспы, куды можна было б адсяліць усю беларускамоўную публіку, каб «нацыя і мова не загінулі»… Добрымі намерамі, як кажуць, выбрукаваная сцежка ў пекла.

Згодна трапнаму параўнанню аднаго старога сябра, Вейшнорыя – гэта Наваросія наадварот. У выпадку з Украінай расейцы вылучылі кавалак з максімальнай канцэнтрацыяй прарасейскага элементу, які галасаваў за Януковіча, ды там расклалі сваё вогнішча ў 2013-м.

У нас робяць па-іншаму: узялі частку тэрыторыі на самым Захадзе краіны, каб яго дэманізаваць, маючы на ўвазе, што рэшта Беларусі – тэрыторыя максімальна лаяльная да «усходніх братоў». Прыходзь, забірай!

Дык навошта граць у чужыя гульні? Няўжо нас мала дзялілі толькі ў ХХ ст.? Адно, каб толькі дзялілі, а тут, атрымліваецца, мы і самі не супраць у пятлю залезці, раздаўшы тое, што збіралі кроўю і потам папярэднікі. Значыць, і 1918-ы, і 1991-ы – усё дарэмна. Хай жыве Вейшнорыя!

Не ведаю, ці можна неяк дагрукацца да сумлення «тру-вейшнорцаў», якія ўжо пашыхтаваліся ў чарзе за пашпартамі «рэспублікі-мары» (недзе згубілася літара «ш», якая б надала словазлучэнню каларыту). Яшчэ нядаўна вы сціскалі кулакі, калі нехта казаў «бульбаш», а тут раптам сталі «вейшнорцамі». Што ж, лезьце ў сваю шуфляду, а нам патрэбная ўся Беларусь, без рэмарак і падзелаў па моўнай, культурнай ці палітычнай прыкмеце.

Жыве Беларусь!

іншыя запісы
Каментары