Аляксандр Гелагаеў Вайна супраць праўды: апублікаваны даклад пра метады расейскай прапаганды

гісторык, вайсковы аглядальнік

«Расейская мадэль прапаганды. Пажарны шланг са патокамі хлусні» – гэтак называецца даследаванне аўтарытэтнага аналітычнага цэнтру «RAND Corporation», апублікаванае на днях.

Эксперты адзначаюць заўважныя змены ў тым, як Крэмль імкнецца кантраляваць грамадскую думку ўнутры краіны і за яе межамі пасля вайны з Грузіяй у 2008 годзе. Прапаганда стала значна больш эфектыўнай, выкарыстоўвае новыя каналы распаўсюджвання інфармацыі і дэзынфармацыі і змяніла змест сваіх пасланняў аўдыторыі.

Уся сіла новых метадаў была цалкам прадэманстраваная ў 2014 годзе – падчас акупацыі і анексіі Крыму, распальвання канфлікту ў Украіне. Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, новая прафесійная і аматарская журналістыка – выкарыстанне новых тэхналогійяў, маштабныя інвестыцыі і абсалютная беспрынцыпнасць далі ўладам РФ значны ўплыў на падзеі апошніх некалькіх год.

«Мы называем гэтую мадэль “пажарным шлангам з патокамі хлусні”, таму што ў сучаснай Расеі яна мае дзве яскравыя рысы: вялікую колькасць каналаў і паведамленняў, а таксама бессаромнае жаданне распаўсюджваць паўпраўду ці абсалютную хлусню», – пішуць аўтары аналізу Крыстафер Пол і Мірыям Мэцьюз.

Індустрыя нянавісці

Сучасная прапаганда РФ – вялізарная і дарагая фабрыка ілжы, якая хутка рэагуе на змены ў грамадскай дыскусіі, дзейнічае няспынна і бясконца паўтарае патрэбныя тэзісы, адначасова не звяртаючы ўвагу на тое, каб быць паслядоўнай пры апісанні рэальнасці.

Акрамя тэкставых паведамленняў, фота, – відэа, – аўдыёпрадукцыі, якія распаўсюджваюцца праз радыё, традыцыйнае і спадарожнікавае тэлебачанне, інтэрнэт-старонкі, сацыяльныя медыі, выкарыстоўваецца вялікая група платных інтэрнэт-троляў. Апошнія спрачаюцца з крытыкамі Масквы онлайн ці, калі дзейнічаюць пад «чужым сцягам», сваймі паводзінамі дыскрэдытуюць іх і альтэрнатыўную расейскай інфармацыю ў каментарах пад артыкуламі, у чатах і на форумах.

Такім чынам у чытача ці гледача складваецца ўражанне, што падобную інфармацыю перадаюць незалежныя адна ад адной крыніцы. Падвысіць давер да прапаганды дапамагае выкарыстанне розных аргументаў рознымі крыніцамі, якія пры гэтым прыводзяць да адной думкі. Дадаткова людзі ў каментарах і на форумах «бачаць», што расейскага меркавання быццам бы прытрымліваюцца шмат іншых асобаў, якія быццам бы жывуць у розных краінах.

Фота: nbcnews.com

Шматлікасць крыніц перадачы дэзынфармацыі таксама дазваляе перадаваць яе канкрэтным палітычным і сацыяльным групам, ствараючы быццам б «незалежныя» сайты навін, якія дзейнічаюць ад імя людзей з адпаведнымі перакананнямі. Такім чынам людзі з большым даверам успрымаюць ідэі, якія быццам б ідуць ад «сваіх», «такіх жа, як я».

Колькасць і якасць

Cам абʼем паведамленняў таксама мае вялікую пераканаўчую сілу – у выпадку з масіраванай прапагандай, адзначаюць аналітыкі, колькасць пераходзіць у якасць проста ў сувязі з базавымі асаблівасцямі чалавечай псіхалогіі. Больш гучнае, і тое, што часцей паўтараецца падаецца больш праўдзівым, да таго ж адбірае ўвагу ад іншых крыніц.

Як толькі пра нейкую падзею становіцца вядома, яе бяруць у абарот такім чынам, каб найлепш выкарыстаць у прапагандысцкіх мэтах – пытанне пра праверку фактаў часта проста не стаіць, што дапамагае дзейнічаць хутчэй, чым канкурэнты. Часта проста паўтараецца нават ужо зняпраўджаная ды свядомая дэзынфармацыя – напрыклад, пра тое, што прэзідэнт Польшчы патрабуе ад Украіны тэрыторыі, ці пра тое, што баевікі «Ісламскай дзяржавы» уступаюць у ўкраінскую армію.

Хуткасць зʼяўлення новых загалоўкаў дае магчымасць стварыць у аўдыторыі вельмі важнае першае ўражанне, якое потым цяжка зняпраўдзіць нават у выпадку з відавочнай хлуснёй. Інфармацыйная перагрузка ў інтэрнэт-прасторы таксама замінае карыстальніку заняцца праверкай інфармацыі.

«Паўтарэнне вядзе да звычкі, звычка – да прыняцця», – гаворыцца ў аналізе RAND.

Што рабіць?

Аналітыкі прыходзяць да высновы, што змаганне з расейскай прапагандай – нетрывіяльная задача, якая не вырашаецца абмежаваннем ці закрыццём аднаго канала ці газеты. Моцна не дапамогуць і традыцыйныя метады контрпрапаганды.

«Канешне, трэба частку сіл аддаваць на абвяржэнне хлусні і дэманстрацыю непаслядоўнасці (расейскіх СМІ), аднак тая ж псіхалогія, якая паказвае як распаўсюджваецца хлусня, паказвае і недастатковую эфектыўнасць абвяржэнняў», – пішуць аўтары справаздачы.

З пунтку гледжання псіхалогіі было б правільна адразу для вялікай аўдыторыі пазначаць дэзынфармацыйныя матэрыялы як хлусню адразу пасля іх апублікавання, рэгулярна паўтараць артыкулы, якія зняпраўджваюць прапагандысцкую хлусню і даваць месца для альтэрнатыўных апісанняў.

Пародыя на расейскую прапаганду

Пры гэтым важней нават проста публікаваць навіны першымі за расейскіх прапагандыстаў, і не столькі абвяргаць канкрэтныя факты, але паказваць маніпулятыўныя метады, якімі сістэмна карыстаюцца расейскія СМІ.

Акрамя таго, варта шукаць рэальныя мэты расейскай прапаганды і, не змагаючыся з ёй наўпрост можна біць менавіта па гэтых канкрэтных мэтах.

Гэтак, напрыклад, расейская прапаганда ў Беларусі часта кажа, што наша краіна «жыве за кошт Расеі», пераконваючы ў эканамічнай нежыццяздольнасці незалежнай беларускай дзяржавы. Такім чынам можна не столькі спрачацца з ілжывым тэзісам, колькі паказваць эканамічныя поспехі беларускіх кампаніяў і перспектывы нацыянальнай эканомікі ў выпадку правядзення рэформаў. У выніку насельніцтва, якое расчараванае ў сучаснай эканамічнай мадэлі, не трэба пераконваць у тым, што ў нас усё добра, але можна скіраваць у бок дзейнасці, якая карысная для беларускай дзяржаўнасці і эканомікі.

Пры гэтым аўтары даклада зусім не заклікаюць адмовіцца ад тэхналагічных і прававых спосабаў супрацьстаяння прапагандзе: «Усе, ад агрэсіўнага прымусу да выканання абавязкаў перад інтэрнэт-правайдэрамі і сацыяльнымі сеткамі да радыёэлектронных спосабаў супрацьдзеяння і кібер-аперацый можа знізіць абʼём і ўплыў расейскай прапаганды».

іншыя запісы
Каментары