Зміцер Ягораў Ва ўсім вінаваты калгаснік

рэдактар belsat.eu

Леанід Заяц, міністр сельскай гаспадаркі. Фота belta.by

Гэта меўся быць шараговы наганяй для магілёўскіх аграчыноўнікаў. Каб «чароўны выспятак» даляцеў «па вертыкалі» на самы ніз – ад старшыні калгасу ажно да даяркі і механізатара.

Міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц прыехаў на Магілёўшчыну, каб узяць удзел у дзіўным паводле формулы мерапрыместве, якое называюць семінарам-нарадаю. Падобныя міністэрскія візіты ў рэгіёны можна акрэсліць як «грандыёзный шухер», граныдёзнейшы за які – толькі візіт Аляксандра Лукашэнкі.

Гэтая субота для аграчыноўнікаў Магілёўшчыны не была надта прыемнаю. Па-першае, міністр сельскай гаспадаркі заявіў, што праграма развіцця жывёлагадоўлі ў рэгіёне за мінулую пяцігодку не проста нявыкананая, але – праваленая. Па-другое, патлумачыў, чаму гэтак адбылося.

Паводле Зайца, прычыны правалу… «крыюцца ў кадрах»! Не ў «калгаснай» камандана-планавай сістэме, не ў тым, што ўся сельская гаспадарка даўно і беспрасветна сядзіць на іголцы датацыяў, якія ідуць на тое, каб купляць выключна «сваё». Ні пры чым тут сістэма, у якой без прыпісак не пратрымаецца ніводзін старшыня калгасу. Вінаваты ва ўсім – калгаснік!

«У рэгіёне трэба па-добраму раззлавацца ўсім кадрам, пачынаючы са старшыні райвыканкаму да шараговага працаўніка, і ўзяцца за працу!» – грымеў міністр сельскай гаспадаркі.

Што ж, займаць гэтую пасаду ў нашай краіне няпроста. І можа нават небяспечна, улічваючы, хто ў нас галоўны жывёлавод і хлебароб. І вось, Леанід Заяц тлумачыць, што прычына правалу такой дасканалай праграмы, якую склалі ў міністэрстве – людзі. Праграма была добрай, умовы ўсе стварылі – арганізацыйныя, фінансавыя, толькі і ведай што выконвай-перавыконвай. Але «народзец» ізноў падвёў.

«Народзец» на Магілёўшчыне пачаў імкліва «псавацца» недзе ў 96-97 гг., калі сённяшні галоўны хлебароб краіны канчаткова ўладкаваўся ў прэзідэнцкім крэсле і абвесціў пра вяртанне ў светлае савецкае мінулае. Хто яшчэ памятае пра калгас «Світанак», які меў свае каўбасныя і малочныя цэхі, базу для адпачынку і нават уласны банк? «Новая старая» сістэма давяла агракомплекс да поўнай дэградацыі, а кіраўніка – Васіля Старавойтава – дык увогуле кінулі ў турму.

Цяпер міністр быў зачараваны поспехамі СПК «Калгас «Радзіма», дзе пабываў адносна нядаўна. Гэтая гаспадарка працуе, як калісьці «Світанак», але не «дзякуючы«, а «насуперак». Ці разумее гэта спадар міністр? Ці ў Бялынічскім раёне ў калгасе «Радзіма» людзі з іншага цеста?

Што будзе далей? Я ўпэўнены, што загад Леаніда Зайца «па-добраму раззлавацца ўсім кадрам» будзе пачуты і выкананы. Часткова. «Вярхушка» будзе рабіць разносы сваім падначаленым. Сярэдняе звяно кіраўнікоў, маючы шызафрэнічныя загады ды планы з аднаго боку і хворую рэальнасць з іншага – ляпіць прыпіскі ды «ганяць» шараговых працаўнікоў. А тыя будуць чуць па БТ абяцанні пра заробкі ў $ 500, плявацца ды цягнуць з калгасу хто што можа.

Загад «раззлавацца» будзе выкананы. А можа, міністр мае рацыю, гаворачы, хто вінаваты ў такіх правалах? Можа, вінаваты сапраўды – калгаснік? Адзінае, міністр не назваў ягонае імя.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары