Зміцер Ягораў Ува што мы ізноў уступілі? І з кім?

рэдактар belsat.eu

Звычайнаму беларусу ўсё роўна, хто гэта праносіцца на чорных лімузінах па Менску. Абы хутчэй. Абы заторы раз’ехаліся. Пятніца, шмат справаў: раніцай на працу, увечары – хто на лецішча, хто ў паб. А тым часам за зачыненымі дзвярыма паціскаюць рукі, падпісваюць, ратыфікуюць…

СНД? Другім СССР-ам, дзякуй Богу, не стаў, нейкая фармальнасць. Прынялі вось зварот да сусветнай грамадскасці з нагоды 70-й гадавіны перамогі савецкага народу ў Вялікай айчыннай. Сусветная грамадскасць, пэўна, з нецярпеннем чакала гэтай заявы.

ЕўрАзЭС? Часам уступім і незаўважым, а потым само адвальваецца. Як ЕўрАзЭС, напрыклад. Нармальны чалавек не ведае, што гэта – мо чуў нешта пра крэдыты ад ЕўрАзЭС, але і тыя не для людзей, а для Лукашэнкі ды іншых у чорных лімузінах. Зрэшты, ЕўраАзЭС больш не існуе, беларус можа на яго забыцца, так і не даведаўшыся, куды гэта мы ўсе ўступілі ажно на 14 гадоў (sic!).

А цяпер мы – у ЕАЭС, дамову пра гэты саюз падпісалі ў траўні, дзеяць пачне ад наступнага году. Каму ён патрэбны? Можна спраўдзіць. Адкрываем Вікіпедыю. Ёсць вялікі падрабязны матэрыял на расейскай мове. У беларускай Вікі – ні слова. У казахскай – тры абзацы. Армянская – ізноў цішыня. У ЕАЭС хочуць уступіць яшчэ і Кыргызстан з Таджыкістанам. Ці варта казаць, што іхныя Вікі таксама маўчаць пра гэткі «магутны эканамічны цэнтр» (так ЕАЭС акрэсліў Лукашэнка)?

Пошук звестак у Вікіпедыі не назваць паліталагічна слушным падыходам. Але ўсе мы жывем у ХХІ стагоддзі, у эпоху інфармацыі ды інтэрнэту (добра, з татальнай цэнзураю ў Таджыкістане асобная гісторыя). Узровень зацікаўленасці грамадскасці, у тым ліку тых, што актыўнічае ў інтэрнэце, сведчыць пра тое, каму патрэбны гэты чарговы саюз з крэдытамі ды льготамі. Людзям у чорных лімузінах, што ў пятніцу нарабілі затораў у Менску.

Можа варта прыглядзецца да тых, хто хаваецца за кулеадпорным затанаваным у нуль шклом? 

Уладзімір Пуцін (Расея). Развязаў тры вайны – Чачэнія, Грузія, Украіна. Палітычныя рэпрэсіі і забойствы. 

Аляксандр Лукашэнка (Беларусь). Палітычныя рэпрэсіі ды забойствы, фальсіфікацыі выбараў, цэнзура. 

Ільхам Аліеў (Азербайджан). Палітычныя рэпрэсіі, татальная карупцыя, цэнзура.

Серж Саргсьян (Арменія). Падкантрольная судовая сістэма, цэнзура, дыскрымінацыя жанчын. 

Эмамалі Рахмон (Таджыкістан). Карупцыя, цэнзура, дыскрымінацыя жанчын, адвольныя арышты і катаванні ў турмах. 

Гурбангулы Бердымухамедаў (Туркменістан). Татальная цэнзура, сотні палітвязняў, культ асобы.

Нурсултан Назарбаеў (Казахстан). Эскадроны смерці, цэнзура, несправядлівыя выбары, карупцыя.

Іслам Карымаў (Узбекістан). Пераслед апазіцыі і журналістаў, катаванні, сотні палітвязняў.

Алмазбек Атамбаеў (Кыргызстан). Запалохванне актывістаў, рэпрэсіі і пераслед узбекскай меншасці, эксплуатацыя дзяцей, палітычныя прысуды.

Нікалай Цімафці (Малдова). Карупцыя сярод чыноўнікаў, суддзяў і ў праваахоўных органах, катаванні як метад «расследавання» злачынстваў.

іншыя запісы
Каментары