Аляксандр Гелагаеў Унутраныя войскі Беларусі – хто ставіць плямы на мундыр?

гісторык, вайсковы аглядальнік

18 сакавіка святкуюць свой дзень народзінаў Унутраныя войскі Рэспублікі Беларусь – магутная структура, якая аднак мае ня лепшы імідж у вачах беларускіх грамадзянаў.

У адрозненні ад беларускай міліцыі, якая адлічвае свае пачаткі ад менскай народнай міліцыі расейскага Часовага ўраду, унутраныя войскі па афіцыйнай версіі вядуць радавод ад віцебскай асобнай каманды канвойнай стражы, якая зʼявілася ўжо пад кантролем бальшавікоў – у 1918 годзе.

У той час канвойная стража пераважна займалася аховай камунікацый, транспартаваннем зняволеных і ваеннапалонных, важных грузаў. У 1922 годзе яны сталі часткай войск Галоўнага палітычнага ўпраўлення (ГПУ), далей войскамі Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКВД), і нарэшце ўнутранымі войскамі МУС СССР. З абвяшчэннем незалежнасці Беларусі 43 дывізія ўнутраных войскаў СССР пасля шэрага перафарміраванняў сталася унутранымі войскамі Рэспублікі Беларусь.

Вайскоўцы УВ МУС РБ на парадзе. Фота: vsr.mil.by

Афіцыйная мэта ўнутраных войск Беларусі – «абарона жыцця, здароўя, праў, свабодаў і законных інтарэсаў грамадзянаў, грамадства і дзяржавы, канстытуцыйнага ладу, бяспекі і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў».

Больш канкрэтныя задачы ўключаюць дапамогу міліцыі ў ахове грамадскага парадку, забеспячэння рэжымаў надзвычайнага і ваеннага палажэння, ахову месцаў зняволення, транспартаванне зняволеных, удзел у пошуку збеглых зняволеных, ахову асабліва важных дзяржаўных абʼектаў і грузаў, размініраванне, удзел у тэрытарыяльнай абароне.

Аднак для вялікай часткі беларускага грамадства ўнутраныя войскі асацыююцца не з абаронаю суверэнітэту Беларусі, а тым больш праў і свабодаў грамадзянаў, але з палітычным пераследам апанентаў існуючай улады.

Аляксандр Лукашэнка наведвае вядомую адзінку 3214 унутраных войскаў. Фота: president.gov.by

У выніку за многія гады ў беларускай масавай свядомасці УВ не толькі не пазбыліся сувязі з рэпрэсіўнай сістэмай бальшавіцкіх маскоўскіх акупантаў, аднак і набылі новыя адмоўныя рысы. Пры гэтым сапраўдныя хібы выкарыстання і выхавання УВ зліліся з некаторымі міфамі.

Гэтак існуе міф, што ўнутраныя войскі, як і Міністэрства ўнутраных спраў у цэлым у Беларусі празмерна вялікая структура. І гэта ў пэўнай ступені так. Аднак шматтысячная армія людзей у форме МУС на вуліцах нашых гарадоў парадаксальна не азначае дзясяткаў тысячаў людзей, якія выконваюць сапраўды сілавыя функцыі.

Ніякіх 100-150 тысяч міліцыянераў, пра якіх часам згадваюць публіцысты, у Беларусі няма, адзначае найбольш аўтарытэтны ў Беларусі адкрыты рэсурс па праблемам нацыянальнай бяспекі Belarus Security Blog.

Па меркаванні экспертаў, ведамства налічвае каля 70 000 супрацоўнікаў, пры гэтым непасрэдна аховай парадку і барацьбой са злачынствамі (у тым ліку тым, што лічаць злачынствам улады) займаюцца максімум 35 000-40 000 чалавек, «бо форму МУС носяць тысячы клеркаў і чыноўнікаў, якія злачынца бачылі ў лепшым выпадку па тэлевізары».

Колькасць уласна Унутраных войск ацэньваецца да 14 000 чалавек. Гэта ў сярэднім адпавядае еўрапейскай колькасці ваенізаваных структур МУС – 1-1,5 жаўнера на 1000 чалавек.

Француская Рэспубліканская гвардыя – параднае падраздзяленне Нацыянальнай жандармерыі. Фота: wikimedia.org

Іншы стэрэатып, які склаўся ў нашай краіне – унутраныя войскі ёсць прыкметай адсутнасці дэмакратыі. Аднак, у Францыі, Нідэрландах, Італіі і практычна любой іншай дэмакратычнай краіне існуюць падраздзяленні вайсковага тыпу ў падпарадкаванні Міністэрства ўнутраных спраў ці іншыя адзінкі, якія выконваюць тыя ж функцыі, што ўнутраныя войскі Беларусі.

Гэтак званая Цывільная гвардыя ў Іспаніі – самы стары праваахоўны орган краіны, створаны ў 1844 годзе. Яна налічвае больш за 90 000 чалавек.

Іспанская Цывільная гвардыя на парадзе. Фота: moddb.com

Яе мабільныя патрулі адказваюць за спакой у сельскіх раёнах краіны (за гарады з насельніцтвам больш за 20 000 чалавек адказвае муніцыпальная паліцыя), спалучаючы гэтую службу з аховай турмаў, абаронай караля і каралевы, барацьбой з наркотыкамі, абаронай памежных тэрыторыяў, размініраваннем, контртэрарызмам і захопам асабліва небяспечных злачынцаў.

Італьянскія карабінеры – гэта таксама праваахоўная ваенізаваная структура, якая лічыцца асобным родам войск побач з сухапутнымі, ВМС, ВМФ.

Іспанская Цывільная гвардыя ў дзеянні. Фота: larazon.es

У складзе карабінераў існуе Дывізія мабільных падраздзяленняў карабінераў, якая складаецца з двух брыгад і мае нават полк парашутыстаў-карабінераў «Таскана» у сваім складзе!

Па сутнасці наяўнасць тых ці іншых функцый у той ці іншай структуры МУС любой краіны – у асноўным даніна традыцыі, чым дэмакратычнасці ці антыдэмакратычнасці дзяржаўнага ладу. Так ці інакш гэтыя функцыі дзяржава мае камусьці даручаць і дае адпаведным людзям, набраным у патрэбнай колькасці, тое, што для выканання гэтых функцый трэба – і камп’ютары з відэакамерамі, і кулямёты з бранятэхнікай.

Італьянскія карабінеры-парашутысты. Фота: wikimedia.org

Падраздзяленні аналагічныя ўнутраным войскам патрэбныя ў любой сучаснай краіне, і штодзённая небяспечная праца жаўнераў і афіцэраў Унутраных сіл Рэспублікі Беларусь заслугоўвае павагі і пашаны.

Аднак менавіта гістарычныя традыцыі па сутнасці акупанцкіх структур ГПУ і НКУС, ад якіх і сімвалічна, і на практыцы хтосьці не жадае адмовіцца, ставяць усё новыя плямы на мундыры беларускіх праваахоўнікаў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары