Аляксандр Фядута Унітаз як мэсідж сусветнай супольнасці

паліткансультант

Так, да трактарнага балету мы ўсе ўжо неяк прызвычаіліся. Замежнікі нават знаходзяць у ім нейкі адмысловы кайф – мяркуючы па тым, што танцы зорак МТЗ дэманструюць па японскіх тэлеканалах: у іх танчаць робаты, у нас – трактары.

Але апошні парад, што прайшоў 3 ліпеня сёлета, – гэта было жорстка! «Керамін» у якасці аднаго з дасягненняў сваёй вытворчасці выставіў унітазы.

Якое дачыненне менавіта гэтая прадукцыя мае да Дня Незалежнасці, я зразумець не магу, акрамя як дэманстратыўны і цалкам недвухсэнсоўны намёк: справа – поўная дупа!

Каб сказаць пра гэта больш красамоўна, можна было, хіба што, праілюстраваць сам працэс карыстання ўнітазам у натуральную велічыню і даць асобам, што сядзяць на іх, у рукі адну з вядучых дзяржаўных газет. Маўляў, ніводнай хвіліны для працаўнікоў палёў не праходзіць дарма – нават у самым інтымным з месцаў, адпраўляючы вялікую патрэбу, беларусы робяць яшчэ большую справу, вывучаючы падставы дзяржаўнай ідэалогіі.

Не, я зусім не супраць гэтага віду тавару, што ўваходзіць у «лінейку» прадукцыі заводу «Керамін». Я проста думаю пра тое, што і тут нам ганарыцца асабліва няма чым – калі не лічыць памераў месца, для якога служаць унітазы. Таму што і гэты наш «гонар» не даходзіць да рэальнага спажыўца. Напрыклад, любы наведнік Нацыянальнай бібліятэкі цвёрда ведае: там – у «алмазе ведаў», які намалявалі нават на грашовых купюрах – карыстаюцца прыбіральнямі сістэмы «ачко». Гэта значыць, такімі як салдацкія прыбіральні ў казармах (калі не – хай паправіць мяне Франак Вячорка), «амерыканка» – СІЗА № 1 КДБ РБ – і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Дзірка ў падлозе, злёгку апраўленая керамічным прастакутнікам. Пры гэтым у бібліятэцы яна яшчэ і вельмі нязручная: чалавек сталага ўзросту, напрыклад, з цяжкасцю зможа ўзабрацца на прапанаваны яму пастамент, каб вырашыць наспеўшае пытанне. Там нават «Советскую Белоруссию» не пачытаеш. Зрэшты, друкаваную прадукцыю з чытальных залаў выносіць забараняюць, а сваю не прынясеш.

Каб завяршыць туалетную тэму (ну, не цытаваць жа вершы вядомага акадэміка-сенатара, які апеў некалі «туалетище»!), узгадаю сюжэт з першых гадоў кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі. Тады падчас першага візіту толькі што абранага кіраўніка беларускай дзяржавы ў першапрастольную сталіцу Расейскай Федэрацыі ў журналісцкі пул уваходзіў вельмі папулярны майстар пяра, які ў справаздачы згадаў якасць крамлёўскіх прыбіральняў. Прэзідэнта, памятаю, гэта абурыла настолькі, што ён проста сказаў:

– У склад дэлегацыяў больш не ўключаць, хай і далей піша пра прыбіральні!

Зрэшты, акула газетных мораў магла пісаць не толькі пра прыбіральні, так што і дагэтуль яна спакойна плавае ў глыбінях Дому Прэсы, ды яшчэ і займаецца адначасна рэдактарскай дзейнасцю.

Але факт застаецца фактам: публічная дэманстрацыя задняга месца і звязаных з ім атрыбутаў Аляксандру Рыгоравічу вельмі непрыемная. Тады – што гэта выклікала? Хто аддаў загад вывесці перад ясныя вочы кіраўніка дзяржавы, а адначасна і ўсёй сусветнай супольнасці ўнітаз?!

Вы будзеце смяяцца, але ў мяне ёсць версія. Акурат сусветнай супольнасці мэсідж і адрасавалі. Ёй прапанавалі выбіраць паміж беларускім узбраеннем і беларускімі ўнітазамі. Нешта мне падказвае, што гэтым разам Уладзімір Макей не памыліўся: у такіх варунках выбар будзе зроблены на карысць унітаза.

іншыя запісы
Каментары