Алесь Кіркевіч Украінскія ДРГ у Беларусь? А не пайшлі б вы лесам!

журналіст, літаратар

Пасля заявы былога дэпутата Вярхоўнай Рады Ігара Мірашнічэнкі аб неабходнасці адпраўкі ўкраінскіх дыверсійна-разведвальных групаў у нашую краіну, разумееш, што ёсць такія «сябры», з якімі і ворагаў ніякіх не трэба.

Што адбылося? Былы дэпутат Вярхоўнай Рады ад аб’яднання «Свабода», вядомы ўкраінскі палітык Мірашнічэнка заявіў, маўляў, паколькі Беларусь мае агульную мяжу і агульныя вайсковыя інтарэсы з Расеяй, варта ўводзіць з нашай дзяржавай візавы рэжым ды… засылаць ДРГ (дыверсійна-разведвальныя групы). Так палітык збіраецца «вырваць Беларусь са сферы ўплыву Расеі».

Па сутнасці, лепшага падарунка Крамлю цяжка прыдумаць: вось вам і нагода распачынаць у Беларусі спектакль з «украінскімі дыверсантамі», байцамі «незаконных узброеных фармаванняў» і г.д. Раней ніхто б не паверыў, а тут – самі ўкраінцы, дэпутаты Вярхоўнай Рады (хай і былыя) пра гэта кажуць.

І тут няма розніцы, ці Мірашнічэнка сур’ёзны палітык, ці тамтэйшы аналаг Жырыноўскага. Мы жывем у постінфармацыйным грамадстве: была б «гаворачая галава» у пінжаку, а прышыць ёй можна ўсё, што заўгодна. І калі аднаму ўсім вядомаму аматару хакею ды лядовых палацаў пакладуць на стол трывожны даклад, там, вядома, не будзе напісана, што з падобнай заявай выступіў нейкі дзівак, напішуць – вядомы палітык, дэпутат.

Падобная бязглуздая заява насамрэч дае карт-бланш адразу некалькім гульцам: і нашым сілавікам для ўзмацнення сваіх пазіцыяў, і расейцам. Наўпрост пастаўце сябе на месца беларускага афіцэра контрвыведкі, які зранку чытае ў інтэрнэце нешта падобнае. А тут ягоны сябар, таксама афіцэр, у курылцы прыабдымае ды ўсміхаецца: «Ды не парся, ёсць калегі з Расеі з класным досведам барацьбы з дыверсантамі, у Чачэніі ўсё адпрацавалі, яны дапамогуць, мы запросім».

І панеслася. Спачатку кансультатыўная дапамога, пасля трэніроўкі, пасля, не дай Божа, выбух на якой-небудзь насоснай станцыі на газаправодзе… «А давайце мы вам блокпост паставім для аховы трубы! Ну і патрулі па ўсім перыметры». Старэйшы брат ён жа такі, клапоціцца пра малодшага, у бядзе не пакіне. А там і да рэальнай вайсковай базы недалёка. Усё законна – усё ў межах АДКБ.

Так Мірашнічэнка, жадаючы таго ці не, замест таго каб «выцягваць Беларусь са сферы ўплыву РФ», туды нас і падштурхоўвае.

Адным Мірашнічэнка дае карт-бланш, іншым – стварае праблемы. Каму? Найперш самім украінцам. Калі гісторыя будзе мець працяг, ніводзін украінец у Беларусі больш не будзе пачуваць сябе ў бяспецы. І гэта будзе ўжо не адзінкавы выпадак, як гісторыя выкрадзенага Паўла Грыба, а цалкам можа пераўтварыцца ў масавае паляванне на ведзьмакоў. І хаця б за гэта Мірашнічэнку ФСБ ужо зараз мае даць медаль, а СБУ – доўга варыць у чане на павольным агні.

Зрэшты, варта было б прызадумацца і нам. Мы ўсе салідарныя з Украінай пасля падзеяў на Майдане ды пачатку вайны на Данбасе, але ці варта слепа верыць нават тым украінцам, якія не разглядаюць нашую дзяржаву як суб’ект і не паважаюць нашых законаў ды межаў? Дзякаваць Богу, Мірашнічэнка – гэта яшчэ не ўся Украіна і нават не ўсё аб’яднанне «Свабода» (хочацца верыць), акурат таму самі ўкраінцы і маюць першымі адрэагаваць на гэтыя хворыя трызненні.

Пане Ігар, хочаце куды-небудзь закінуць ДРГ? Дык закідвайце на Данбас! А заявы свае пакіньце пры сабе, калі не хочаце паспрыяць фармаванню вобразу Украіны-ворага ў нашай краіне ды распужаць усіх, хто тут пакуль яшчэ любіць і падтрымлівае Вашую краіну. У нас ёсць свая краіна, бяспека і дабрабыт якой заўжды будуць для нас на першым месцы.

іншыя запісы
Каментары