Алесь Кіркевіч У палоне мінулага

журналіст, літаратар

Алесь Кіркевіч разважае пра мінулае без будучыні, нацыянал-футурызм і нашае адрозненне ад краінаў-суседак

Цікава заўважаць, што большасць дыскусіяў у нашым патрыятычна-незалежнiцкім сегменце грамадства адбываецца вакол гістарычных тэмаў: ліцвіны, шляхта, Вітушка, роля Пазняка ў 90-х і г. д. З аднаго боку, усё правільна – абмяркоўваюць тое, што чапляе. І калі зараз не бачна на даляглядзе ані крылатых вершнікаў, ані гераічных партызанаў з бел-чырвона-белымі шаўронамі, ані харызматычных нацыянальных лідараў, то і размаўляць няма пра што.

З іншага боку, міфалагізацыя мінуўшчыны і ўтульнае жыццё пад шкарлупой міфу – верная сцяжынка ў нябыт. Пра мінулае найбольш голасна гавораць тады, калі няма ані сучаснасці, ані будучыні. Уся пуцінская Расея з адсталай рэсурснай эканомікай і адсутнасцю пазітыўнага плану на заўтрашні дзень (калі такім не лічыць чарговую сусветную вайну), збудаваная на міфах: пра справядлівых праваслаўных цароў, адважных чэкістаў, «дзедываявалі» і інш.

З гэтага вінегрэту вельмі лагічна выцякаюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да краін-суседак, жаданне аднаўляць нікому не патрэбную імперыю, вызваляць Украіну ад украінцаў, а Прыбалтыку ад прыбалтаў… З гэтага пачынаецца вайна.

Але ці моцна мы адрозніваемся ад іх?

Напрыклад, калі крычым, што Вільня і Смаленск нашыя (хоць ніхто не ведае, што рабіць з гэтымі тэрыторыямі, нават калі б нам іх падарылі). Калі кананізуем шляхту, якая, калі разабрацца, і разваліла ВКЛ (сяляне сваю частку сацыяльнай дамовы выканалі, абрабляючы зямлю, а вось шляхта, якая мела іх бараніць – не…). Калі кажам, што пры Зяноне было кайфова, а зноў кайфова стане тады, калі ён вернецца (не аналізуючы памылак 90-х).

Ці не здаемся мы ў палон мінуламу, збягаючы ад рэчаіснасці?

У прынцыпе, прызнацца ў такім, хаця б перад самім сабою, зусім не сорамна. Гэта ж распаўсюджаная праблема, асабліва сярод старых людзей: памятаць тое, што было 50 гадоў таму, але забывацца на тое, што было ўчора. Так і атрымліваецца: мы ведаем попісы шляхты XVII ст. або «кухонныя размовы» урадоўцаў БНР, але не можам разабрацца, што адбылося на Плошчы ў 2010-м, чаму штораз усё скончваецца аднолькава. Тым больш мы «плаваем» у дні сённяшнім, калі «вялікія мужы» не могуць дамовіцца нават пра адзін «Марш (не)дармаедаў», канчаткова блытаючы людзей.

Маючы вялізны сентымент да гісторыі, нават такі «прапашчы» чалавек як я, разумее: у ХХІ ст. мы не пераможам з дапамогай сумных песняў пра слаўных рыцараў у бліскучых латах. Нам патрэбен сённяшні дзень і ясны зразумелы план на заўтра. Карацей, калі б існавала партыя з курсам на нацыянал-футурызм, я б туды запісаўся.

Праблема ў тым, што мінулае ніколі не паўторыцца, у адну ваду нельга ўвайсці двойчы. Ані ліцвінаў на конях, ані Вітушкі з аўтаматам, ані маладога Зянона больш не будзе. Ніколі. А што будзе? Не ведаю. Магчыма, бураты на танках, Аляксандр Рыгоравіч у ролі Сальвадора Альендэ, якому набоі будзе падаваць ужо зусім не малады Зя… Ну, вы зразумелі хто.
Мінулае варта памятаць і ведаць, асабліва ў выпадку нашай, недавучанай у гэтым сэнсе, нацыі. Ведаць і перамогі, і паразы, аналізаваць, што адбылося і чаму мы зараз менавіта ў той сітуацыі, у якой знаходзімся. Бо перакручаная ў міфы гісторыя засцілае вочы ды пераўтварае патэнцыял у ярмо на шыі. Так было з «арыйскім міфам», так зараз адбываецца з «міфам Русского мира», так магло б адбыцца з «ліцвінскім міфам», калі б ён існаваў паза межамі інтэрнэту.

Я толькі нядаўна сфармуляваў для сябе формулу «ліцвінства» у лаканічнай форме. У ліцвінаў усё ўжо было, а ў беларусаў – усё яшчэ будзе. Няма легенды акрамя той, якая ствараецца зараз. Прыгажосць у тым, што ў такой філасофіі ёсць і доля азарту, і доля адказнасці. Пераможа той, хто зможа сфармуляваць нацыянальную канцэпцыю заўтрашняга дня, а не ўчорашняга.

Хай жыве нацыянал-футурызм!

Алесь Кіркевіч

іншыя запісы
Каментары