Аляксандр Фядута Цалкам датыкальныя і дойныя каровы

паліткансультант

Гэтага хлопца, вызваленню якога так буйна цешылася ўся інтэрнэт-супольнасць – яго, здаецца, прозвішча было Пракапеня? І сам ён быў з IT-сферы?

Хлопцы, вы можаце пераканацца ў галоўным: машына працуе! Прычым незалежна ад таго, чый менавіта рукаў зацягнула ў зубцы. Раней зацягвала то палітыкаў, то буйных чыноўнікаў, то нафтавікоў, то журналістаў, то буйных бізнесменаў з ліку «гаманцоў». Цяпер вось дайшло да трэціх-чацвёртых асобаў адміністрацыі дзяржаўных заводаў і да ўладальнікаў камп’ютарных фірмаў.

Уражвае рэакцыя разумнага чалавека з той жа сферы, што і пасаджанае ў кутузку кіраўніцтва «БелАВМ» і астатнія з імі. Разумны чалавек разважае пра тое, што ў цяперашніх умовах пасадзіць у Беларусі можна ці ледзь не кожнага кіраўніка любога ўзроўню, паколькі ўсе яны карумпаваныя. А заадно з імі і ўвесь прыватны бізнес, бо і ён адпаведна павязаны. Так і ўяўляеш сабе: прыходзяць да гэтага самога філосафа – проста таму, што і да яго чарга дайшла – і ён пачынае ў суцяшэнне самому сабе вымаўляць падобныя фэйсбучныя ісціны, і адначасна ўгаворваць тых, хто прыйшоў па яго, каб яму дазволілі дайграць фугу рэ-мінор.

Вы што – сурʼёзна думаеце, што справа толькі ў карупцыі?

Можа быць, у нас і супрацоўнікаў Нацыянальнага банку арыштоўвалі ў сувязі з карупцыяй? І што – яны літаральна ўчора карупцыяй гэтай самай сталі займацца? Ах, прабачце – не ўчора. Ну-ну. Суцешылі. Проста да іх, стала быць, чарга дайшла.

Арышты ў Нацбанку – галоўная падзея перадсвяточных тыдняў. Да гэтага часу, пасля сыходу Сяргея Румаса з урада, менавіта Нацбанк лічыўся апорай рынкавых рэформаў, пашай, дзе пасуцца недатыкальныя каровы.

Спадара Калаўра ў гэтых адносінах можна было прыпадобніць пэўнаму чалавеку з – не палічыце прапагандай фашызму – Трэцяга райху, які сцвярджаў, што ён сам вырашае, хто ў яго ў ведамстве падкачаў з «пятай графой» (нацыянальнасцю), а хто – не. Вось Павел Уладзіміравіч лічыўся да нядаўняга часу такім жа чалавекам, які вырашаў амаль самастойна, хто ў яго ў ведамстве карупцыянер, а хто – сапраўды незаменны работнік. А цяпер атрымліваецца, што ўсе калаўраўскія «каровы» вельмі нават датыкальныя.

Тое ж – з айцішнікамі. Яны там пасвіліся сабе, цалкам мірна, пад наглядам Валерыя Цапкала. Але тут пачаўся крызіс. Стала зразумела, што «траўкі» на ўсіх не хапае (я пра траўку ў добрым сэнсе, а не ў тым, пра які вы падумалі). Прыйшоў час рэзаць. Пушкін пісаў – маўляў, «паситесь, мирные народы, вас нужно резать или стричь». Да гэтага часу стрыглі. Цяпер будуць рэзаць.

Тое самае – з нейкім «Гомсельмашам». Вышэйшае кіраўніцтва там ужо ратыравалі, дайшла справа да «цялятак» вагой паменш. Але тут можна ўзяць агульным лікам арыштаванага пагалоўя.

Вы ўпарта не жадаеце зразумець аднаго: дзяржава, у якой замест закона рашэнні прымаюцца на падставе імгненнай палітычнай і эканамічнай мэтазгоднасці, не дае нікому і ніякіх гарантый. Ні Цапкалу, ні Калаўру.

Адпаведна і гэтыя «пастухі» нікому і ніякіх гарантый выдаць не могуць. І як беларуская нацыянальная культура і мова зʼяўляюцца адзіна магчымым барʼерам на шляху паглынання нашай невялікай, але вельмі ганарлівай дзяржавы вялікім і не занадта акуратным у сваіх рухах цела суседам з усходу, так дэмакратыя – адзіная перашкода на шляху мясніка з нажом, які спакойна і бесперашкодна падыходзіць да таго, каго ён проста лічыць сваім статкам.

Статак і ёсць. Нават калі іграе фугу рэ-мінор, шчабеча на пяці мовах ці асабіста ўзначальвае ўчастковую камісію па падліку галасоў на рэферэндумах і выбарах. Хлопцы, вам гэта не дапаможа. Проста таму, што з вас ёсць, што ўзяць. Прыйдзе час – возьмуць. Няма ў нас у краіне недатыкальных. Усе там будзеце.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары