Зміцер Ягораў Як адрозніць троля ад пустаслова?

рэдактар belsat.eu

Аляксандр Лукашэнка збірае расейскіх рэгіянальных журналістаў, каб паказытаць нервы расейскай уладзе. Гэтым разам тролінг быў надзвычай трапным.

Штогод Аляксандр Лукашэнка па-царску поіць-корміць і забаўляе журналістаў з расейскіх раёнак. Рэгулярнасць такіх акцый неўзабаве можа давесці да таго, што Лукашэнку ў расейскай глыбінцы палюбяць больш за Пуціна. Журналісты прывозяць у рэгіёны «расейскую мару»: моцны справядлівы кіраўнік, парадак і дабрабыт. Калі на паказуху глядзець праз ружовыя акуляры ды з моцным жаданнем паверыць, то яна будзе зіхацець і пералівацца ярчэй за Паўночнае ззянне.

Наколькі жарт Лукашэнкі пра беларускія Пскоў, Смаленск і Бранск быў жартам? Роўна настолькі, наколькі жарту ў гэтым выказванні пабачылі расейцы. Аляксандр Лукашэнка паводзіць сябе як дасведчаны інтэрнэт-троль.

Інфармацыйнае агенцтва «Regnum» 10 радкоў прысвяціла самому выказванню і 21 – даведцы, паводле якой Беларусі ўвогуле не існавала да 1991 года. Калі і далей карыстацца інтэрнэт-жаргонам, то інакш як «попаболем» такой рэакцыі не назваць.

На адным з бранскіх сайтаў нават спынілі галасаванне аб уступленні ў склад Беларусі. Бо, далей карыстаючыся жаргонам, набегла зашмат ватнікаў і гэйтэраў. Або патэлефанавалі «адкуль трэба» – надта ўжо шмат было «за». У чэкістаў, як вядома, з гумарам зусім бяда.

Пабочны эфект гэтых выказванняў – у беларускім інтэрнэце, дзе пачалі з задавальненнем абсмоктваць беларускасць Смаленшчыны.Але немагчыма асуджаць акупацыю Крыму і адначасова крычаць «Смаленск – наш!»: нестыкоўка атрымліваецца. Ці патрэбныя і так зрусіфікаванай Беларусі тэрыторыі, населеныя расейцамі, – гэта яшчэ адно пытанне.

Хіба гэта не класічны для сеціва тролінг? У беларускай мове ёсць больш трапнае акрэсленне для гэтага выпадку: пустазвонства. Пустазвон, тое ж, што і пустаслоў ці пустабрэх, – той, хто займаецца пустымі размовамі без справы. Словы, ад якіх можна лічыць распачатаю перадвыбарную кампанію Аляксандра Лукашэнкі.

Самае галоўнае ў ёй – каб беларусы паменш думалі пра рэальную сітуацыю ў краіне, пра свабоду, дэмакратыю і палітвязняў. Пра альтэрнатыву ўрэшце. Хай лепш думаюць пра беларускі Смаленск. Такія «закіды» Аляксандр Лукашэнка здольны і будзе генераваць без перапынку – ажно да лістапада 2015-га, калі адбудуцца выбары.

іншыя запісы
Каментары