Максім Чыгунка Трое расстраляных кітайцаў. Чаго Лукашэнка не сказаў кітайскаму прэзідэнту

публіцыст

У ліпені 1938 году ў Віцебску расстралялі трох кітайцаў. Яны ўсе працавалі ў мясцовай кітайскай пральні. Усіх прагаварылі да расстрэлу за шпіёнства на карысць Японіі. Пра гэтую кітайскую пральню даведаўся Сі Цзіньпін.

Дзеля 7 мільярдаў долараў, Лукашэнка рабіў усё, каб дагадзіць высокаму госцю. Каб паказаць еднасць лёсаў беларускага і кітайскага народаў, завёў яго на адмысловую выставу ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаную кітайскім партызанам, што змагаліся ў Беларусі.

Апынулася, што ў Віцебску на перакрыжаванні вуліц Леніна і Савецкай дагэтуль стаіць будынак, у якім у 1942 годзе знаходзілася пральня, адчыненая кітайскімі эмігрантамі з Маньчжурыі. І працаўнікі пральні ўпісаныя ў афіцыйнаю ды гераічную гісторыю БССР, як узброенае падполле, чальцы якога перадавалі важную выведчую інфармацыю для партызанаў. Некалькі з працаўнікоў немцы нават расстралялі.

Высокі госць з Кітаю, аднак, напэўна не ведаў іншай гісторыі, звязанай з легендарнай пральню. Гэтак у 1938 годзе мясцовае НКВД, што мусіла выканаць план па выяўленню замежных агентаў, зацікавілася пральняю. Вядома прынамсі пра трох працаўнікоў, якія, паводле органаў, апынуліся не больш і не менш – японскімі шпіёнамі!

Чаму японскімі? У 1938 годзе абвастрыўся савецка-японскі канфлікт на мяжы з Маньчжурыяй. Віцебскім кітайцам не пашанцавала, бо менавіта адтуль яны паходзілі. І не мела значэння, што прыехалі ў Віцебск яшчэ да І Сусветнай вайны. НКВД расстраляў тады таксама і нешматлікіх фінаў, што жылі ў Віцебску – бо СССР планаваў напад на Фінляндыю.

Мікалай Чжан-Чжай-Яо, Уладзімір Юін-Цян-Сі, Іван Чэн Дзян Лі – у архівах расейскага Мемарыялу і ў падрыхтаванай Радыё Свабода «Картатэцы Сталіна» можна знайсці экзатычныя прозвішчы няшчасных, што ў 1938 годзе даведаліся пра сваю дзейнасць на карысць японскага ворага, якога, зрэшты, у жыцці не бачылі.

Такім чынам не толькі Вялікая Айчынная вайна аб’яднала кітайскі і беларускі народы, але і жорсткія сталінскія рэпрэсіі. Аднак гэтай сумнай праўды госць з Кітаю не даведаўся. Зрэшты, наўрад ці яна б яго ўзрушыла. Бо Мао, таксама як і Сталін, адправіў на смерць мільёны сваіх грамадзянаў, а дагэтуль з’яўляецца ідалам кітайскіх камуністаў. Афіцыйная гісторыя гэтай краіны, як і гісторыя Расеі, пішацца так, быццам і не было гэтых ахвяраў. Або яны былі неабходныя для перамогі.

Што можам зрабіць мы – адзінае ўзгадаць на хвіліну траіх кітайскіх пральнікаў, што ўлетку 1938 году знайшлі смерць на беларускай зямлі. І вырваць іх хоць на хвіліну з бяздушнай статыстыкі смерці і рэпрэсій.

Максім Чыгунка, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары