Алесь Кіркевіч Травеньскі прызыў у «ветэраны»

журналіст, літаратар

Заехаўшы ў Горадню з тыдзень таму па традыцыі зайшоў у кнігарню на Савецкай. Рэдка нешта купляю, хутчэй так, паглядзець. Ужо на выхадзе злавіў на сабе знаёмы позірк. О, Гіцэвіч! З беларускамоўнага плаката да «Дня перамогі» на мяне глядзеў адным вокам, прыкрываючы другое рукой, знакаміты на ўвесь інтэрнэт ветэран усіх войнаў (за выключэннем, хіба, Траянскай) Леў Аляксандравіч Гіцэвіч.

Хто такі Гіцэвіч? Пра гэта вам раскажа «гугл» – шчыра і без цэнзуры. А яшчэ пакажа: там шмат фота, таварыш Гіцэвіч любіць фатаграфавацца. Калі коратка, гэта сівы дзед 1928 года нараджэння, які прысутнічае на большасці масавых акцыяў у Маскве ў гімнасцёрцы з іканастасам медалёў і, чамусьці, у касцы.

Знешнасць у Льва Аляксандравіча сапраўды фактурная: сівізна, пранізлівы погляд і г.д. Толькі вось незразумела, як чалавек, якому ў 1941-м было 13 год, мог абараняць Маскву, браць Кёнігсберг, працаваць у апараце абслугоўвання Крамля пры Сталіне (у 20 з нечым год)… гэтыя факты «ветэран» выклаў у артыкуле пра сябе ў Вікіпедыі – ён і ў інтэрнэце актыўны.

Таксама незразумела, у якіх войсках служыў Гіцэвіч – ці тое ў танкавых, ці тое ў стралковых – ягоны мундзір на святах часам змяняецца. Змяняюцца і пагоны: то шараговец, то… палкоўнік! Медалі ды ўзнагароды – гэта наагул песня: тут вам і Ордэн Вялікай Айчыннай (адзіная сапраўдная ўзнагарода таварыша, выдадзеная яму ў 1985-м паводле сайту «Подзвіг народу»), і казачыя крыжы, і проста праваслаўныя крыжы, і значкі, і… жаночая брошка.

Тое, што «ветэран» часцяком наведвае мітынгі расейскіх неафашыстаў і адкрывае помнікі Краснову і Шкуро, якія падчас вайны падтрымалі Гітлера, пакінем на ягоным сумленні. Па-рознаму бывае, у кожнага свой складаны ўнутраны свет… Зрэшты, Гіцэвіч часам агучвае сваю канцэпцыю: і Власаў, і іншыя «калабаранты» насамрэч былі… агентамі Крамля. Во як! Але мы з вамі ў апараце абслугі Сталіна не працавалі, скуль нам ведаць…

Персанаж, пагадзіцеся, неадназначны. Але навошта яго змяшчаць на плакатах да 9 траўня?

Няўжо іншых няма? Відаць, няма. Хоць той жа франтавік Васіль Быкаў, Янка Брыль або Аляксей Карпюк, глядзеліся б на беларускамоўным плакаце куды больш дарэчна, чым «мутны» расейскі манархіст Гіцэвіч. Праўда, ёсць адна праблемка: не тыя погляды пад канец жыцця былі ў Быкава з Карпюком, што паробіш… Тады – Гіцэвіч.

Пару гадоў таму аднакурсніца з гарадзенскага гістфаку распавядала цікавую гісторыю: на 9 траўня ў школу, дзе яна выкладала гісторыю, прыйшоў ветэран. Звычайны такі дзед, з медалямі, пра вайну распавядае, дзеці слухаюць. Калі сустрэча скончылася, дзядуля шчыра прызнаўся маладой настаўніцы, маўляў, не ветэран ён, проста «так трэба» – патрыятызм варта выхоўваць.

Вось і з Гіцэвічам, мабыць, таксама, «так трэба». Убачыўшы плакат, па-шчырасці, першай думкай было пайсці да дырэктаркі крамы, пасварыцца, фота з інтэрнэту раздрукаваць, паказаць, маўляў, каго ж вы ў «чырвоны кут» прапаноўваеце вешаць? Пасля падумалася: а навошта? Дзяржава мае свае планы на 9 траўня, гэта іхнае свята – не наша.

Мае дзед з бабуляй, ветэраны вайны, даўно ўжо адышлі. Дзед, які пайшоў добраахвотнікам на фронт, памёр у 1979-м, усё жыццё пасля вайны хварэў. Бабуля, якая маладой дзяўчынай партызаніла на Віцебшчыне, адышла ў 1994-м: да канца жыцця ёй сніліся сцэны з нямецкага палону. Нават у двары ў Горадні, дзе я вырас, памерлі ўсе ветэраны: апошнім быў палкоўнік Акула, які займаўся «барацьбой з бандытызмам» на паваеннай Гарадзеншчыне. Ці тое здароўе меў добрае, ці тое спецпаліклініка КДБ падаўжала век, не ведаю. Усе памерлі – нікога не засталося.

Але хутка чарговы «Дзень перамогі». І зноў, як пяць, дзесяць, дваццаць год з’явяцца людзі ў гімнасцёрках з «іканастасамі» медалёў. Дарэчы, з дзяцінства памятаю, што шмат сапраўдных ветэранаў хадзіла або толькі з ордэнам Вялікай Айчыннай, або са сціплымі калодачкамі, якія паказвалі медалі схематычна: сапраўдныя ўзнагароды з дакументамі ляжалі ўдома.

«Іканастасы» можна было ўбачыць, але няшмат: не так шмат, як апошнімі гадамі. Дык хто ўсе гэтыя людзі?

Відаць, кожную вясну спрацоўвае «травеньскі прызыў»: апранайце медалі, гімнасцёркі, трэба патрыятызм выхоўваць… Цікава, як усё гэта будзе выглядаць у 2020-м ці 2025-м?.. Такія ж сівыя дзядулі, толькі ўжо 1940-50-х год нараджэння будуць распавядаць пра свае подзвігі ды красавацца на дзяржаўных плакатах? Мана ёсць мана, і які б ты патрыятызм не будаваў – нацыяналістычны, дзяржаўніцкі, радыкальна-прасавецкі – на хлусні нічога добрага не выхаваеш. Што пасееш, тое і пажнеш.

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары