Аляксандр Тамковіч «Таму, хто прайшоў Печы, не страшны Бухенвальд»

публіцыст, пісьменнік

35 год таму, пад час маёй салдацкай службы гэтую не зусім этычную прымаўку ведаў увесь Савецкі Саюз. Больш за чвэрць стагоддзя няма СССР, аднак у Беларусі яе, на жаль, не забыў ніхто.

І справа не толькі ў тым, што нашая краіна не раз публічна прэтэндавала на тое, каб быць маральным нашчадкам «савецкай сістэмы». Галоўная праблема ў тым, што ў сучасную беларускую рэчаіснасць «транспартавалі» амаль усё самае горшае з савецкай сістэмы – карупцыю, паказуху, недатыкальнасць вышэйшай улады.

З гэтага горшага стварылі сістэму сваю. Сістэму «стабільнасці», сутнасць якой палягае ў тым, каб заўважаць толькі белае і не бачыць, што вакол значна больш чорнага…

Намеснік старшыні пастаяннай камісіі ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Бобрыкаў, нам мой погляд, тыповы прадстаўнік такога роду «стабільнасці». Улічваючы, што ён пагражае ўсім, хто пісаў пра Печы тое, чаго не ўбачыў там сам, СПЕЦЫЯЛЬНА звяртаю ўвагу паважанага парламентарыя, што, (як і ён) я маю права выказваць асабістую думку.

Любому чалавеку такое права гарантуюць усе варыянты беларускай Канстытуцыі. І той, якая была да 1994 года, і той, якая дзейнічае цяпер.

Як бы некаторым гэтага і не хацелася…

А яшчэ (даруйце прапісную ісціну) я павінен заўважыць: калі нечага не бачыць (або не хоча бачыць) начальства, гэта зусім не азначае, што праблемы не існуе ўвогуле…

Адзначу таксама, што даволі часта цалкам не разумею і апазіцыю.

Не трэба быць Касандрай, каб «пралічыць» бліжэйшыя дзеянні большасці іншадумцаў. Звычайна гэта нічога новага, адны і ты я ж твары і лозунгі, якія час ад часу супярэчаць усяму, што рабілася раней. А, калі і паяўляецца нешта новае, то яно настолькі «кучаравае», што сутнасць зразумець не могуць нават палітолагі, не кажучы пра выбарцаў з глухой вёскі…

Тут жа – падарунак, гатовая ўлётка. Дастаткова зрабіць яе з цытат былога камандзіра 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру. Асабліва пра «казкі» наконт Пячэй, фактычнае адмаўленне дзедаўшчыны і поўны давер следчаму камітэту.

На апошнім хочацца спыніцца асобна.

Не маю такога права, таму ў адрозненне ад другога вядомага дэпутата (на жаль былога) Андрэя Клімава не магу сцвярджаць, што СК створаны для таго каб спыняць крымінальныя справы, аднак некаторыя пытанні ўсё ж не магу не агучыць.

Перш за ўсё мяне цікавіць чаму крымінальная справа была заведзеная толькі праз тыдзень пасля таго, як быў знойдзены труп і толькі пасля таго, як пра здарэнне пачалі пісаць журналісты?

Хацелася б таксама даведацца, дзе чатыры дні быў салдат пасля таго, як яго выпісалі з медычнай часткі і ці часта патэнцыйныя самагубцы перад суіцыдам звязваюць шнуркамі сабе ногі і нацягваюць на галаву майкі?..

Акрамя гэтага будзе вельмі цікава напісаць пра тое, якія дзеянні ў следчых будуць адносна тых, хто камандаваў у Печах раней, бо пра дзедаўшчыну там гавораць ужо шмат год… І як дэпутат Бобрыкаў паставіцца да таго, калі прэтэнзіі ў следчых будуць да яго асабіста?..

Напэўна, некага супакоіць інфармацыя пра тое, што кіраўнік краіны штодзённа цікавіцца справай загінулага салдата, але я бы не стаў спяшацца з радасцю.

У найноўшай гісторыі Беларусі ўжо былі выпадкі, калі міністраў абароны ганебна адхілялі ад пасадаў, а потым прызначалі кіраўнікамі савету бяспекі.

Між іншым, я б на месцы ўлады паставіўся да гэтага інцыдэнту ВЕЛЬМІ ўважліва. Так, як гэтага яны не рабілі раней, бо падтрымліваю думку пра тое, што ён можа стаць дэтанатарам масавага нездавальнення. Надта шмат беларусаў служылі ў войску раней, і служаць цяпер.

У адрозненне ад трагічнага лёсу «зніклых» гэта хвалюе значна больш людзей.

Многія з тых, хто расказваў пра пачатак украінскіх падзеяў адзначалі, што ніякага Майдана тады магло бы не адбыцца, калі б улада не пачала збіваць пратэстуючых студэнтаў…

Магчыма, пазней знайшоўся бы іншы дэтанатар, аднак, вядома – каб міна не ўзрывалася, не трэба на яе наступаць… А то ад «стабільнасці» можа застацца толькі стабільная варонка.

У заканчэнне яшчэ раз прыгадаю выдатны фільм «Пагібель імперыі», які некалькі разоў паказвалі па тэлебачанню. Агучу адзін сюжэт.

Толькі-толькі адбылася першая (лютаўская) рэвалюцыя. Эпізод датычыцца вясны 1917 года. Вайсковы контрвыведчык (артыст А. Краско) пры набліжэнні чарговага «дзіцяці рэвалюцыі», што не адрозніваецца высокай маральнасцю, з іроніяй гучна пытаецца – ад каго запахла казлом? Другі (артыст А.Валуев), зразумеўшы намёк, адказвае: – Гэта пах часу.

Думаецца, у сучаснай Беларусі «пахне» менавіта так.

іншыя запісы
Каментары