Аляксандр Гелагаеў «Тамагаўкі» супраць С-300. Рэчаіснасць і піяр-вайна

гісторык, вайсковы аглядальнік

Каля 03.40 па менскім часе 7 красавіка 59 крылатых ракет «Tomahawk» з борту амерыканскіх эсмінцаў «USS Ross» і «USS Porter» былі выпушчаныя ў бок авіябазы Шайрат, якая знаходзіцца пад кантролем войскаў прэзідэнта краіны Башара Асада.

Атака стала адказам ЗША на атаку хімічнай зброяй на горад Хан-Шейхун, у выніку якой загінулі прынамсі 74 чалавекі. Згодна з дадзенымі амерыканскай выведкі, менавіта з гэтай базы падняўся самалёт, які 4 красавіка скінуў на горад боепрыпас з атрутай – баявым газам зарын.

Запускі ракет «Tomahawk» па базе Шайрат. Відэа «US Naval Institute»

Адразу пасля зʼяўлення навін пра ракетны ўдар прадстаўнікі арміяў і ваенныя эксперты пачалі спрачацца пра эфектыўнасць амерыканскіх крылатых ракет і зенітных сродкаў, якія Расея паставіла ў Сірыю за апошнія гады. Паспрабуем сабраць максімум адпаведнай інфармацыі і разабрацца ў чым справа.

Куды цэлілі ракеты

Цэлямі «тамагаўкаў» былі самалёты, умацаваныя сховішчы для самалётаў, запасы і сховішчы паліва і боепрыпасаў, сістэма супрацьпаветранай абароны і радары на базе Шайрат, паведаміла ў прэс-рэлізе адразу пасля ўдару Цэнтральнае камандаванне Узброеных сіл ЗША, якое адказвае за амерыканскія войскі і іх аперацыі на Бліжнім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы і Цэнтральнай Азіі.


Спадарожнікавы здымак, прааналізаваны сайтам www.imagesatintl.com. Пазначаны 44 удары «тамагаўкаў».

Удар названы «прапарцыянальным адказам» на «подлы ўчынак Асада». Мэтай удару названае «утрыманне рэжыму [Асада] ад новага выкарыстання хімічнай зброі».

Адначасова амерыканцы папярэдзілі сілы Расеі ў Сірыі пра ўдар і нават прызналі, што прынялі захады, каб знізіць рызыку не толькі для расейскага, але і для сірыйскага асабовага складу на аэрадроме.

«Па першых дадзеных, удар значна пашкодзіў ці знішчыў сірыйскую інфраструктуру, самалёты і абсталяванне на аэрадроме Шайрат, знізіўшы здольнасць сірыйскага ўраду дастаўляць хімічную зброю», – гаворыцца ў паведамленні.

Рэакцыя Масквы

Першай рэакцыяй на гэтую падзею ў Расеі і прарасейскай інфармацыйнай прасторы была пэўная разгубленасць. Гэта добра бачна па ранішніх загалоўках расейскага тэлеканалу «Звезда», які шчыльна супрацоўнічае з Мінабароны РФ.

«Авіябаза ВПС Сірыі была сурʼёзна пашкоджаная пасля атакі амерыканскіх ракет «Tomahawk». Як паведамляе «РИА Новости» са спасылкаю на супрацоўніка базы, авіятэхніка, якая была ў Шайраце, выйшла са строю». Гэта паведамляў сайт канала яшчэ ў 10.34 раніцы.

Аднак недзе каля 10.35 па маскоўскім часе ацэнкі эфектыўнасці ўдараў амерыканскімі «баявымі сякерамі» рэзка мяняюцца на супрацьлеглыя.

Мінабароны РФ заяўляе, што эфектыўнасць удару амерыканскіх ракет па Шайрату вельмі нізкая – толькі 23 ракеты патрапілі ў цэль, а астатнія 36 «зніклі невядома куды».

Пасля чаго тэмай артыкулаў і дзясяткаў тысяч каментароў у расейскамоўнай блогасферы робяцца больш ці менш удалыя жарты пра дурных амерыканцаў з дурнымі ракетамі, магутнасць Расеі і амаль непрыхаваныя спробы патлумачыць «малую эфектыўнасць» удару працаю расейскіх зенітных і радыёэлектронных сістэм.

У выніку, як нехта пажартаваў у інтэрнэце, рэакцыя Масквы выглядае як: «1. Здрада і імперыялістычны генацыд. 2. На гэтай базе нічога і не было. 3. Было, але амаль усё захавалася. 4. Мы маглі збіць, але не сталі. 5. Збілі, але гэта сакрэтна».

Адсутнасць фотаздымку хоць адзінай ракеты, якая б упала за межамі вайсковай базы, хоць аднаго відэа перахопу ракет у шчыльна заселеным рэгіёне з нядрэнным інтэрнэтам, выключаюць магчымасць таго, што расейская супрацьракетнай абарона перахапіла нават адзін «тамагаўк».

Удар у твар

Прычына пэўнага шоку і разгубленасці маскоўскай прапагандысцкай машыны – магутныя ўдары, якія атрымалі расейскі ваенна-прамысловы комплекс і міфалогія пра перамогі «крутога» Уладзіміра Пуціна ў выніку даволі абмежаванай амерыканскай акцыі.

Справа ў тым, што пасля знішчэння расейскага бамбардыроўшчыка турэцкім самалётам у канцы 2015 года ў Сірыю былі накіраваныя расейскія найноўшыя зенітныя ракетныя і ракетна-гарматныя комплексы С-300, С-400, «Панцирь-С1».

Летась увосень расейскія медыі выходзілі з такімі пыхлівымі загалоўкамі:

Прычым афіцыйна заяўлялася, што расейскія зенітныя комплексы будуць абараняць не толькі расейскія, але і сірыйскія войскі, а іхная эфектыўнасць абмяжоўваецца толькі боезапасам.

«Расея выкарыстае нядаўна перакінутыя ў Сірыю зенітна-ракетныя комплексы для знішчэння любых цэляў, якія пагражаюць сірыйскім войскам», – пісала тады афіцыйнае агенцтва «RT» (ранейшая назва – «Russia Today»), спасылаючыся на афіцыйнага прадстаўніка Мінабароны РФ Ігара Канашэнкава. Гэты самы Канашэнкаў зараз распавядае пра «скрайне нізкую» эфектыўнасць амерыканскага ўдару па Шайраце.

На практыцы аказалася, што найноўшыя комплексы Масквы або ня могуць прыкрыць сірыйскія аэрадромы ад манеўруючых на мінімальнай вышыні «тамагаўкаў», або палітычнае кіраўніцтва аказалася не настолькі «крутым», каб выканаць дадзеныя раней Асаду абяцанні.

Расейскае відэа вынікаў удару.

«Дальнасць у многія сотні кіламетраў, якую прыпісваюць комплексам С-300ВМ і С-400 у папулярных публікацыях, справядлівая толькі пры стральбе па аэрадынамічным цэлям на сярэдняй і вялікай вышынях. Пры стральбе па крылатай ракеце, якая ляціць на вышыні ў дзясяткі метраў, дальнасць стральбы комплексу, які абапіраецца на дадзеныя ўласнай радыёлакацыйнай станцыі, будзе складаць лічаныя дзясяткі кіламетраў, да таго ж яна моцна залежыць ад рэльефу»,адзначыў расейскі эксперт Васілій Кашын.

Па факце

Па дадзеных урада Асада на базе былі знішчаныя 9 самалётаў (5 Су-22М3, 1 Су-22М4, 3 МіГ-23МЛ), загінулі 10 вайскоўцаў. Таксама афіцыйныя ўлады паведамілі пра 9 загінулых мірных жыхароў у вёсках вакол базы, куды быццам бы таксама патрапілі ракеты.

Згодна з ацэнкамі ЗША, былі знішчаныя каля 20 самалётаў, а таксама іншыя абʼекты на аэрадроме. У той час, як расейская прапаганда намагаецца паказаць слабасць амерыканскага ракетнага ўдару, дэманструючы наяўнасць асобных цэлых самалётаў, мізэрныя страты ў асабістым складзе, а таксама цэлую ўзлётна-пасадачную паласу, факты сведчаць, што поўнае знішчэнне базы і не было мэтай удару.


Вынікі ракетнага ўдару па аэрадроме Шайрат. «РИА Новости»

Амерыканцы папярэдне паведамілі Маскве, а праз яе і Сірыі, пра будучы ўдар, нанеслі яго такім чынам, каб мінімізаваць чалавечыя страты. Цэллю ўдару не была ўзлётна-пасадачная паласа, але самалёты і асобныя збудаванні на аэрадроме. Гэта ўсё адпавядае таму, што бачна на наземных і спадарожнікавых здымках вынікаў ракетнага ўдару.

Маштабы знішчэння былі дастатковыя для таго, каб усю раніцу 7 красавіка звязаны з Мінабароны Расеі тэлеканал паведамляў пра поўнае разбурэнне базы Шайрат.


Амерыканскі авіяносец «USS Carl Vinson», які цяпер рухаецца ў бок Карэі. U.S. Navy Photo

Сталі відавочнымі не толькі спецыялістам абмежаванні расейскіх комплексаў С-300 і С-400 – нават калі яны і мелі загад на знішчэнне амерыканскіх ракет, яны не маглі іх збіваць. Такім чынам быў нанесены моцны ўдар па прапагандзе звышмагутнасці расейскай вайсковай тэхнікі.

З палітычнага пункту гледжання новы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў папярэджанне Асаду, паказаўшы, што расейская супрацьракетная абарона яго не ўратуе, паказаў Маскве і, часткова, Пекіну, што часы Оўбамы скончыліся, і з ЗША не варта больш жартаваць. Лагічным працягам палёту «тамагаўкаў» над Сірыяй сталася адпраўка амерыканскай эскадры да берагоў камуністычнай КНДР, што стварае ўласную атамную зброю.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары