Аляксандр Тамковіч Свабода слыху

публіцыст, пісьменнік

Аднойчы я ўжо жартаваў, што ў пачатку траўня журналістам можна не хаваць шклянкі – 3-га святкуюць «нячэсныя», 5-га «чэсныя», а 7-га – усе разам. Дзень працаўнікоў радыё, тэлебачання і сувязі, як спяваў Уладзімір Высоцкі, «общепримиряющий». Так што віншую ЎСІХ!

Без уліку падзелу, які ў самым пачатку свайго «стабільнага» прэзідэнцтва зрабіў ТОЙ-КАГО-НЕЛЬГА НЕ НАЗЫВАЦЬ, што бясконца робяць як яго адэпты, так і апаненты…

Калі без жартаў, то мне вельмі не падабаецца, калі нас пачынаюць дзяліць у залежнасці ад таго, хто пад якім сцягам ходзіць. На мой погляд, добрыя прафесіяналы ёсць з абодвух бакоў, і толькі ад іх саміх залежыць узровень прыстойнасці.

Дарэчы, няправільна лічыць, што падобны падзел уласцівы толькі ўладзе. У апазіцыі таксама ёсць свае апалагеты, а тых, хто імкнецца быць аб’ектыўным, яны таксама залічваюць у свае «нячэсныя».

Атрымліваецца амаль каламбур – самыя «нячэсныя» сярод і без таго «нячэсных»..

Больш за тое, не раз даводзілася чуць, што ў малюднасці некаторых пратэстных акцыяў вінаватыя таксама незалежныя журналісты. Маўляў, гэта мы, а не бесталковыя арганізатары, так напалохалі людзей, што тыя не выйшлі на вуліцу.

А яшчэ ў судах неаднойчы даводзілася быць сведкам таго, як палітыкі бессаромна падстаўлялі «свае» СМІ. Расказвалі «факты», журналісты пра гэта пісалі, а пад час «разборак» высветлілася, што ўсё агучанае наўмысная хлусня. Аўтараў штрафавалі, СМІ закрываліся, а нехта працягваў «піярыцца» і публічна скардзіўся на тое, што «незалежныя СМІ баяцца пра яго пісаць».

Па майму глыбокаму перакананню, менавіта гэта і стала прычынай таго, што на «прэсухах» некаторых палітыкаў, саміх палітыкаў бывае больш за тых, хто жадае іх слухаць. А яшчэ тое, што там даўно не гучыць нешта новае…

Не навіна і тое, што ў барацьбе «за рэсурсы» некаторыя надзвычай ахвотна, скажам мякка, фантазіруюць. Мне, напрыклад, адзін замежны дыпламат, са смехам расказваў, як яму з розніцай у некалькі гадзін адзін «эксперт» гаварыў, што Тамковіча «атруціла КДБ», а другі заклікаў не сябраваць са мной, бо «столькі кніжак можа выдаць толькі агент КДБ».

Як кажа мой добры знаёмы Антон Астаповіч (кіраўнік Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры), у такія моманты непазбежны «разрыў мозгу». А я яшчэ магу дадаць, што існуючая сярод дыпламатаў фраза « чыста «беларускія» справы», акурат і датычыць такіх прыкладаў, і ніяк не спрыяе нашаму іміджу сярод замежнікаў.

Напэўна, пошук у сваім атачэнні агентаў КДБ, для беларускіх іншадумцаў стаў нечым накшталт нацыянальнага віду спорту. Адзін палітык так «пастараўся», што за некалькі год умудрыўся ператварыць моцны агульнабеларускі рух у невялікую секту сваіх прыхільнікаў. І нават лічылася непрыстойным аказацца сярод тых, каму ён не даў «зорачкі»…

Безумоўна, спецслужбы працуюць сярод уладных апанентаў даволі інтэнсіўна. Адбываецца гэта ў любой краіне (дастаткова прыгадаць «Штазі»), і я бы ВЕЛЬМІ здзівіўся, калі б нехта даказаў супрацьлеглае.

Адзінае чаго, на мой погляд, нельга рабіць ніколі, так гэта перабольшваць іх магчымасці. Рызыкну дапусціць, што часам яны працуюць горш, чым некаторыя пра гэта распавядаюць. Да таго ж, я ўпэўнены, што распавядаць гэта таксама праца…

Прынцыпова не хачу займаць канкрэтны бок, але лёгка ўявіць, як зараз «разрываюцца мазгі» ў галовах палякаў. Такое ўражанне, што ўсё беларускае раптам стала філіялам менскіх спецслужбаў. Зразумела, прычынай зноў стала праславутая «барацьба за рэсурсы». Аднак на мой погляд, вынікам можа стаць тое, што іх не будзе не для каго…

Завершыць жа гэта несвяточнае віншаванне хочацца маёй улюблёнай цытатай Аляксандра Герцана: «Свабода слова, немагчыма без свабоды слыху». Сёння святкуюць менавіта тыя, хто вучыць астатніх слухаць. І не трэба нас клікаць на барыкады. Ні з аднаго, ні з другога боку.

іншыя запісы
Каментары