Аляксандр Тамковіч «Стабільныя міфы»

публіцыст, пісьменнік

Адразу хачу ПРЫНЦЫПОВА падкрэсліць, што я не супраць якой-небудзь рэлігіі, або нацыянальнай прыналежнасці, аднак не менш ПРЫНЦЫПОВА няправільным лічу, калі госці не жадаюць жыць паводле законаў гаспадароў.

Гэта да таго, што еўрапейскі «міграцыйны крызіс» вызывае вельмі шмат пытанняў. І перш за ўсе наконт прафесіяналізму мясцовых сілавых структураў, якія кожны раз папярэджваюць і аказваюцца не гатовымі да чарговага тэракту.

А яшчэ ён дэзавуяваў прынамсі тры выключна беларускія міфы.

Першы датычыць таго, што ўсе зайздросцяць нашай «стабільнасці» і ўзроўню жыцця. Калі б гэта было так, мігранты б не імкнуліся ў агідную Еўропу, а заставаліся ў «квітнеючай» Беларусі, дзе добра жывуць прадстаўнікі ўсіх рэлігіяў і нацыянальнасцяў.

Паводле міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея колькасць бежанцаў з Украіны, якія прыехалі ў нашу краіну, дасягнула 160 тысяч чалавек. Астранамічная лічба расце ледзь не з кожным ягоным выступам на гэтую тэму. Пры гэтым чамусьці не гаворыцца пра тое, колькі з іх засталося на беларускай тэрыторыі.

На мой погляд, не больш за палову.

Адзін знаёмы ўкраінец на гэты конт неяк сказаў: «Лепш рызыкаваць пад бомбамі сепараў, чым атрымліваць смешныя беларускія заробкі».

Дарэчы, менавіта з уцекачамі звязанае і пахаванне міфу пра беспрэцэдэнтную моц беларускіх праваахоўнікаў. Не хочацца нікога пакрыўдзіць, але ў іх добра атрымліваецца толькі змаганне з асабістым народам і «пятай калонай» (цікава, ці ведае хто, адкуль гэтая фраза), а з тымі, хто можа «даць здачы», яны лічаць за лепшая не звязвацца.

Уяўляю, што было б, каб лагер на мяжы разбілі не чачэнцы, а беларускія апазіцыянеры… Або проста іншадумцы накшталт пацярпелых ад АМАПу кіроўцаў, што адбылося ў 2011 годзе пад Горадняй.

Нешта я не чуў і пра рашучыя дзеянні супраць «панаехаўшых» з брацкай Расеі арганізатараў пры праваслаўных храмах «вайскова-патрыятычных» клубаў, або тых, хто правакацыйна ездзіць па Беларусі пад сцягамі ЛНР-ДНР.

Іншая справа, што нехта дае загад не чапаць ідэйных аднадумцаў…

Трэці міф звязаны з тым, што Беларусь эфектыўна перашкаджала нелегальным мігрантам з мусульманскіх краінаў трапляць у Еўропу. Маўляў, плаціце еўрыкі, не то прапушчу гэтую арду да вас.

«Арда» хлынула сама, без нашага дазволу, і некалькі дзясяткаў чалавек, затрыманых на беларуска-польскай мяжы ў параўнанні з сотнямі тысяч, аказаліся банальнай недарэчнасцю. Блеф скончыўся тым, што ЕЗ выдзеліў Беларусі толькі сем мільёнаў еўраў для будаўніцтва некалькіх цэнтраў, дзе адначасова могуць жыць усяго 30-50 нелегалаў.

Гэта і ёсць рэакцыя на шантаж, якім доўгія гады афіцыйныя беларускія ўлады пужалі Еўропу. Як кажуць, якая праблема, такое ў яе і рашэнне.

І ўвогуле, я катэгарычна не прымаю, калі «наверсе» пачынаюць разважаць толькі пра тых, хто ў нашу «стабільнасць» прыехаў, і «не бачаць» тых, хто ад яе збег…

 

іншыя запісы
Каментары