Алесь Кіркевіч «Спіс Івашына»: толькі акупацыя, толькі хардкор

журналіст, літаратар

Сярод жарсцяў вакол расіейска-беларускіх манеўраў «Захад-2017» ды «грыбной ліхарадкі», што ахапіла нашых суайчыннікаў, публікацыя «Спісу Івашына», дзе сабраныя больш сотні прозвішчаў патэнцыйных «агентаў РФ», неяк згубілася. А дарма.

Дзяніс Івашын

Тым, хто чуе пра спіс упершыню, дастаткова ведаць наступнае. Гэта пералік са 137 беларускіх сілавікоў і службоўцаў, якія звязаныя з Расеяй паводле паходжання і нараджэння, вучобы ў вайсковых ВНУ, прысягі або нават службы ў гарачых кропках на баку Масквы.

Беларускі вайсковец у новым камуфляжы

На тле фобіяў, што агарнулі беларусаў пасля вайны ва Украіне ды асабліва зараз, цягам «Захаду-2017», спіс бачыцца вельмі своечасовым, хоць і максімальна трывожным даследаваннем. А што, калі насамрэч усе гэтыя афіцэры ў «момант Х» падтрымаюць Расею ды паспрыяюць анексіі нашай Бацькаўшчыны, як гэта ўжо было ў Крыму і на Данбасе?

Але ці ўсё так проста? Ці сапраўды мы не маем ані свайго войска, ані міліцыі? Няўжо кожны чалавек у форме – наўпроставы вораг незалежнасці?

Беларусы ”вітаюць” сумесныя з РФ вучэнні

Сама публікацыя падобнага пераліку асобаў, з аднаго боку, выдатны трывожны сігнал: сапраўды, чаму нашых памежнікаў адпраўляюць за кваліфікацыяй у вучэльні ФСБ? Чаму на высокіх пастах знаходзяцца людзі, што давалі прысягу суседняй дзяржаве – Расеі? Ці не чужая наша Бацькаўшчына ўсім гэтым ураджэнцам Саратава, Казані або Алма-Аты?..

«Ты ў спісе «на адстрэл», давай да нас!»

З іншага боку, апрылюдненне падобнага спісу – выдатны падарунак вербоўшчыкам з ФСБ. Уявіце сабе сітуацыю, сустракае такі сабе маёр ФСБ у адпачынку ў Менску свайго колішняга «аднакашніка» з Беларусі, які трапіў у спіс ды кажа: «Усё, дзядзька, ты ў спісе «на адстрэл», дарогі назад няма. Калі тут не будзе Расеі, не будзе табе ані працы, ані жыцця. Давай да нас!» І ягоны беларускі калега, які агентам ніколі не быў і не думаў быць, скажам, крэпка задумваецца.

Калі казаць пра навучанне і службу ў спец-структурах СССР з моцнай ідэалагічнай апрацоўкай, то ці быў іншы выбар у беларусаў, якія нарадзіліся ў гэты час ды ў гэтым месцы? Падаецца, што падобнае заплечча – лагічная з’ява для любой посткаланіяльнай дзяржавы, якая, тым больш, не парвала сувязяў з колішнім дамініёнам. Легіянеры Пілсудскага і ўкраінскія «сечавыя стральцы» часоў УНР пачыналі ў аўстрыйскім войску, Манэргейм і Балаховіч служылі ў расейскім, нават не кажучы пра перыяд супрацы з бальшавікамі апошняга – гэта рэальная гісторыя, дзе не бывае чорнага або белага.

Карл Густаў Манэргейм, ветэран Руска-японскай і Першай Сусветнай, генерал-маёр Расейскай арміі і… ”бацька” фінскага войска

Вайскоўцы і плітачнікі, Дашкевіч і Барадач…

Калі прыняць метадалогію аўтара дакладу, дык нельга давяраць ані Змітру Бандарэнку, ані палкоўніку Барадачу, што прайшлі праз «школу» ГРУ. З падазрэннем варта ставіцца да Дашкевічаў: Зміцер правёў дзяцінства ў Магаданскай вобласці, Наста паходзіць з сям’і палітрука савецкай арміі. А колькі сярод апазіцыянераў, асабліва «старой хвалі» колішніх камсамольскіх важакоў або чальцоў партыі? Дык можа пачаць люстрацыю з сябе?..

Палкоўнік Барадач, кадр з фільму ”Хросны Бацька”

У «Спісе Івашына» прысутнічаюць таксама людзі, што бралі ўдзел у І-й ды ІІ-й Чачэнскіх кампаніях, зразумела, на баку РФ. На першы погляд, гучыць страшнавата: гэтыя, дык дакладна ўжо «галаварэзы» – за Маскву будуць «рэзаць направа і налева». Але з прафесійнага пункту гледжання, акурат гэтыя кадры і ёсць найкаштоўнейшымі для войска, бо яны маюць рэальны баявы досвед («афганцаў» з часам у нас застаецца ўсё меней).

А дзе ім яшчэ было ваяваць? У Іраку? Або ў Лівіі? Па зразумелых прычынах гэта было немагчыма. Пагадзіцеся, вайсковец, які не ваяваў, гэта як плітачнік, што ніколі не клаў плітку – ведае сваю справу адно ў тэорыі. Таму, і тут не ўсё проста.

Непатрэбная «імунная сістэма»

Падобныя развагі зусім не спроба кагосьці «адмыць», не. Наўпрост, складаючы, а тым больш, агалошваючы іх мы ўбіваем вельмі небяспечны клін паміж грамадствам і сілавымі структурамі – імуннай сістэмай любой дзяржавы. Івашын працаваў толькі з адкрытымі звесткамі, таму прозвішчаў атрымалася 137. А што, калі інфармацыі было б болей? Мо’ там і паў тысячы б змясцілася? Значыць – ад «імуннай сістэмы» трэба адмовіцца?..

Апошнім часам, усё часцей даводзіцца чытаць пра «акупацыю» як пра ўжо здзейснены факт: усё пад кантролем Масквы, усе сілавікі апрыёры «здраднікі», усё прапала… А што далей, панове? Мо’ нам усім з’ехаць у Партугалію на збор цытрусавых? Або пачынаць усенародную «рэйкавую вайну», праўда, пакуль незразумела з кім? Адказаў няма. Але і любая стваральная праца, з такой логікай, падаецца марнай: толькі акупацыя, толькі хардкор.

Адсутнасць паўнавартасных нацыянальных сілавых структураў (як і сфармаванай да канца нацыі) – гэта, канешне, прыкра і небяспечна для беларускай дзяржавы. Але яшчэ больш прыкра, калі мы самі гатовыя адмаўляцца ад фактараў, якія і робяць нашу дзяржаву – дзяржавай.

іншыя запісы
Каментары