Алесь Кіркевіч Смерць, малпа і старыя гарадзенскія могілкі

журналіст, літаратар

Некалі навукоўцамі быў праведзены цікавы эксперымент. Падчас яго выкарысталі найразумнейшую малпу з падборкі, якую навучылі размаўляць мовай жэстаў. Малпа аказалася здольнай: вывучыла каля 300 паняццяў, а яшчэ прыручыла кацяня, якое жыло пры ёй. Калі кацяня памерла, чалавек, які з малпай камунікаваў, спытаўся: «Дзе кот?». Знерваваная малпа паказала жэстамі, што кацяня там, адкуль не вяртаюцца…

Зараз гэта ці не адзіны даказаны факт, які сведчыць, што жывёлы нешта разумеюць аб смерці. Агулам жа лічыцца, што разуменне канечнасці свайго быцця маюць адно людзі. Мы ведаем, што такое смерць, і вернікі, якія кажуць пра «іншы стан» пасля смерці, і атэісты, упэўненыя, што па той бок не будзе нічога. Зразумела адно: у гэтым свеце наша жыццё рана ці позна скончыцца. Ёсць нават далякасяжныя тэорыі, маўляў, разуменне смерці спарадзіла некалі рэлігію, а рэлігія – цывілізацыю. Не было б смерці – не было б чалавецтва.

«Іншапланецяне» з загадкавымі прозвішчамі…

Да чаго ўся гэтая атдаленая дэгрэсія? А да таго, што беларусы, ведаючы, што такое смерць, маюць вельмі цікавае стаўленне як да сваіх памерлых, так і да месцаў, дзе яны пахаваныя. Некалі ў вёсках Гарадзеншчыны на месцы пахаванняў цягнулі валуны, на якіх альбо не пісалі нічога, альбо пракрэслівалі сімвалічны крыжык. А навошта пісаць? Усе родныя і так ведалі, хто ляжыць і дзе. Бо на могілкі прыходзілі, згадвалі, маліліся, прыбіралі і г.д.

Сёння, калі на помніках можна пабачыць не толькі «установачныя дадзеныя» памерлага разам з фота, але часцяком і лірычны вершык, зламаную бярозку альбо матацыкл, на якім, да прыкладу, разбіўся няшчасны, могілкі адыходзяць на другі, трэці, чацвёрты план. Іх наведваюць, але зрэдку. Пра іх дбаюць, але толькі адзін раз: калі драўляны крыж на гадавіну замяняецца гранітным ці мармуровым.

Што ж казаць пра старыя могілкі ды людзей, памерлых 100, 150, 200 год таму? Там ужо і родных «днём з агнём» не адшукаеш. Усе гэтыя загадкавыя асобы, падпісаныя на малазразумелых мовах – SzyszkiewiczSkorupkoУваровъ – падаюцца ледзве не іншапланецянамі, якія жылі тут, але вельмі даўно і ніякага стасунку да нас сённяшніх не маюць. Зрэшты, як і мы не маем ніякіх абавязкаў на іх адрас…

Некропалі, якія сталі легендамі

Падобныя думкі часцяком прыходзяць да галавы, калі шпацыруеш па старых гарадзенскіх могілках на Антонава, дзе праз дарогу пахаваныя праваслаўныя ды каталікі. Сёння гэта найстарэйшы беларускі некропаль, які налічвае больш як 200 год ды паўстаў пасля рашэння Сейму Рэчы Паспалітай аб стварэнні агульнагарадскіх могілак, насуперак парафіяльным пахаванням вакол касцёлаў. Тады ж з’явіліся і Росы ў Вільні, і Лычакаўскія могілкі ў Львове.

З часам, некропалі ў Вільні і Львове перасталі быць месцам, куды зносяць памерлых, але пераўтварыліся ў легенды. Гэта і моц прозвішчаў асобаў, якія тут ляжаць, і шляхетныя гербавыя аркушы з пясчанніку, і каваныя крыжы з ланцугамі, і вялізныя неабдымныя дрэвы, што загадкава шапацяць, перамаўляючыся міжсобку…

Гарадзенскія могілкі – легенда нічым не горшая. Тут ляжыць шляхта, удзельнікі Паўстання 1863 году, Эліза Ажэшка, маці Багдановіча Марыя Мякота, генералы, палкоўнікі, лекары, купцы, паэты, святары абодвух канфесіяў ды інш. Багацце стыляў, у якіх выкананыя пахаванні, дае магчымасць чытаць тут, пад адкрытым небам, лекцыі па гісторыі мастацтва. Адных эпітафіяў хапіла б на цэлы зборнік.

Капітал, патрэбны адно бамжам

А зараз пытанне «на мільён». Што зрабілі са сваімі нацыянальнымі некропалямі літоўцы ды ўкраінцы? Слушна, уключылі ў спісы спадчыны, вывучылі ды напісалі аб іх кнігі, знялі фільмы, прывялі туды турыстаў, як сваіх, так і замежных, паспяваючы пры гэтым паднаўляць магілы, якія таго патрабуюць.

Што бачым у Горадні? За апошнія дзесяць год як на праваслаўных, так і на каталіцкіх могілках выпілавалі ўсе старыя дрэвы. Выкарчавалі стары брук, замяніўшы бетоннай пліткай. Перабудавалі да непазнавальнасці праваслаўную капліцу сярэдзіны ХІХ ст., ператварыўшы яе ў лубок, які, у дадатак, пашырыўся ды «з’еў» шэраг старых надмагілляў…

Пры гэтым, з могілак надалей бамжы цягнуць старыя крыжы, каб здаць на метал. Правільна, бо гэта – нічыё: у спіс помнікаў могілкі не трапілі! Нажаль, чыноўнікі так і не зразумелі, што стары некропаль, на якім ужо не хаваюць, гэта не праблема, а капітал – духоўны, гістарычны, мастацкі, турыстычны. Але калі капіталам не карыстаюцца, ён пакрысе знікае.

Што замінае нам па-людску паставіцца да сваіх памерлых? Што замінае захаваць унікальны ў межах Беларусі помнік гісторыі і мастацтва? Што замінае зрабіць з гэтага «турыстычную фішку» горада на раздарожжы культураў? Магчыма тое ж, што не дазволіла іншым малпам вывучыць 300 жэстаў, прыручыць кацяня ды асэнсаваць, што яно сыйшло туды, адкуль не вяртаюцца.

іншыя запісы
Каментары