Максім Чыгунка Смерць Карымава: азіяцкая дыктатура альбо вяртанне ў каменны век

публіцыст

Спектакль са смерцю Карымава паказвае, які гратэскавы свет дыктатараў.

Цягам апошніх гадзінаў мы даведаліся амаль адначасова, што Іслам Карымаў памёр, не памёр, у цяжкім стане, але можна аднак і не. «Интерфакс» спачатку піша пра смерць, праз дзве хвіліны адмяняе пахаванне. Прэмʼер Турцыі ўжо высылае спачуванні, а Лукашэнка – віншаванні.

Нарэшце высвятляецца, што дыктатар, які 27 гадоў трымаў за горла сваю краіну, не можа спакойна памерці, бо гэта палітычнае пытанне.

Ён можа зрабіць гэта толькі тады, калі яго бліжэйшыя паплечнікі дамовяцца пра тое, хто зойме вакантную пасаду. На самой жа справе ўжо даўно мёртвы, толькі ягоныя падначаленыя не хочуць пра гэта гаварыць.

Яшчэ горш для дыктатара, калі ягоныя паплечнікі хочуць паскорыць ягоную смерць. Так як было ў выпадку Сталіна, які больш за дзесяць гадзін паміраў у лужы мачы, таму што Бэрыя не падпускаў да яго лекараў.

Дыктатары, асабліва меншых дзяржаваў, такіх, як Беларусь, сваёй мэтай вызначаюць захаванне стабільнасці. І так усё стабілізуюць, што мы перастаем сабе ўяўляць, што нехта іншы можа іх замяніць.

Гэта ўсё носіць характар забавы з народам нейкага прывіду, калі Пуцін знікае на колькі дзён. Паказваецца толькі ў тэлебачанні ў так званых «матэрыялах-кансервах» – яны захоўваюцца спецыяльна для моманту такога знікнення. Пасля вяртаецца без ніводнага слова тлумачэння, хаця шмат хто ўжо думаў, што яму канец.

Ва Узбекістане новага прэзідэнта абярэ, відаць, вузкая вярхушка. З пункту гледжання юрыдычнага выбар можа трапіць на нейкую ўвогуле выпадковую асобу.

У Туркменістане «бацька нацыі» Туркменбашы быў заменены на дантыста. Можа быць і яшчэ горш: паміж групоўкамі разгарыцца вайна кланаў, якая пяройдзе ў вайну грамадзянскую.

Сапраўдная прававая дзяржава ўжо даўно знайшла рашэнні для такіх сітуацый – канстытуцыя, якая эфектыўна працуе. Прэзідэнт можа памерці, зʼехаць з глузду і гэта не стане прычынай для вялікай трагедыі, калі гаварыць пра функцыянаванне дзяржавы і народу. Уладу прымае вызначаная асоба, пасля адбываюцца выбары. І нарэшце народ выбірае наступнага прэзідэнта, а пасля ўсё вяртаецца ў норму.

У той час як азіяцкая, постсавецкая дыктатура зʼяўляецца не толькі менш цывілізацыйным вырашэннем у параўнанні з заходняй дэмакратыяй, а таксама сярэдневяковай дынастычнай манархіяй. Там было больш-менш вядома, хто павінен за кім у якасці спадчыны пераняць уладу.

Большасць краінаў былога СССР знаходзяцца ў палітычным плане ў эры каменнага веку, калі легальнасць забяспечваў не закон, а дручок.

Максім Чыгунка, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары