Аляксандр Фядута Сімуляцыя справядлівасці і аховы здароўя

паліткансультант

Гісторыя з гібеллю ў жодзінскай турме Алега Багданава, якога – пасля складанай аперацыі на сэрца, зробленай незадоўга да арышту, – лічылі сімулянтам, выклікала ў мяне шэраг пытанняў і ўспамінаў.

Пачну з пытанняў.

Як я разумею, турэмная медыцына ў нас мае заставацца медыцынай – гэта значыць, аховаю здароўя. На падставе чаго чалавек, які даваў клятву Гіпакрата, ставіць пад сумнеў кваліфікацыю сваіх калегаў, якія зрабілі хвораму аперацыю на сэрцы (!), і – галоўнае – дзеля чаго? Што павінен быў здзейсніць Багданаў, каб турэмныя медыкі дэ ​​факта прысудзілі яго да смерці? Як я разумею, медычную дапамогу ў нас аказваюць нават тым, каго пакараў суд – і прысуд прыводзяць у выкананне толькі пасля таго, як гэтая дапамога аказаная. Так было заўсёды.

Каму падпарадкоўваюцца лекары, якія абслугоўваюць падобнага роду ўстановы? Начальніку турмы ці – начальніку гарадскога аддзелу аховы здароўя? Калі памірае пацыент у цывільным шпіталі – гэта надзвычайная сітуацыя, гэта бясконцыя правяранні і суды. Але пацыент там знаходзіўся пад пастаянным медычным наглядам, кожную хвіліну, можна сказаць. Лекар знаходзіцца ў турме, а ўжо тым больш у следчым ізалятары, далёка не цягам 24 гадзінаў, і нават першую медычную дапамогу аказаць не заўсёды можа. Хто яе будзе аказваць? Асоба, якая ахоўвае камеру? А ў яе ёсць адпаведная кваліфікацыя? І як яна ў такіх выпадках вызначае – ці патрэбная дапамога рэальна ці пацыент усяго толькі «сімулюе»?

У лютым 2011 года ў следчым ізалятары КДБ № 1 (славутай «амерыканцы») у мяне разбалеўся зуб. Гэта не сэрца – усяго толькі зуб. І я не быў асуджаным – усяго толькі падследным. Я зрабіў адпаведную заяву і папрасіў адвезці мяне да стаматолага – раз ужо стаматолагаў сярод зняволеных гэтым разам не аказалася (ды і, на шчасце, сярод супрацоўнікаў «амерыканкі» таксама). Таму было вырашана адвезці мяне да лекара ў паліклініку КДБ.

Я не ведаю, ці гэта была настолькі доўгая чарга, ці хварэлі або знаходзіліся ў адпачынках штатныя стаматолагі гэтай паважанай ўстановы або папросту ішло ўзгадненне, але трапіў я на прыём прыкладна праз два тыдні пасля таго, як звярнуўся з адпаведнай просьбай. Я не хачу сказаць, што гэта была вытанчаная форма катавання, але часам, як вы, імаверна, памятаеце, слова «дантыст» жартам утвараюць ад імя аўтара «Боскай камедыі», першая частка якой адбываецца ў пекле.

У мяне няма прэтэнзіяў да той жанчыны, якая ставіла мне пломбу. Пломба стаіць і цяпер.

У мяне ёсць прэтэнзіі да ўсёй нашай сістэмы.

Я не магу зразумець, чаму сістэма аховы здароўя аказваецца закладніцай сістэмы выканання пакаранняў. Чаму лекар абавязаны ісці на повадзе ў турэмшчыкаў. З якога часу чалавеку, які знаходзіцца за кратамі, адмаўляюць у праве на міласэрнасць.

У 2011 годзе рымска-каталіцкая царква пачала працэс кананізацыі Фрыдрыха-Іосіфа Гааза – у расейскай службе вядомага як Фёдар Іванавіч Гааз. Калі хтосьці не памятае: ён быў галоўным лекарам маскоўскіх турмаў. Хірург, які практыкаваў у расейскім войску 1812 года, пасля вайны выкарыстаў усе свае веды і ўвесь свой чынавенскі аўтарытэт для таго, каб палегчыць пакуты вязняў. Яго называлі «святым доктарам». І ў апошні шлях яго праводзіў дваццацітысячны натоўп.

Не ведаю, ці здзяйсняў Гааз цуды пасля смерці. Але пры жыцці сваім гэты лекар здзяйсняў цуды міласэрнасці і чалавечнасці.

Мне падаецца, тыя лекары, якія вымушаныя служыць у турмах, калоніях, следчых ізалятарах, павінны даваць дадатковую клятву – не Гіпакрату, а Гаазу. Яны павінны абяцаць публічна: здароўе пацыента – вышэйшае за любы іншага закона. І вышэйшае за прысуд. Бо чалавечае жыццё і здароўе ёсць вышэйшая каштоўнасць, і ніхто не мае права аспрэчваць боль, калі пацыент яго адчувае.

І калі такой клятвы няма, то мы маем справу не з аховай здароўя, а з яго сімуляцыяй, як у выпадку з правасуддзем у нашай краіне мы часцяком маем справу ўсяго толькі з сімуляцыяй правасуддзя.

іншыя запісы
Каментары