Віктар Шукеловіч Што ў Беларусі камплімент, а ў Пензе абраза, за якую б’юць у галаву?

літаратар, журналіст

Не так даўно беларуская мова стала тэмаю для жартаў у расейскім шоу «Comedy Сlub».

«У XVIII стагоддзі ўся Расея ведала французскую мову, у 1822 – на! – вайна з французамі, – сказаў удзельнік забаўляльнай праграмы Павел Воля. – Пазней моднай стала нямецкая мова, усе вучылі нямецкую – і была вайна з немцамі. Цяпер мы ўсе ведаем англійскую. Яе вучыць не трэба – яны (англійскамоўныя – рэд.) далёка, ад іх нічога акрамя санкцый не дачакаешся».

Паводле вядоўцы, варта вучыць мовы суседзяў Расеі па Мытным звязе – беларусаў, казахаў і армянаў. «У іх цудоўныя мовы, давайце вучыць іхныя мовы», – заахвочваў Павел Воля, забыўшыся, што перад гэтым вывеў сувязь паміж вывучэннем моваў у Расеі ды войнамі.

Павел Воля, які закончыў аддзяленне расейскай мовы і літаратуры педагагічнага інстытуту ў Пензе, нават сам паспрабаваў паразмаўляць па-беларуску: «Добры дзень, дарагія беларусы. Мы вас вельмі любім і цэнім за вашую дружбу». Для чалавека, які выступае ў вобразе «гламурнага падонка», як сам некалі абазначыў шоўмен, ён гучаў даволі шчыра.

«Прыгожая мова. А для нас расейцаў усё будзе зразумела. Амаль такая ж мова», – выказаўся расейскі гумарыст, які прадэманстраваў потым, як пішуцца некаторыя беларускія словы. Гледачоў мела здзівіць, што «молоко» – па-беларуску «малако», «мясо» – гэта «мяса», «продукты» – «прадукты». «Інтэрнэт-мову першымі прыдумалі беларусы. Малайцы! Класна! Трэба карыстацца беларускай мовай», – падняў угору вялікі палец Павел Воля.

Але ў беларускай мове ёсць свае закавычкі, працягваў вядоўца. Ён тлумачыў гледачам, што «трус» – гэта «кролик», «урадлівы» – «урожайный», «твар» – «лицо».

«О, які прыгожы твар я пабачыў на дыскатэцы – гэта камплімент у Беларусі. У Пензе ўжо б’юць мордай, дабіваюць чалавека за гэта».

«Морда» па-беларуску будзе «пыса», а «мордочка» – «пыска», тлумачыў расейскі шоўмен нібыта на курсах «Мова нанова». Госці рэагавалі смехам і плясканнем у ладкі. «Ідзеш па вуліцы: якая прыгожая кіска, вось бы пабачыць тваю пыску. Усё супер», – жартаваў расейскі артыст.

Беларуская мова – лагічная, сцвярджаў са сцэны Павел Воля. Калі «учащийся» – «слухач», то, паводле расейскага гумарыста, «не поступивший» – «шлюхач», «безработный» – «бухач».

«Предприниматель», паводле Паўла Волі, па-беларуску мае быць тады «хач», як у Расеі грэбліва гавораць пра каўказцаў, якія пераважна гандлююць на маскоўскіх рынках.

«Файная беларуская мова. Трэба яе выкарыстоўваць», – падсумаваў удзельнік «Comedy Сlub». Вельмі б хацелася, каб гэтыя апошнія словы былі акурат не жартам.

іншыя запісы
Каментары