Ну і гісторыя! Шляхта ела слімакоў і захаплялася беларускаю мовай


«Белсат» атрымаў доступ да мемуараў, якіх ніколі не выдавалі. З іх мы даведваемся пра асабістае жыццё арыстакратаў, што ў першай палове XIX ст. зрабілі рэдкі крок: выдалі кнігу, у якой назваліся беларусамі.

Закладальніку «кутняга каменя» беларускай літаратуры прарочылі славу

Для эпохі, калі пісьмовая беларуская мова была цалкам знішчаная і кніг на ёй не існавала, кожны арыстакрат, які ёю валодаў, для беларусаў на вагу золата… 1837 год. Адам Міцкевіч яшчэ не ўладкаваўся на сталую працу ў Калеж дэ Франс, дзе з ягоных вуснаў прагучаць кампліменты на адрас беларускай мовы. Тым часам у Пецярбурзе выходзіць у свет трохтомнік пад назваю «Вершаваныя творы трох братоў, Валяр’яна, Клеменса, Юльяна Грымалоўскіх, беларусаў». (Першы том напісаў Валяр’ян, другі – Клеменс, трэці – Юльян).

Браты Грымалоўскія, як і Адам Міцкевіч, натхняліся беларускім фальклорам. Іхная паэзія, як змешчаная ў кнізе, гэтак і надрукаваная пазней у часопісе «Рубон», што выдаваўся ў Вільні, таксама напісаная па-польску. Значная колькасць твораў – гэта паэтычны пераклад беларускіх песняў.

З перапіскі двух вядомых літаратараў таго часу, а канкрэтна – з ліста прадстаўніка «ўкраінскай школы» ў польскай рамантычнай літаратуры Аляксандра Грозы да польскага пісьменніка і публіцыста Міхала Грабоўскага, мы даведваемся, што нашыя героі збіраліся папулярызаваць не толькі беларускі фальклор, але і беларускую мову.

«Браты Грымалоўскія хочуць свой беларускі дыялект вывесці з усеагульнага забыцця; яны збіраюць народныя песні, прыглядаюцца да яго прыгажосці ды своеасаблівасці. Заахвочваю – як магу – гэтых найлепшага жадання маладых людзей. Я не так даўно пісаў да аднаго з іх, выказваючы яму, якая яго чакае слава, калі пакладзе кутні камень новай, славянскага роду літаратуры. Дзіўная рэч, але над гэтым дыялектам ніхто не хацеў задумацца. Размаўляе на ім колькі губерняў, і ён сапраўдная мяжа паміж польскаю ды расейскаю мовамі».

Літаратурную спадчыну братоў Грымалоўскіх з беларускіх навукоўцаў найбольш падрабязна даследаваў Мікола Хаўстовіч, з польскіх  Дарота Самборска-Кукуць (Dorota Samborska-Kukuć). Паэтычны ўзровень твораў польскія даследчыкі ацэньваюць вельмі крытычна, але разам з беларускімі падкрэсліваюць іх надзвычай станоўчую ролю ў захаванні беларускага фальклору.

Кім жа былі браты Грымалоўскія, адкуль паходзілі, дзе жылі, ці размаўлялі па-беларуску іхныя дзеці? 

Стук друкаркі ў ачапленні ворагаў

1943 год, акупаваная Варшава. Інжынер Станіслаў Грымалоўскі, унук Валяр’яна, рэгулярна сядае за друкарку, каб пакінуць дочкам падрабязныя ўспаміны пра свой род. Амаль 500 старонак тэксту дагэтуль захоўваліся ў сямейным архіве і не трапілі ў рукі даследчыкаў. «Белсат» атрымаў доступ да мемуараў, якія ніколі не выдаваліся. З іх мы даведваемся цікавыя звесткі пра братоў Грымалоўскіх ды іхных нашчадкаў.

«Род Грымалоўскіх гербу Грымала (Grzymała) належыць да найстарэйшых у Польшчы. Ужо ў часы Баляслава Смелага хронікі ўзгадвалі пра бясконцыя спрэчкамі паміж рыцарамі гербу Грымала і рыцарамі гербу Налэнч (Nałęcz)», – піша Станіслаў Грымалоўскі.

Далей даведваемся, што род паходзіць з Сілезіі. Спачатку ён перамясціліся ў Малую Польшчу (Małopolska), дзе ягонай рэзідэнцыяй быў горад Грымалаў (Grzymałów) непадалёк Тэрнопалю, а на пачатку ХІХ ст. – на тэрыторыю сённяшняй Віцебшчыны (былы Дрысенскі павет, цяпер – Верхнядзвінскі раён).

Валяр’ян Грымалоўскі жыў, «як удзельны князь»

Вядома, што часцей аўтар мемуараў узгадвае свайго дзеда Валяр’яна, які нарадзіўся ў 1815 годзе. Валяр’ян Грымалоўскі быў уладальнікам маёнтку Грыгароўшчына (цяпер там пункт пропуску на мяжы з Латвіяй), фальваркаў Пунды (Pundy) і Коськаўцы (Kośkowce), якія размяшчаліся ля самае Дзвіны, і маёнтку Юльянава (Julianów), які быў пасагам ягонай жонкі Адэлі, дачкі барона Рэера (Reyer). Усе яны месцяцца на тэрыторыі былога Дрысенскага павету, цяпер – Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці.

Улюбёнаю сядзібаю Валяр’яна быў маёнтак Юльянава, дзе ён і пражыў да канца сваіх дзён. Вядома, што працаваў ён разам з паэтам, фалькларыстам і грамадскім дзеячам Ігнатам Храпавіцкім у міравым з’ездзе суддзяў Дрысенскага павету. Ягонымі захапленнямі былі праца ў садзе і ўласная бібліятэка, якая, паводле Станіслава Грымалоўскага, была адною з найлепшых у ваколіцы. Валяр’ян асвоіў нават рамяство пераплётчыка і сам для сябе рабіў скураныя вокладкі.

Вось як узгадвае Валяр’яна іншы ягоны ўнук – вядомы паэт, дзеяч Польскай сацыялістычнай партыі і чалец Легіёнаў Пілсудскага, аўтар аднаго з самых папулярных у Польшчы патрыятычных вершаў «Ta, co nie zginęła» Эдвард Слоньскі (Edward Słoński) у сваёй кнізе «Нязведаныя дарогі» (Drogi nieznane):

«У Юльянаве жыве дзядуля Валеры. Глыбокае, аж чорнае ад глыбіні возера. Палац стары, у атачэнні чорных, мяккіх лістоўніц. Ганак на магутных калонах, веранда даўгая, вельмі даўгая. У старым палацы старая мэбля і старыя люстэркі ў пазалочаных рамах. На люстэрках – матавыя плямы: месцы, запацелыя ад подыху пакаленняў, якія ўжо адышлі. […] Стары дзядуля Валеры мае даўгую белую бараду і дробныя жоўтыя рукі, настолькі жоўтыя, нібы з воску. Ягоны кабінет і два прылеглыя пакоі застаўленыя шафамі, поўнымі кніжак. Дзядуля сядзіць у зручным фатэлі за вялікім сталом і піша вершы. […] Дзеі разбітых сэрцаў, няшчасных каханняў і няспоўненых надзеяў перарыфмоўвае па сто разоў, з кожным разам больш вытанчана і дасканала, а пасля чытае сабраным суседзям. […] Жыве стары дзядуля, як нейкі ўдзельны князь. Мае шматлікую і добра вышкаленую прыслугу. Стары Марцін падае да стала ў белых баваўняных пальчатках».

Валяр’ян Грымалоўскі пражыў жыццё ў шчаслівым шлюбе. Меў дваіх сыноў: Яна і Іллю (бацька аўтара мемуараў) і чацвёх дачок: Марылю, Моніку (маці Эдварда Слоньскага), Адэлю і Наталлю. Абодва сыны скончылі Рыжскую палітэхніку. Старэйшы Ян выдатна размаўляў па-беларуску і меў музычны талент. Ён не стаў працаваць паводле спецыяльнасці ды вярнуўся ў Юльянава кіраваць маёнткам, дзе і пражыў да бальшавіцкага перавароту ў Расеі. Пасля з’ехаў у Даўгаўпілс, дзе неўзабаве памёр. Бацька аўтара, які працаваў высокім чыноўнікам у Маскве і Адэсе, напярэдадні нечаканай смерці ў 1912 годзе вярнуўся ў Юльянава, які ён атрымаў у спадчыну, дзе памёр у сне.

Лёсы Клеменса і Юльяна Грымалоўскіх

Сярэдні з братоў-літаратараў, Клеменс, быў бяздзетны. Узяў шлюб з Наталляю Грынявецкай. (Паводле Дароты Самборскай-Кукуць, валодаў маёнткам Атрошкі (Otroszki) у Новааляксандраўскім павеце, што на Браслаўшчыне). Разам з імі жыла ейная сястра Казіміра, якая закахалася ва ўдзельніка паўстання 1863 года (яго пасля расстралялі) і ніколі не выйшла замуж. Калі Клеменс аўдавеў, яны разам з Казіміраю назаўсёды пераехалі ў Юльянава.

Юльян Грымалоўскі, малодшы з трох братоў, скончыў Дэрпцкі (цяпер – Тартускі) універсітэт, пабываў у Турцыі. Ажаніўся з Тэкляю з Дамейкаў, яны мелі трох сыноў: Уладзіслава, Юзафа і Баляслава. Юльяну належаў маёнтак Нача (цяпер – вёска ў Полацкім раёне). Сам ён выдатна арыентаваўся ў сучаснай літаратуры, перадусім французскай, і дасканала ведаў французскую мову. Ягоны сын Уладзіслаў настаўнічаў у Юльянаве, стварыў папулярны ў тыя часы падручнік па гісторыі Польшчы і адаптаваў для моладзі тэксты гістарычных аповесцяў Генрыка Сенкевіча «Агнём і мячом», «Патоп», «Пан Валадыёўскі».

На сярэдняга, Юзафа, сям’я ўскладала найбольшыя надзеі: ён быў самы здольны і прыгожы. Аднак, як гэта часта бывае, бліскучай кар’еры перашкодзіў гарачы тэмперамент. Пасля смерці бацькі Юзаф прадаў маёнтак і з’ехаў у Баку настаўнікам французскай мовы. Трэці сын скончыў Рыжскую палітэхніку, ажаніўся і меў дзвюх дачок.

Што напісанае ў мемуарах пра Беларусь?

Аўтар мемуараў Станіслаў Грымалоўскі большую частку дзяцінства правёў у Адэсе, куды сям’я пераехала з увагі на маці, якая пакутавала на хваробу нырак. У Беларусь ён прыязджаў да сваякоў, спачатку разам з бацькамі, а ў старэйшых класах школы і сам. Кожнае падарожжа ён падрабязна апісвае ва ўспамінах.

А вось кароткі ягоны экскурс у беларускую гісторыю: «Цяпер жа прагну апісаць родны край майго бацькі. Маёнткі Юльянава, Грыгароўшчына, Коськаўцы, Запасішкі і Савейкі знаходзіліся ў Віцебскай губерні, а значыць – у Беларусі. Беларусь была часткаю Літвы, таму лёс гэтых земляў быў падобны. Пасля Люблінскай уніі ўзмацняюцца польскія ўплывы. Беларуская мова, якая ў той перыяд была афіцыйная, неўзабаве была замененая польскаю. З пачатку XVIII ст. Беларусь разам з Літвою сталі польскімі землямі. У культурным і палітычным плане гэта польскія Крэсы. Пасля першага падзелу [Рэчы Паспалітай – belsat.eu] амаль уся Беларусь пераходзіць пад уладу Расеі, пасля трэцяга – такі ж лёс спатыкае і Літву. Спачатку літоўскія землі называлі Літоўскаю губерняй, а беларускія – Беларускаю. Пазней, аднак, з абедзвюх тэрыторыяў стварылі шэраг такіх губерняў, як Віленская, Віцебская, Магілёўская, а ўсё разам назвалі Паўночна-Заходні край. У перыяд паўстанняў 31-га і 63-га гадоў Літва разам з Беларуссю бяруць дастойны ўдзел у вызвольным руху, а моладзь масава горнецца да барацьбы з захопнікам».

Станіслаў Грымалоўскі піша пра паўсюдную непісьменнасць сярод тагачасных беларусаў, гарачую іхную пабожнасць і яшчэ – беднасць, прычынаю якой, паводле яго, была мала ўраджайная зямля. А сярод мясцовай шляхты адзначае расейскія ўплывы.

У Парыжы прыахвоціліся да слімакоў 

Некалькі гадоў таму ў Юльянаве і Начы яшчэ жылі людзі, якія памяталі пра Грымалоўскіх з аповедаў старэйшых. Узгадвалі, напрыклад, што ўзімку паны жылі ў Парыжы, а ў Беларусь прыязджалі толькі ўлетку. «Паедзеш у Парыж – там угарыш!», – гэтак, паводле мясцовых, любіў казаць малады Грымалоўскі (ягонага імя яны ўзгадаць не змаглі – belsat.eu).  З сабою ўладальнікі маёнтку прывезлі французскую звычку: есці вінаградных слімакоў, якіх яны пачалі вырошчваць у Беларусі. А яшчэ ад Грымалоўскіх застаўся сад, дзе раслі антонаўкі «грамаў па 400»…

Чытаць іншыя артыкулы з рубрыкі «Ну і гісторыя!»

іншыя запісы
Каментары