Зміцер Ягораў Сеансы паказухі з поўным самавыкрыццём

рэдактар belsat.eu

«Гарачыя лініі» важных чыноўнікаў з Менску ў рэгіёнах выглядаюць прыкладна аднолькава: высокі госць сядае на месца гаспадара (крэсла старшыні райвыканкаму ў ягоным кабінеце), апошні – на бакавое месца «наведніка-прасіцеля», побач расстаўляюцца крэслы для іншых набліжаных. Тэлефон уключаюць на гучную сувязь і… прадстаўленне пачынаецца!

І да галоўнага пракурора, і да галоўнага будаўніка, і да галоўнага дзяржкантралёра тэлефануюць з тымі самымі скаргамі. Пытанні па жыллю, заробках, якія не выплачваюць, трубах, якія цякуць. Высокі чыноўнік натапырвае вусы, набліжаныя чырванеюць па чарзе – у залежнасці ад спецыялізацыі скаргі. Самы чырвоны, ажно да ліловага, сядзіць галоўны па раёне. Ягоны колер твару не зменіцца да глыбокай ночы, бо калі «гарачая лінія» скончыцца, то распачнецца больш прыемная для гаспадароў (ды і госця) частка – банкет, апцыянальна з лазняю.

У самых недалёкіх кіраўнікоў раёну мясцовыя жыхары тэлефануюць і дзякуюць за шчаслівае жыццё. Але такія падстаўныя званкі чыноўнік з Менску звычайна раскусвае ў першыя секунды, натапырвае вусы яшчэ больш. Паказуха мае быць, але – толькі да пэўнай ступені. Кожны, хто паводле доўгу службы мае партрэт на сцяне, мусіць ведаць, што дзякаваць за шчаслівае жыццё ў гэтай краіне можна толькі аднаму чалавеку. Але, як той казаў, няма дурняў.

Шкада, што не давялося назіраць усю гаму чырвонага падчас «гарачай лініі» кіраўніка Дзяржкантролю Леаніда Анфімава, што адбылася ў Паставах. За паўтары гадзіны да яго датэлефанаваліся 9 асобаў. Праблемы тыя ж, жыццёвыя: будаўніцтва жылля, закрыццё спіртзаводу (там працаваў кожны дзясяты жыхар пасёлку паблізу), не працуе крама ў адной з вёсак. Тое, пра што мясцовыя чыноўнікі і так цудоўна ведаюць. Анфімаў жа ведае, што тыя пра гэта ведаюць: «за рэдкім выключэннем чыноўнікі ведаюць пра праблемы, якія падымаюць жыхары». А што з гэтым можа зрабіць кіраўнік дзяржкантролю? Натапырыць вусы і даручыць разабрацца. Гэта значыць – нічога. Навошта тады Анфімаву паліць дзяржаўны бензін, ехаць у Паставы, калі чыноўнікі і так усё ведаюць?

Але сеанс кантакту з народам працягнуўся далей. На асабісты прыём прышлі 10 асобаў, палова з іх паскардзілася на тое, што на «Маладзечналесе» не даюць заробак. Напэўна гэта змусіла дзяржкантралёра ізноў натапырыць вусы, а кагосьці – ізноў пачырванець. Пра якую мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай прамысловасці гавораць у Менску, калі ў філіялах прадпрыемстваў «Беллесбумпрому» не даюць заробак?

Усе ўсё ведаюць, ды толькі і робяць – чырванеюць і натапырваюць вусы. Знізу ўверх – па вертыкалі. Толькі кіраўнік краіны не чырванее, яму натапырваць вусы за ўсіх трэба – такая праца.

Але ёсць надзея на тое, што прынамсі ў тых, хто ўмее чырванець, акрамя страху ёсць і сумленне. Такая надзея з’явілася дзякуючы галоўнаму кантралёру краіны, які раптам расставіў усё па месцах і назваў рэчы сваймі імёнамі!

«Дармаед, – сказаў ён, – гэта не толькі чалавек, што сядзіць на шыі ў іншага. Дармаед сядзіць на шыі дзяржавы. Ён патрабуе ад дзяржавы ўсе сацыяльныя даброцці, што прадугледжаныя заканадаўствам для грамадзянаў. Але адначасова гэты чалавек толькі патрабуе, а сам нічога не дае ўзамен. Такі чалавек і ёсць дармаед».

Залатыя словы! Заканадаўства прадугледжвае для дзяржслужачых павышаную пенсію, надбаўкі, павялічаныя адпачынкі! Камусьці – і асабістага кіроўцу з машынаю! А што ж яны даюць дзяржаве ўзамен? Толькі робяць, што ў залежнасці ад сітуацыі – чырванеюць, альбо натапырваюць вусы.

Зміцер Ягораў, beslsat.eu

іншыя запісы
Каментары