Аляксандр Гелагаеў Савецкі зомбі яшчэ кусае маладых беларускіх жаўнераў

гісторык, вайсковы аглядальнік

237_34Сёлета ў Барысаве прынялі вайсковую прысягу на вернасць Беларусі каля 300 навабранцаў. Аднак напачатку ўрачыстай цырымоніі адбылася своеасаблівае шоу – тры хлопцы ў уніформе Чырвонай арміі часоў Грамадзянскай вайны ў Расеі, Другой сусветнай вайны і Савецкай арміі 1980-х гадоў прачыталі прысягі савецкіх часоў.

«Была задача паказаць падчас цырымоніі прыняцця прысягі пераемнасць пакаленняў. Сёння, як бы на імгненне зазірнуўшы ў легендарнае мінулае, мы паказалі, як прымалі прысягу нашы прадзеды і дзяды ў далёкім 1918 м і 1941 годзе, як прымалі яе ў часы Савецкага саюзу», – цытуе генерал-маёра Аляксандр Вальфовіча «Беларуская ваенная газета».

Такім чынам завадары мерапрыемства несвядома, спадзяюся, паклалі адразу некалькі небяспечных мінаў пад ідэалогію сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Савецкая прысяга – класавая прысяга класавай дзяржавы. І самі прысягі аж да 1960 году называюць армію «працоўна-сялянскай». Такім чынам сучасных беларусаў зноў хочуць падзяліць на варожыя групы і распаліць абавязковы ў камуністычныя часы агонь «класавай нянавісці»? Як павінны да такой прысягі ставіцца нашчадкі «варожых класаў і станаў» – святарства, шляхты, буржуазіі, заможных сялянаў?

Заўважым, што ў «далёкім 1941 годзе» прысяга ўключала словы «выконваць вайсковыя статуты і загады камандзіраў, камісараў і начальнікаў». Відэазапіс сведчыць, што згадка пра камісараў, то бок прадстаўнікоў афіцыйнага кантрольна-ідэалагічнага апарата партыі, таемным чынам знікла з агучанага тэксту.


Не выключана, што адсутнасць згадкі пра камісараў звязана з іншай важнейшай мэтай незалежнай беларускай дзяржавы – міжрэлігійным і міжканфесійным мірам.

Падчас урачыстасці ў Барысаве разам з ганаровымі гасцямі стаяў праваслаўны святар – цікава, пра што ён думаў, калі жаўнер у будзёнаўцы чытаў версію прысягі часоў Чырвонага тэрору, разбурэння цэркваў і бязлітаснага вынішчэння актыўных вернікаў?

Да якой «пераемнасці пакаленняў» заклікае сучасных беларускіх жаўнераў чырвонаармейская прысяга, падпісаная Якубам Свердлавым у 1918 годзе? Тым самым Свердлавым, які арганізоўваў масавыя расстрэлы, а таксама санкцыянаваў забойства царскай сямʼі – то бок афіцыйных святых Рускай Праваслаўнай Царквы?

Прысяга СССР 1977 года ўключае словы «выконваць Канстытуцыю СССР… быць адданым… сваёй Савецкай Радзіме і Савецкаму ўраду». Аднак СССР быў спакойна ліквідаваны ў 1991 годзе ў Белавежскай пушчы, і па вялікім рахунку аніводны савецкі генерал, афіцэр ці жаўнер нічога не зрабілі ў тыя снежаньскія дні, каб сваю «Савецкую Радзіму» уратаваць.

Дык якую ж мараль вынесуць беларускія жаўнеры з такога «гераічнага прыкладу»? Тое, што можна лёгка адмовіцца ад дадзенай прысягі і прыняць новую?

237_33

Канешне, можна абсалютна сумленна і шчыра сказаць, што «савецкая Радзіма, савецкі народ» і таму падобныя канцэпцыі – на самой справе ніколі не існаваўшыя фантазмы, мроі, якія не мелі нічога агульнага з рэчаіснасцю.

Няма і ніколі не было ніякага «савецкага народу». І гэта гістарычны і навуковы факт: беларускі народ быў і ёсць, а «савецкага» – няма. Таму і прысяга не мела рэальнага сэнсу.

Аднак у такім выпадку навошта ўвогуле цягнуць савецкія сімвалы і рыторыку, якія аказаліся толькі цяжкімі хваравітымі мроямі, у жыццё рэальнай беларускай арміі, якая павінна абараняць сваю рэальную Радзіму?

Навошта забруджваць свядомасць грамадзянаў Беларусі згадкамі пра «пераемнасць пакаленняў», калі адзіны юрыдычны пераемнік чырвонай Масквы – сучасная Масква?

Калі беларускіх жаўнераў вучаць бараніць незалежнасць Беларусі, чаму яны павінны шанаваць тую дзяржаву, толькі поўнае знікненне якой і дало шанец Беларусі на незалежнае існаванне?

Зомбі, як вядома, асабліва любяць есці чалавечыя мазгі. Баюся, савецкія мерцвякі ўсё яшчэ ласуюцца змесцівам галоваў шмат якіх беларускіх генералаў і афіцэраў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары