Аляксандр Тамковіч Самыя стабільныя

публіцыст, пісьменнік

Напрыканцы году традыцыйна падводзяцца розныя вынікі. Пакуль гэта не стала інфармацыйным цунамі, і, ведаючы пра тое, што звычайна памятаюць першых і апошніх, дазволім сабе пачаць менавіта сёння. І менавіта з перамог, бо «чырвоны дзень календара» разам са стагоддзем гэтай падзеі патрабуе толькі «пераможных» думак. Нават, калі яны будуць крыху іранічнымі.

Ітак, першая перамога.

Не палічыце абракадабрай, але за час Савецкай улады мы сталі САМЫМІ ВЕРУЮЧЫМІ ў свеце. Інакш цяжка зразумець, чаму Свята-Елісавецінскі манастыр праводзіць выставу, прысвечаную 100-годзю «свята» тых, хто называў рэлігію «опіем для народа»…

У аднаго знаёмага мастака падчас уступлення ў камсамол спыталі: у каго ён больш верыць – у Леніна, або ў Бога. Той адказаў – у абаіх адразу. Нешта падобная пануе сёння і ў галовах большасці нашых суайчыннікаў, таму беларусаў смела можна назваць САМЫМІ РЭВАЛЮЦЫЙНЫМІ.

Не буду зараз нагадваць крывавыя лічбы, якія датычацца гэтага «свята», толькі працытую адну з кніг бліскучага пісьменніка Марка Алданава. На мой погляд, яна вельмі красамоўна гаворыць пара тое, што адбылося ў нашай гісторыі. У «Самагубстве» Марк Аляксандравіч піша: «Ленін памер. Напэўна, палова чалавецтва аплаквала яго смерць, трэба было аплакваць нараджэнне»…

Цяпер трэцяя намінацыя.

Уяўляю колькі зараз будзе абурэнняў, але, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, беларусы павінны быць САМЫМІ БАГАТЫМІ, бо перад кожнымі выбарамі нам так часта павышалі заробкі і пенсіі, што яхта Абрамовіча можа паказацца нечым недарэчна танным. А кожны пенсіянер або настаўнік хутка пераедзе ў «Дразды», каб пабудаваць там уласны катэдж, коштам у некалькі мільёнаў долараў.

Я спецыяльна не бяру гэты абсурд у двукоссе. Прапаную зрабіць так кожнаму чытачу, і падумаць, чаму пенсіі і заробкі «сілавікам», павысілі ў некалькі разоў больш, чым усім астатнім… Напэўна, таму, што там сабраліся адны волаты, якія і працавалі ў некалькі разоў лепш за тых, каго яны абаранялі…

На перамогу ў яшчэ адной намінацыі ўплывае не толькі тое, што па колькасці алкаголю на душу насельніцтва мы адны з самых нецвярозых у свеце. САМЫЯ ВЯСЁЛЫЯ беларусы яшчэ і таму, што заўсёды імкнуцца ўсім паказаць, як ім весела жывецца. І ніхто нават не думае, што нават вясёласць знаходзіцца ў нас пад пільнай і «ідэалагічна правільнай» аховай.

Адсюль лагічна выцякае яшчэ адна намінацыя – САМЫЯ АБАРОНЕНЫЯ.

Тых, хто нас абараняе, развялося столькі, што па некаторым лічбам Беларусь абагнала не толькі ўсе цывілізаваныя краіны, але і суседнюю Расею. Пры гэтым трэба ўлічыць, што нават звычайны амапавец атрымлівае заробак значна большы, чым той, хто спявае ці танцуе на сцэне.

Да таго ж я не разу не чуў, каб халяўная сталічнае жытло давалі артыстам якога-небудзь тэатру. Напрыклад, Купалаўскага…

А тое, што калючым дротам абматалі нават саміх «абаронцаў», гаворыць пра тое, што яны ў нас, (як і армія) САМЫЯ АЧАРНЁНЫЯ. Кожная слова крытыкі тут успрымаецца абуральнай крамолай.
Не буду зноў агучваць усім вядомыя факты. Думаецца, адказам на многія пытанні можа быць рэпліка, якую я пачуў шмат год таму.

Немец-інспектар спытаў нашых ужо «суверэнных» афіцэраў, чаму звычайна ў царскага войска плот, каля частак былі вельмі маленькім? І сам адказаў на жартоўная пытанне: »Каб народ бачыў, чым за іх грошы, займаецца армія…»

І ўвогуле, калі верыць прапагандыстам, мы САМЫЯ САМЫЯ. Усё ў нас самая лепшае ў свеце –- адукацыя, медыцына, адзенне, ежа і г.д. Мы нават сталі «касмічнай дзяржавай». А на тое, што чыноўнікі за мяжой вучаць сваіх дзетак, лечацца там, адзяваюцца і купляюць ежу, а нашы касмічныя падарожнікі рэтранслююць звычайную парнуху, не трэба звяртаць увагу. Гэта ад дэфіцыту патрыятызму…

А яшчэ мы САМЫЯ СТАБІЛЬНЫЯ, бо толькі надзвычай «стабільныя» людзі могуць дазволіць так стабільна над сабой здзекавацца. Як нядаўна сказаў вядомы сваёй дасціпнасцю спявак Віктар Шалкевіч: «Калі нехта хоча пабудаваць сацыялізм, трэба ўзяць краіну, якой не шкада»…

іншыя запісы
Каментары