Аляксандр Тамковіч Розныя сярод роўных

публіцыст, пісьменнік

Цалкам згодны з тымі, хто лічыць: погляд на свет інваліда-вазочніка адрозніваецца ад таго, як глядзяць на гэта ж самае здаровыя людзі. Ад сябе дадам, што і погляды чыноўнікаў таксама адрозніваюцца ад усіх астатніх.

Яны наскрозь пранізаныя адчуваннем АСАБІСТАЙ ВАЖНАСЦІ.

Апошнім часам мне давялося чуць адразу некалькі выступаў уладных віпаў. Усе прамовы тычыліся выканання Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, аднак ніводнага разу так і не прагучала, калі канкрэтна (дзень?) яна будзе імпліментавана ў беларускую рэчаіснасць.

Дакладней, калі будзе прыняты план рэальных дзеянняў, які ў Беларусі прапісаны да 2030 года.

Напэўна, сёння ў нашага чынавенства такі «трэнд» – нічога канкрэтнага не казаць увогуле. Вось і гучыць з розных вуснаў абстрактнае «бліжэйшым часам». Кіраўнікі міністэрства працы і сацыяльнай абароны запэўніваюць, што іх ведамства распрацавала адпаведны дакумент яшчэ напрыканцы траўня і ўрад яго прыме ўжо ў чэрвені. Маўляў, нехта наўмысна «доўга запрагаў», каб хутка зараз «ехаць».

«Хутка ехаць» засталося 15 дзён…

Але галоўнае не ў датах.

Сутнасць у іншым. «Наверсе» даволі «своеасабліва» трактуюць пункт Канвенцыі аб тым, што хуткасць яе выканання залежыць ад магчымасцяў краіны. Такое ўражанне, быццам бы ўлады папросту не спяшаюцца з рэальнымі дзеяннямі.

Нікога не бянтэжыць нават тое, што ў Расеі, напрыклад, гэты «бліжэйшы час» працягваўся некалькі гадоў…

Юрыст і стваральнік Офісу па правам людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, які сам у мінулым узначальваў Рэспубліканскую Асацыяцыю інвалідаў-вазочнікаў, у размове з аўтарам гэтых радкоў адмыслова падкрэсліў, што такое патрабаванне ёсць не толькі ў абазнанай Канвенцыі, але і з’яўляецца глебай міжнароднага права.
Сродкі на рэалізацыю любога закона трэба прызначаць адразу ж, а розная хуткасць агаворана толькі дзеля таго, каб была магчымасць вызначыцца з лепшым выканнем Канвенцыі. Атрымліваецца знаёмы па вядомай кнізе прынцып: вечарам – грошы, раніцай – стулы. А не на адварот.

Менавіта гэтыя абставіны і сталіся прычынаю таго, што некаторыя краіны наўмысна заніжаюць індэкс інваліднасці. Усё проста – чым меней людзей з інваліднасцю, тым менш грошаў трэба шукаць у дзяржаўным бюджэце.

Калі прааналізаваць паказнікі большасці развітых краін, то індэкс інваліднасці ў іх у сярэднім складае каля 15-17 % ад усяго насельніцтва. У краінах так званага «трэцяга свету» гэтыя паказнікі не меншыя, але там «здараюцца» розныя маніпуляцыі.

Напрыклад, Мазамбік, некалі афіцыйна даваў лічбу ў 2,7 адсотка, дасведчаныя міжнародныя эксперты яе праверылі і налічылі аж 18,5%.

Як кажуць у такіх выпадках, no comment.

У Беларусі індэкс інваліднасці складае 6%, аднак у мяне (і не толькі) шмат сумневаў, што гэтая лічба САПРАЎДЫ ў тры разы ніжэй, чымся ў «загніваючых капіталістаў»…

Самае цікавае, на рэалізацыю Канвенцыі на думку згаданага вышэй Сяргея Драздоўскага, дадатковага фінансавання пакуль не трэба. Дастаткова разабрацца з тым, што ўжо ёсць, і разумна яго пераразмеркаваць.
Сутнасць не толькі ў «карупцыйным складніку», які амаль заўсёды суправаджае дзяржаўнае фінансаванне. Калі прааналізаваць сродкі, якія Беларусь вылучае на розную сацыяльную дапамогу з аналагічнымі паказнікамі Літвы або Польшчы, то мы выдаткоўваем значна больш. А вось эфектыўнасць іх выкарыстоўвання ў нас значна ніжэй за суседзяў.

Чаму? Адказ просты – «грошы цякуць у пясок».

Да таго ж, каб не гадзіць ніякія сродкі не патрэбныя ўвогуле. Проста неабходна пазбавіцца ад любога парушэння заканадаўства. А з гэтым у беларускіх чыноўнікаў заўсёды ВЯЛІКІЯ праблемы.

Існуючыя законы перш за ўсе парушае не абстрактная «пятая калона», а той, хто іх і прымаў. Спрацоўвае прынцып – што абараняеш, тое і маеш.

3 кастрычніка 2016 года на самым высокім афіцыйным узроўні мы падпісваем Канвенцыю, а ў лютым 2017 камітэт па працы Менгарвыканкаму прымае новае палажэнне аб спецыяльным доме (Менск, праспект Ракасоўскага, 50), дзе нахабна парушаецца права людзей з інваліднасцю на сям’ю.
А, калі прааналізаваць дакументы, якім рэгламентуецца зараз будаўніцтва ў нашай краіне, то яны ўвогуле (у частцы безбарернага асяроддзя) адкідваюць Беларусь мінімум гадоў на дзесяць назад.

Дарэчы, менавіта амаль дзесяць (13 снежня 2006) гадоў таму ў ААН і ўзнікла Канвенцыя аб правах інвалідаў. Беларусь яе падпісала і ратыфікавала апошняй у Еўропе і то (мяркуюць многія) толькі таму, што трэба было ехаць на Генеральную Асамблею ААН. І справа не толькі ў адсутнасці сродкаў. Справа ў назве.

Паказ моднай калекцыя ад дызайнера Кацярыны Цікоты ў фармаце «inclusive clothing» з улікам фізіялагічных асаблівасцяў людзей з абмежанванымі магчымасцямі

Слова «правы» на кіраўніка краіны дзейнічае, як чырвоная ануча на быка, і галоўнае тут зусім не нейкая праваабарончая дзейнасць. Проста, калі ў людзей з’яўляюцца правы, яны перастаюць залежаць ад дзяржавы, што кардынальным чынам не адпавядае айчынай «стабільнасці».

… Словы, якія сталі назваю гэтага артыкула, прагучалі напрыканцы мінулага тыдня на VI справаздачна-выбарчым з’ездзе грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў». Менавіта ў іх, на мой погляд, і есць галоўны мэсідж Канвенцыі аб правах інвалідаў – бачыць сярод РОЎНЫХ РОЗНЫХ. А не выконваць РОЎНАСЦЬ «скрозь зубы»…

Аляксандр Тамковіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары