Аляксандр Фядута Рэзанне венаў без абвяшчэння перапынку

паліткансультант

На паседжанні суда над сабой «апошні дзекабрыст» Уладзімір Кондрусь паспрабаваў разрэзаць вены. У знак пратэсту.

Я яго разумею. Ўсіх выпусцілі – яго судзяць. Гэта таксама – знак. Сістэма даказвае на лёсе асобнага чалавека, што спроба яе звяржэння не мае тэрміну даўніны. Калі захацелі, тады і «павязалі». Калі захацелі, тады і асудзілі. А вены – ну, рэж, калі хочаш. Твая справа. Што там у цябе, у венах, разрэз пакажа.

На судзе абвясцілі перапынак. Але беларускае правасуддзе працуе без перапынку. З паўзамі, выкліканымі воплескамі эмоцый сусветнай супольнасці, аднак без фармальнага абʼяўлення перапынку. Прыгадайце: колькі часу ўгаворваюць эксперты і палітыкі з Рады Еўропы кіраўніцтва нашай краіны ўвесці мараторый – фармальна абвешчаны перапынак – на смяротнае пакаранне. Не пагаджаюцца. Так, перапынкі бываюць – ад пакарання да пакарання. Але каб абвясціць перапынак – не, гэтага нельга. Гэта фармальнае прызнанне таго, што можа быць па-іншаму, што ёсць і альтэрнатыва гвалтоўнай смерці як пакаранню. Але прызнаць, што існуе альтэрнатыва смерці, ці не раўназначна прызнанню таго, што можа быць і альтэрнатыва ўлады, якая гвалтоўна адбірае ў чалавека жыццё?

Уладзіміру Кондрусю не пагражае смерць. Але ён не хоча і такога жыцця. Ён хоча іншага жыцця. Жыцця, у якім ёсць альтэрнатыва. Жыцця, у якім ёсць не толькі «выбары», але і выбар. Рэальны. Жыцця, у якія няма Ярмошынай. Гэта значыць, канкрэтная, адчувальная да неверагоднасці Лідзія Міхайлаўна Ярмошына няхай застаецца – на кухні, раз ужо ёй так дорага гэтае месца. І няхай нават варыць боршч – гэтую яе страву не нам з Кондрусём расхлёбваць. Але замест Ярмошынай павінна ж быць нешта іншае?

Нажаль. Альтэрнатывы Ярмошынай у нашай сістэме няма, як няма альтэрнатывы смяротнай кары. Кажуць, што яе не будзе пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзеючага нашага Цырка (Цэнтральнай выбарча-рэферэндумнай камісіі). Прызначаць новага. Знойдуць сваю Элу Памфілаву. У Расеі, вунь, – знайшлі ж! Але Памфілава там новая, а вынік стары. Гэта як у карэйскай казцы пра дракона. Ты можаш, вядома, яго забіць, але, у рэшце рэшт, сам у яго ператвараешся. Альтэрнатывы няма.

Вядома, рана ці позна раскрыюць не толькі вены «апошняга дзекабрыста», але і архівы. І тое выкрыццё пакажа, як улада прымала рашэнні, якія менавіта і ў якім персанальным складзе. Бессэнсоўна думаць, што ўсё будзе схавана пад цяжарам часу: і рукапісы, як мы памятаем, не гараць, і выканаўцы робяць копіі перад тым, як выканаць загад і рукапіс усё-такі спаліць. Тады мы пачнем разумець, ці была альтэрнатыва і ці быў магчымы перапынак у дзейнасці нашай рэпрэсіўнай машыны. Але цяпер…

Цяпер суд працягваецца.

Тыя ж – без Кондруся. Ён выдалены з суда над самім сабой як злосны парушальнік безальтэрнатыўнасці. Ён прапанаваў уласны варыянт прысуду – разрэз вен. Яго б маглі і да гэтага прысудзіць – але гэта таксама – якая-ніякая – альтэрнатыва. А яе дапусціць нельга. Нават смерць магчыма толькі ў адпаведнасці з ухваленай дзяржавай працэдурай. Таму першую дапамогу акажуць, нягледзячы на супраціў пасцельнаму рэжыму.

Альтэрнатывы няма. Перапынак не абвесцяць.

іншыя запісы
Каментары