Аляксандр Тамковіч Real Чарнобыль, або «Сала з чыстай вёскі»

публіцыст, пісьменнік

Фота Stefan Krasowski

Пачну з крамолы. Па вялікаму рахунку мне «па барабану», што сёння скажуць беларускі і ўкраінскі прэзідэнты на Чарнобыльскай атамнай станцыі, бо наўрад ці мы пачуем нешта новае і сенсацыйнае. Адзін будзе лукавіць пра «перамогу над радыяцыяй», другі дыпламатычна рабіць выгляд, што ўсяму верыць…

Пры гэтым абодва ніколі не стануць жыць паблізу ад атамных рэактараў…

Каб у першыя гады пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, нехта сказаў, што ў Беларусі будуць будаваць сваю атамную станцыю, яго б, мякка кажучы, НЕ ЗРАЗУМЕЛІ і накіравалі б да псіхіятра. Сёння гэтую станцыю будуюць тыя, каму таксама «па барабану» якім будзе жыццё ў Астраўцы праз 15-20 год.

Фраза, якая стала часткай назвы гэтага артыкула, прагучала зімой 2015-га года, калі я «збіраў фактуру» для будучай кнігі пра Чарнобыльскую катастрофу, што стала глебай для небывалай гуманітарнай дапамогі, і праехаў па пацярпелых раёнах каля пяці тысяч кіламетраў.

Належыць яна Валянціне Фёдараўне Смольнікавай з Буда-Кашалёва, былой дакторцы. У словах адной з самых шчырых прыхільніц чарнобыльскага руху краіны ўтрымліваецца красамоўны адказ тым, хто называе аварыю на ЧАЭС «пройденным этапом».

Задумайцеся! З моманту катастрофы мінула больш за трыццаць год, а мы, калі частуем гасцей, дагэтуль гаворым: «Не бойцеся, ешце! Гэта сала – з чыстай вёскі!»

Фота Stefan Krasowski

Згадваецца і другі выпадак, калі я заблукаў у «зоне» і выехаў проста да новага кароўніка. Уразіла афіцыйная двудушнасць.

Небяспечныя для жыцця людзей землі ад «чыстых тэрыторыяў» аддзялялі толькі некалькі сот метраў поля. Фарба на кароўніку толькі-толькі высахла.

Магчыма, гэта і быў той самы выпадак, які дзяржаўная прапаганда называе «перамогай над радыяцыяй», але мне, як і знакамітаму рэжысёру Станіслаўскаму, у той момант захацелася сказаць: «Не веру!»

Не веру я, што працягласць паміж «жыць нельга» і «ўсё нармальна» складае ўсяго сотню метраў.

Асабліва калі ўлічыць дажджы, ветры, грунтовыя воды…

Фота Martijn Munneke

Самая «цікавае», што адбыліся тыя паездкі (як і потым сама кніга) дзякуючы падтрымцы нямецкай амбасады ў Менску. Таму мне зараз не зусім зразумелае іх стаўлянне да свайго ж праекту.

Напэўна, праўда, што наша жыццё нагадвае «зебру», дзе белыя і чорныя колеры змяняюць адзін аднаго. У 2015-м годзе святкавалі 70-годзе Перамогі і ўспаміналі фашыстаў. 2016 год нагадаў пра 30-годзе Чарнобыля, дзе немцы былі камертонам сусветнай гуманітарнай дапамогі. Дзень Волі 2017 пачаўся з таго, што многія заўважылі нямецкія аўтаматы ў беларускіх амапаўцаў…

Вельмі не хацелася каб у людской памяці імідж немцаў заставаўся менавіта такім, бо асабіста мне цяжка зразумець, чаму (такімі былі ўмовы) пра прэзентацыю кнігі, якую яны дапамагалі выдаць, нельга было пісаць у прэсе, а ў прамовах выступоўцаў не павінна было гучаць ніякай антыядравай рыторыкі. І гэта пры тым, што самі немцы плануюць закрыць нямецкія атамныя станцыі да 2022 года!

Больш за тое, мне не зразумела, і чаму спіс удзельнікаў прэзентацыі кнігі пра Чарнобыль трэба было зацвярджаць у ідэалагічным аддзеле Менгаравыканкаму… Магчыма таму, што каля замежных амбасадаў працуюць шмат беларусаў, якія сталі больш «пільнымі» за гэтых самых дыпламатаў, а магчыма таму, што зараз зноў – ўхваляная яшчэ Бісмаркам «Realpolitik»…

Аднак заставім складанасці палітэса, як кажуць, «за дужкамі». Значна важней зразумець, чаму «Чарнобыльскія шляхі» (першы дарэчы, адбыўся не 26 красавіка, як зараз а 30 верасня 1989 года) апошнім часам сталі не самымі шматлюднымі акцыямі сучаснасці.

Калісьці стваральнік знакамітага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы (светлая памяць!) адказаў мне на гэта пытанне так: «Таму, што на іх стала мала саміх чарнобыльцаў»…

Закончыць жа гэты тэкст хочацца яшчэ адной цытатай. Два гады таму вядомы рэжысёр Юрый Хашчавацкі сумна сказаў: «Нас выратаваць можа толькі расейская карупцыя. Украдуць столькі, што нічога не пабудуюць…»

Дазволю, сабе не пагадзіцца з культавым кінадакументалістам – украдуць і пабудуюць… Таму што самі збіраюцца з’ехаць з Беларусі, або жыць у «Драздах»…

 

іншыя запісы
Каментары