Андрусь Горват Разбудзіце мяне, калі выбары скончацца

вясковы назіральнік

Андрусік Іванавіч, напішыце пра выбары.
– Добра, без праблем!
Бляха, якія выбары? У нас былі выбары? А што мы выбралі?

Партрэт дзядзі з вялікім носам

Не, я помню партрэт дзядзі з вялікім носам на вакзале ў Калінкавічах. Я чакаў цягніка, рабіць не было чаго, сасіску ў цесце я ўжо з’еў, новую сторублёўку на плакаце ў калінкавіцкім «Хутка-жудка» разгледзеў, то я пачаў шукаць арфаграфічныя памылкі ў яго перадвыбарчай праграме. У такіх праграмах адно толькі – арфаграфічныя памылкі могуць быць.

У мяне таксама шнобель на твары яшчэ той. Асабліва на фота, якое зрабіў Сяргей Гудзілін. Таму ніякіх прэтэнзій да чыйгосьці носа я не маю. І памылак у дзядзевай праграме я не знайшоў. От усё, што я помню пра выбары.

Я не ведаю, як можна пісаць пра выбары сурёзна. Як можна здзіўляцца: «Аёечкі! На выбарчым участку № 11 адбылося парушэнне № 12! Ахтунг! Ахтунг! Гамон эврыбады!». Ну, парушэнне. Ну, фальсіфікацыя. Ну, яўкі не было, а, аказваецца, што была. Ну – вы не паверыце – старшыні райвыканкамаў набралі гістарычныя максімумы галасоў. Ну, назіральнікі зафіксавалі болей парушэнняў, чым я назбіраў трупаў блох пасля дзіхлафоса. І што? Штосьці змянілася?

Выбары – гэта даўно проста народны абрад, дзе адныя людзі з чырвонымі ад спуду тварамі («Мама, мяне пакажуць па тэлевізары! Запішы на відзік!») нешта расказваюць іншым людзям, якія, калі ўжо пакапалі бульбу, то ляніва паслухаюць і ляніва прагаласуюць. Але назаўтра ўсе прачнуцца ў той самай краіне.

Выбары – гэта нагода папрасіць Люду наліць.

– Люда, сёння праздзнік. Налі.

– У цябе кожны дзень празднік. Ты з панядзелка не прасыхаеш.

– Налі, Люда. Мы сёння выбралі будучае нашай краіны – гэта вялікае дзела.

Гэта я выдумляю. Па праўдзе, калі пасля выбараў і п’юць, то так:

– Усё адно нічога не зменіцца. Давайце вып’ем за здароўе. Каб яшчэ пажыць і дзяцей на ногі паставіць.

Валя папрасіла прагаласаваць

Андрусік Іванавіч, напішыце пра выбары ў вёсцы.

А што ж вам расказаць, харошыя вы мае? Чаго вы яшчэ не ведаеце пра гэтыя вашыя выбары?
У вёсцы галасуюць амаль усе (ведалі?). Галасуюць не таму, што ў штосьці вераць – у выбары, у дэпутатаў, у змены ці ў будучыню. Галасуюць таму, што вёска – гэта адна тусовачка. Такая самая тусовачка, пра якую колісь пісаў Стась Карпаў.

Валя (Галя, Таня, Маня) папрасіла прагаласаваць, я з Валяй піў-еў-спаў. То я прагаласую. Няхай маладзіца работае, у яе сын вучыцца. Усё адно нічога не зменіцца, няхай хоць Валі будзе добра. От такія матывы.

На вёсцы ніхто не ведае, чым дэпутаты займаюцца. Мне 33 гады, я маю вышэйшую адукацыю і таксама не ведаю, чым займаюцца беларускія дэпутаты. Ім, бедным, мабыць, і няма чаго рабіць.

Я не галасую. Да мяне нават выбарчая камісія не ездзіць, бо я колісь укусіў Валю каля крамы і цяпер маю паганую рэпутацыю.

Але я пачынаю расказваць пра выбары сурёзна, нібыта гэта, і праўда, сурёзная з’ява.

Я будую маленькую хатку на ўскрайку вялікага Сусвету

Андрусік Іванавіч, напішыце пра выбары ў вёсцы, як да іх людзі ставяцца.

На выбарах не выбіраюць дэпутатаў, а выбіраюць клетачку, у якой намаляваць «птушку». От так людзі і ставяцца.

Сапраўдны выбар чалавек робіць, калі прачынаецца, глядзіць у акно і думае, што шмат жыцця прайшло і хочацца пачаць жыць лепей. І робіць выбар – з’ехаць з Беларусі. Ці ў суседняй хаце прачынаецца іншы чалавек, таксама глядзіць у акно на тую самую вуліцу, таксама думае пра жыццё і пра лепей. І таксама робіць выбар – застацца і яшчэ раз паспрабаваць жыць лепей тут.

От то выбар, а не гэты аграгламурны цырк-шапіто.

Ці я сёння рабіў яшчэ адну прыбудову да хлява і думаў, з якога боку выразаць дзвярны праём. Я зрабіў выбар, і гэты выбар больш зменіць маё жыццё, чым выбары дэпутатаў. Выбары дэпутатаў зменяць жыццё толькі саміх дэпутатаў. Я ведаю аднаго былога дэпутата. Ён цяпер банкірам працуе. Сумняваюся, што ён вырашыў праблемы сваіх «выбарцаў», але свае – дык дакладна.

Я не чакаю, што мяне пахваляць. Наадварот, я чакаю вымову пра грамадзянскую пазіцыю, пра адказнасць на маіх плячох за лёс нацыі і зямлі, якая мяне нарадзіла, выгадавала, дала дыплом, які ляжыць у шуфлядзе. Але я належу да цэлага пакалення людзей – і ў вёсцы і ў горадзе – якія стаміліся верыць у абстрактнае. Я-мы прачнуліся, паглядзелі ў акно, убачылі, што шмат жыцця прайшло, і зрабілі свой выбар – дыстанцыявацца ад палітычных працэсаў і будаваць свае маленькія хаткі на ўскрайках вялікіх сусветаў. Я-мы возім цэглу іржавымі тачкамі на адным коле і просім не прыязджаць да нас з урнамі і разбудзіць, калі выбары і размовы пра іх скончацца.

Андрусь Горват, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары