Аляксандр Фядута Расстрэлы як форма гандлю з Захадам

паліткансультант

У аднаго з папярэднікаў Уладзіміра Макея на пасадзе міністра замежных справаў Беларусі была мянушка: «Міністр вонкавага гандлю». Не пасада так называлася – функцыя ў яго была такая. Калі размяркоўвалі абавязкі сярод урадоўцаў, яму даручылі, акрамя іншага, асабіста прапіхваць на міжнародныя рынкі трактары. І амбасадары замежных дзяржаваў распавядалі мне асабіста, як, прыходзячы да яго ў кабінет, каб вырашыць пытанні падрыхтоўкі паседжання двухбаковых камісіяў, на якіх меліся абмяркоўвацца ўмовы эканамічнай супрацы, чулі меланхалічнае:

– А набудзьце ў нас пяць трактароў…

І нельга сказаць, каб гэтая асоба нічога не разумела. Усё разумела: была разумная, пісьменная, прафесійна падрыхтаваная. Але спадзявацца на суцэльны перагляд адносінаў з Захадам не прыходзілася, таму ёй і даручылі прадаваць трактары. Трактары на Захад прадаюцца ўсё грош. Тут не падаюць кошты толькі на свабоду і жыццё чалавека.

Ёсць такая міжнародная арганізацыя – Рада Еўропы. Беларусь не ўваходзіць у яе склад таму, што ў нас працягваюць выконваць смяротныя прысуды. Апошняя дзяржава ў Еўропе, якая на законнай падставе забірае жыццё ў сваіх грамадзянаў. Кошт жыцця ў нас меншы за кошт трактара, за пашкоджанне якога грамадзяніна могуць і пасадзіць.

Памятаю, як апынуўся ў адной групе наведнікаў Рады Еўропы з беларускім парламентарыем – нават старшынём камісіі! – які распавядаў, як шмат робяць для таго, каб увесці ў нас у краіне мараторый на смяротнае пакаранне. Яны там у сябе, у Палаце прадстаўнікоў, нават правялі круглы стол на гэтую тэму, і ён асабіста – падумаць толькі, за гэта Зорку Героя трэба даваць! – пераканаў некалькіх калегаў у мэтазгоднасці задумацца пра магчымасць абмеркавання праблемы, каб у будучыні…

Здаецца, у цяперашнім складзе Палаты гэтага чалавека ўжо няма. Але, як кажуць, варона з куста, а другая на куст, і новы дэпутат паедзе ў Раду Еўропы, каб распавядаць пра тое, колькі намаганняў прыкладае асабіста ён, каб пераканаць некалькіх новых калегаў у мэтазгоднасці задумацца пра магчымасць абмеркавання праблемы, каб у будучыні ўжо напэўна…

Тры расстрэлы за тры дні. Як спяваў Булат Акуджава?
«А когда стрельба пойдет,
Пуля дырочку найдет…»

Гэтыя стрэлы – форма гандлю за поўнае і безумоўнае прызнанне беларускага палітычнага рэжыму. Прымайце нас такімі, якія мы ёсць. У акрываўленых фартухах санітараў з морга, або мяснікоў з бытавых памяшканняў гіпермаркету – выбірайце той вобраз, які падасца вам больш зручным. Вы ж пагадзіліся пайсці на кантакты з беларускай уладаю ў абмен на волю двух дзясяткаў палітвязняў? Пры гэтым зʼявіліся новыя зняволеныя – розніца ў тым, што імёны сёння менш гучныя, менш раскручаныя. А зараз мы патрабуем поўнай і безумоўнай капітуляцыі Захаду.

Стрэлы будуць гучаць да таго часу, пакуль жыццё асуджаных на смерць не выкупяць паўнаважкімі крэдытамі, пазыкамі, тэхнічнай дапамогаю… І беларускія дыпламаты будуць сарамліва адводзіць мяне ў бок і распавядаць байкі пра тое, што грамадства не даспела да прызнання вышэйшай каштоўнасці жыцця. Любога. Толькі таму, што яго дае не чалавек, а Бог. І, адбіраючы жыццё, дзяржава ўпэўненая, што менавіта яна і зʼяўляецца Богам, а не бессаромным гандляром, які гатовы прадаць нават гэтую ўзурпаваную ім функцыю за некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў. Даражэй, чым трактар.

іншыя запісы
Каментары