Максім Чыгунка «Расейскі стандарт» наносіць удар у адказ – Беларусь абмяжоўвае продаж настоек на спірце

публіцыст

Некаторы час таму я пісаў, як Беларусь уцякае з «русского мира», замяняючы плацкартныя вагоны на вагоны з месцамі для сядзення.

Канец спальных вагонаў у Беларусі – гэта перамога «Гейропы» і нож у спіну «русскому миру»!

Я сцвярджаў, што вагоны, у якіх кожны пасажыр будзе мець сваё месца, могуць прывесці да распаду славянскай «абшчыны» падарожнікаў, якія цягам шматлікіх дзесяцігоддзяў гуртаваліся вакол вагонных столікаў. У выніку гэта можа выклікаць індывідуалізацыю грамадства паводле заходняга ўзору. Падаецца, што ў Беларусь павольна пранікаюць гэтак званыя еўрапейскія стандарты. Хаця, паводле расейскай прапаганды, гэта ніякія не пазітыўныя змены, якія робяць жыццё грамадзянаў больш камфортным, а гей-парады, аднаполыя шлюбы, роўнасць мужчын і жанчын ды яшчэ шмат чаго іншага, скіраванага на знішчэнне легендарнага расейскага кансерватыўнага ладу жыцця.

Але трэба сказаць, што «русский мир» таксама ў стане нанесці ўдар у адказ, як гаворыцца ў адной добра вядомай сазе. І вось, Беларусь змусілі прыняць «расейскі стандарт». Гэтае паняцце не выпадкова асацыюеацца з алкаголем.

Хоць акурат у дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра якасную расейскую гарэлку, але яго танны заменнік. У беларускіх аптэках забаранілі прадаваць на рукі больш як адзін флакон любой спіртавой настойкі. Прычына – гэта, вядома, страх перад масавым атручаннем, якое здарылася ў Іркуцку.

Больш як 70 людскіх смерцяў ашаламілі ўвесь свет, які даведаўся, што ў Расеі людзі масава пʼюць лекавыя настойкі і канцэнтраты для ваннаў. Акрамя таго, каб палегчыць спажыванне касметычнай вадкасці, яе прадаюць нават у вулічных аўтаматах.

Ну і як тут «понять Россию умом»? Бадай, ніяк. І яшчэ адно: піць ласьёны пасля галення і падобныя вадкасці – гэта не расейскае вынаходніцтва, а спадчына савецкай эпохі, калі гарэлкі ў крамах бракавала, і трэба было шукаць іншыя шляхі, калі хацелася выпіць. Яскравая сцэна пра гэта зʼявілася нават у адной з польскіх камедыяў 1970-х гадоў, у якой сасмяглы грамадзянін набывае папулярны ласьён пасля галення «Бярозавая вада».

Калі ж савецкая цывілізацыя сканала, уся мужчынская касметыка на спірце ў краінах былога СССР амаль адразу страціла свой статус «напою». Але, як відаць, не ўсюды: у Расеі гэты дзіўны звычай не толькі захаваўся, але і квітнее.

На шчасце, можна заўважыць, што блізкасць Беларусі да Захаду пазбаўляе нашую краіну ад расейскіх стандартаў, а большасць самых заядлых аматараў алкаголю атрымлівае задавальненне ад спажывання цудоўнага «чарніла», выкананага на дзяржаўных заводах пад наглядам і кантролем адмысловых спецыялістаў. А расейскіх стандартаў нашыя людзі прытрымліваюцца толькі ў крайніх выпадках.

Максім Чыгунка, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары