Віктар Шукеловіч «А ў Расеі таксама ўсе з БНФу?»

літаратар, журналіст

У рэакцыі на эсэ «Ці людзям цяжка паверыць, што мне прасцей размаўляць па-беларуску?» некаторыя чытачы Belsat.eu падзяліліся сваймі спосабамі, як паводзіць сябе, калі іншыя неадэкватна рэагуюць на беларускую мову.

Калі нехта кажа, што не разумее беларускай мовы, спадар Уладзь Рымша раіць высветліць, колькі чалавек жыве ў Беларусі. Калі той адкажа, варта спытаць: «І вы за столькі гадоў не далі рады вывучыць (ці хоць бы разумець) мову краіны пражывання?!» На думку спадара Рымшы, можна падаць прыклады: «Я ведаю іспанку (немца, бразільянку…), якія вывучылі мову, ніколі не быўшы ў Беларусі, а вы тут кажаце: «Ні панімаю…»

 

У залежнасці ад сітуацыі, раіць спадар Уладзь, можна крыху пажартаваць «А-ёй! Нарэшце! Нарэшце я сустрэў чалавека, пра якога мне сябра Міхась казаў! Ён плёў, нібыта гаварыў з паняю (калі ваш суразмоўца – мужчына, то кажаце: «Гаварыў з панам»), які сказаў яму «нічэво ні панімаю», а я, дурань, яму не верыў. А тут – такая ўдача! Дык значыцца, гэта былі вы?!»

Калі пра «нічэво ні панімаю» кажа службовая асоба на працоўным месцы, то можна сказаць: «А як гэта вы працуеце? Паводле Закону «Аб мовах» вы не маеце права працаваць у Беларусі. Там жа напісана, што работнікі дзяржаўных органаў, іншых установаў і арганізацыяў мусяць валодаць двума мовамі ў межах сваёй кампетэнцыі».

«На пытанне «вы, наверная, з БНФу?» я адказваю: «Так. У Беларусі ўсе беларускамоўныя – з БНФу. Як і ў Расеі – усе расейскамоўныя – з БНФу. Польскамоўныя палякі – адтуль жа – з БНФу», – адзначае спадар Рымша.

Можна выкарыстаць узор паводзінаў аднаго выкладніка, які пажадаў застацца ананімным. Ён распавёў наступную гісторыю:

«Пасля адкрытай лекцыі пра старажытныя мовы я папрасіў задаваць пытанні. Устала ад з жанчын:

– А почему вы делали доклад на белорусском языке?

Сказана гэта было з яўнай ноткаю незадавальнення на мяжы з абурэннем – так часта гавораць, калі хочуць пачаць сварыцца. Я насцярожыўся, углядзеўся – каля яе сядзеў муж з дачкою – і адказаў шаблонна:

– У нас дзве дзяржаўныя мовы, я выбраў больш мне блізкую.

– Но вы же не на чистом белорусском разговариваете!

У такіх выпадках звычайна хочацца паслаць чалавека падалей, але я абраў іншую тактыку:

– А дзе мярыла чысціні?

Жанчына «падвісла» і села».

іншыя запісы
Каментары