Эдуард Пальчыс Не думайце, што турма нешта далёкае ад вас. Яна заўсёды побач

экстрэміст, былы палітвязень

Прыказка «Ад астрогу няма перасцярогу» даволі добра падыходзіць да беларускіх рэаліяў. Цягам апошніх некалькіх год мы пастаянна знаходзімся ў топе краінаў-лідараў па колькасці зняволеных на 100 000 чалавек.

У калоніях і турмах кожны год «пражываюць» ад 30 да 40 тысяч нашых грамадзянаў. Гэта параўнальна з насельніцтвам такіх гарадоў, як Наваградак або Асіповічы. Як жа палічыць усіх, хто за апошнія 25 год незалежнасці адсядзеў і выйшаў на свабоду? Калі едзеце ў шчыльна набітым вагоне метро, ведайце, што з вамі па тэорыі верагоднасці едзе мінімум адзін крымінальнік.

Але не пужайцеся. Асаблівасць нашай праваахоўнай сістэмы ў тым, што там мала сапраўдных «закаранелых злачынцаў», а сядзяць па большай частцы «заляцеўшыя». Гэта значыць, чалавек свядома не збіраўся ісці «зладзейскім шляхам» па жыцці ў бандыты, а проста зрабіў памылку, і была ўзбуджаная крымінальная справа. Самае сумнае, што невінаватых таксама саджаюць. І нярэдка.

Хто знаходзіцца ў так званай зоне рызыкі?

Наркаманы ці «328»

328 – самая страшная лічба, якую часцей за ўсё можна пачуць у турме. Менавіта крымінальны артыкул 328-ы рэгулюе пакаранні за ўжыванне і абарот наркатычных рэчываў. Каб вам было больш зразумела, сцісла растлумачу на правапрымяняльнай практыцы, якія наступствы зараз пагражаюць за сувязі з «наркатычнымі рэчывамі»:

328 частка 1 (ужыванне)

Першы раз пры вельмі добрым адвакаце, прызнанні віны і раскаянні вас не адправяць у калонію, а дадуць так званую «хімію» года на 3-4. Гэта значыць, што вы паедзеце жыць у пэўным месцы і там будзеце працаваць на карысць Радзімы. У другі раз – 2-3 гады калоніі. Пры поўным раскаянні і прызнанні віны.

Шмат хто не разумее, што да «ужывання» адносіцца таксама «марыхуана» і «гашыш», якія так любіць «прагрэсіўная» і «творчая» моладзь. Для нашага закону няма розніцы паміж гераінам і каноплямі. Так-так, і забудзьцеся пра ўсе словы і думкі пра тое, што «трава – не наркотык, яна больш карысная за гарэлку». Можа, у цывілізаваным свеце яно і так. Але ў Беларусі віртуальнае перайманне заходняга ладу жыцця выліваецца ў рэальныя турэмныя тэрміны, якія цалкам ламаюць жыццё моладзі.

328 частка 3 (распаўсюд)

Менавіта гэтая частка ідзе наступнай на практыцы пасля першай (ужыванне). А дзе ж другая частка, спытаеце вы? А другая частка нікому не патрэбная.

Следчыя ў пагоні за дадатковымі зорачкамі імкнуцца звычайных спажыўцоў перакваліфікаваць у распаўсюднікаў. Напрыклад. Вырашылі вы з сябрамі расслабіцца. Купілі марыхуану, зрабілі «касяк», запалілі. А вашага «барыгу» тым часам схапілі, і ён адразу здаў усіх сваіх кліентаў, каб паменшыць сабе тэрмін. Вось сядзіце вы, хіхікаеце, а раптам разбіваюцца вокны, выломліваюцца дзверы, і да вас улятае «Алмаз». Усіх жорстка затрымліваюць, могуць збіць адначасна (па ходу справы) і вязуць у пастарунак. А там ужо аператыўнікі трасуць кожнага: «распавядай, як УСЁ БЫЛО!».

І вось вашыя сябры, нічога не падазраючы, распавядаюць, што была вечарына, вы дасталі «касяк» і распалілі яго па чарзе. Ўсё. Вам – частка 3-я як распаўсюдніку (гэта гадоў 8-10 у любым выпадку), а вашым сябрам – частка 1-ая. І не важна, што вы ніколі не прадавалі наркотыкі за грошы, што вы проста набылі пакаштаваць, што ў вас нават «ніякіх думак у галаве не было». Бліжэйшыя 10 гадоў рыхтуйцеся правесці ў месцах не надта далёкіх.

Цяпер ледзь ці не кожны трэці, хто знаходзіцца ў турме, тым ці іншым чынам звязаны з 328. Калі не жадаеце апынуцца на іх месцы, трымайцеся далей ад любога рэчыва, якое ў нас лічыцца наркатычным.

«Коммерсы»

Ашуканцы, неплацельшчыкі падаткаў, аматары «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці», хабарнікі – ледзь не палова СІЗА на вуліцы Валадарскага (Валадаркі) уяўляе сабой беларускі эканамічны форум нацыянальных маштабаў. Каго толькі там не сустрэнеш – і чыноўнікі найвышэйшых рангаў (аж да міністра эканомікі), і найбагацейшыя прадпрымальнікі, і найкруцейшыя адвакаты, і звычайныя бухгалтары, і ІП-шнікі.

Калі вы ўцягнутыя ў сурʼёзную гаспадарчую дзейнасць, будзьце гатовыя, што ў любы момант доўгія лапы органаў могуць моцна вас абняць. Улічваючы, што пры вядзенні дзейнасці абавязкова парушыце якое-небудзь з 100500 правілаў, раю загадзя шукаць сабе добрага адваката/абзавесціся добрым адвакатам.

Алкаголь

Адна з самых распаўсюджаных фраз, якую можна пачуць пры чарговым гаротным аповедзе на тэму «як я тут апынуўся», пачынаецца так: «Ну, выпіў я, і…». Сеў пʼяным за руль/стырно, трапілі ў сурʼёзнае ДТЗ нанёсшы камусьці шкоду (нават вашаму пасажыру) – у турму. Пабіліся «по пьяни», ваш праціўнік напісаў заяву – у турму. Учынілі дэбош – у турму. Алкаголь служыць спускавым кручком да мноства дробных хуліганстваў, крадзяжоў, згонаў і ўсім астатнім. А нашы сілавыя органы вельмі любяць за гэта саджаць, бо статыстыка расце, то бок і прэміі можна атрымаць.

Не думайце, што турма нешта далёкае ад вас. Яна заўсёды побач.

іншыя запісы
Каментары