Віктар Шукеловіч Пры дэпутатцы Алене Анісім мо не будзе пытанняў: Табе Амерыка плоціць за беларускую мову?

літаратар, журналіст

Алена Анісім. Фота belsat.eu

Алена Анісім. Фота belsat.eu

У сваёй вясковай школе я быў выдатнікам. Праз гэта я быў досыць вядомы – на вёсцы не так шмат дзяцей вучыцца на адныя пяцёркі. Яшчэ больш славы мне дадало тое, што я сам паступіў на філфак БДУ. Для маіх землякоў гэта было нешта побач з незямным вычынам.

– Дык на каго ты вучышся? На прафесара? – маглі проста так зачапіць мяне на вуліцы, у краме ці на аўтобусным прыпынку.

Я быў беларускамоўным студэнтам аддзялення беларускай філалогіі. Я меў чым ганарыцца і адчуваў, што мяне паважалі. У 2001 годзе я ўсё лета адпрацаваў у родным калгасе імя Францішка Багушэвіча памочнікам камбайнера. Зарабляў сабе, каб сабрацца на вучобу. Працаваў ад рання да золку ў пыле, мазуце ды салярцы, гуле старога матора, ля металу, які награваўся ды пёк мацней за сонца. Калі аднойчы вярнуўся ўжо прыцемкам з працы дадому, застаў маці ў слязах, якая калацілася ад нерваў:

– Прыязджала міліцыя, казалі, што ты раскідваў нейкія ўлёткі. Хацелі разбірацца. Ці ты раскідаў нейкія ўлёткі?.. Калі ты і паспеў?!

На ўлёткі ў мяне фізічна тады не было часу – жніво ішло нават у нядзелі, без выходных. Дык я і не цікавіўся асабліва палітыкай, мала што ведаў пра партыі ды беларускіх дзеячаў. Тады амаль нідзе не было інтэрнэту, а ў раённай газеце пра палітыку не пісалі. Чым жа я прывабіў міліцыю? Думаю, што толькі сваёй прынцыповай беларускамоўнасцю. Некаму кінулася ў вочы, што замест «Да свіданія» я казаў у краме «Бывайце».

І я адчуў, як пасля візіту міліцыі да мяне змянілася стаўленне. Беларуская мова стала палітыкай, небяспечнай рэччу. Мая сваякі пачалі глядзець на мяне спадылба: «Міліцыя толькі да апошніх памоўзлікаў прыязджае. А тут усё на вачах… Што ж людзі скажуць?» Для аднавяскоўцаў я быў дзіваком, які невядома што хоча даказаць, ваюе з «ветранымі млынамі» і не хоча быць такі, як усе.

– Навошта нам тая беларуская мова? – казалі часта землякі па-беларуску. – Ці ж з яе наясіся? Са словаў не пасыцееш, колькі б разоў не казаў «сала».

Я б займеў, пэўна, больш аўтарытэту, калі б не размаўляў паўсюдна на роднай мове, а прыехаў бы ў вёску на крутой машыне, у бліскучым касцюме ды ў туфлях з вострымі насамі. Прыдалася б яшчэ скураная тэчка пад пахай.

– Беларуская мова пасуе толькі да капання бульбы альбо там буракі церабіць ці кароў пасвіць, – казалі мае добрыя знаёмыя, якія пераехалі ў горад і з бацькамі ды сябрамі размаўлялі ўжо выключна па-расейску.

Пасля аднаго са школьных канцэртаў у суседнім селішчы знаёмая настаўніца запытала мяне, ці спадабалася імпрэза. Я адказаў:

– Усё было файна, дзеці пастараліся. Толькі шкода, што ніводнага нумару, ніводнай песні не было па-беларуску.

Настаўніца пакрыўдзілася і сказала, што яна не нацыстка.

– Беларуская мова вельмі прыгожая, – часам тролілі мяне забіякі-аднагодкі, падышоўшы на вясковай дыскатэцы. – Ну, скажы па-беларуску «я роділся за проволокой»…

Я звычайна гмыкаў ды з напускной суровасцю трос пальцам.

У мяне ў вёсцы беларускую мову ўспрымалі як знак людзей, якія свядома адмовіліся ад жыццёвага поспеху, карʼеры, добрага заробку і ўлады. Усе беларускамоўныя былі ў вачах маіх землякоў няўдачнікамі, якія нічога не дамагліся ў жыцці. «Паны жыцця», чыноўнікі, начальства не гаварылі па-беларуску. Беларускамоўных нібы не існавала: іх не паказвалі ў дзяржаўным тэлебачанні, пра іх амаль не пісалі ў афіцыйных газетах. Гэтыя людзі былі ў ігноры, сказала б цяперашняя моладзь. Парадаксальна, але тыя, хто бязмежна любіць сваю Радзіму, Беларусь, паказваліся ўладамі як ворагі ці нейкія шпіёны.

– А табе Амерыка плоціць, каб ты па беларуску размаўляў? – спытаў неяк мяне маладзён у вайсковай форме на вакзале ў Маладзечне. Ох, як баляць такія пытанні!

Алена Анісім у ролі багіні Венеры ў студэнцкія часы. Фота svaboda.org

Цешуся з таго, што беларускамоўныя спадарыня Алена Анісім стала дэпутаткаю. Хоць гэтыя выбары і не былі справядлівыя, але, адно пэўна: не было б сёння дзяячкі ТБМ у парламенце, калі б мы паддаліся, апусцілі рукі, калі б усе разам цягам дзесяцігоддзяў не былі прынцыповымі і не адстойвалі мовы ды культуры дзядоў, не рабілі таго, што нам кажа сумленне.

Асабіста для мяне выхад спадарыні Алены ў Палату прадстаўнікоў нясе надзею. Мяне не пакідаюць спадзяванні, што ўрэшце мае землякі, якіх я шчыра люблю, пабачаць: беларуская мова – гэта ніякая не жыццёвая перашкода, а бонус – шлях наверх, у начальства, калі хочаце.

Некаторыя раілі спадарыні Анісім адмовіцца ад мандату, зрабіць «палітычную дзею», выказаўшы пратэст супраць несправядлівых выбараў. Добра, але што потым? Зноў тое самае, што і ў папярэднія гады: песімізм, унутраная эміграцыя, чорныя думкі, роспач, адчуванне бяссільнасці і больш нічога? Ці нешта яшчэ?

Чаканне дастала. Радуюць нават маленькія змены, найменшыя.

– А ў нас цяпер беларускамоўная дэпутатка, – скажу, калі мяне раптам недзе папросяць «разгаварываць нармальна». – Вы што, супраць супраць волі і абраннікаў народу? Міліцыя!!!

Поспеху і плёну ў працы для Беларусі, спадарыня Алена!

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары