Віктар Шукеловіч Продкі былога прэзідэнта Польшчы былі суседзямі беларускага паэта

літаратар, журналіст

Былы прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, які трагічна загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе, і ягоны брат-блізнюк Яраслаў Качыньскі, шэф кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць», якога называюць адным з самых уплывовых людзей у сучаснай Польшчы, звязаныя з Беларуссю праз лёсы сваіх продкаў.

Лех Качыньскі (прэзідэнт Польшчы ў 2005-2010 гадах) з жонкай Марыяй. Фота wikipedia.org

Раймунд Качыньскі і Баранавічы

Бацька братоў-палітыкаў – Раймунд Качыньскі – у міжваенны перыяд пражыў 12 гадоў у Баранавічах, куды сям’я Раймунда пераехала ў 1927 годзе з Граева (паўночна-ўсходняя Польшча). У Баранавічах, якія тады імкліва развіваліся, галава сям’і Аляксандр Качыньскі атрымаў пасаду начальніка экспедыцыі чыгуначнай станцыі. Ягоная жонка Францішка займалася гандлем нерухомасцю. Качыньскія жылі ў Баранавічах даволі заможна – мелі два дамы, вялікі сад, некалькі гектараў лесу.

Раймунд распачаў у Баранавічах сваю адукацыю ў 7-гадовай школе, а пазней атрымаў атэстат сталасці ў ліцэі імя Тадэвуша Рэйтана.

Яраслаў Качыньскі, шэф кіроўнай польскай партыі «Закон і справядлівасць». Фота wikipedia.org

Амаль адразу пасля выпускнога балю ў 1939 годзе 17-гадовы Раймунд пераехаў з бацькамі ў Берасце, куды перавялі па працы Аляксандра Качыньскага. Але і тут яны затрымаліся ненадоўга – пачалася Другая сусветная вайна, затым адбылося ўварванне савецкіх войскаў. Качынскія мусілі ўцякаць у Варшаву, бо Аляксандр Качыньскі не без прычыны меркаваў, што камуністы могуць выслаць сям’ю польскага чыноўніка ў Сібір.

Падчас Другой сусветнай вайны Раймунд быў у падпольных арганізацыях, змагаўся з акупантамі ў Варшаўскім паўстанні, пасля здушэння якога нацыянал-сацыялісты трымалі яго ў лагеры для палонных пад Варшавай, але юнак здолеў адтуль уцячы.

Пасля вайны ён вучыўся ў Політэхнічным інстытуце ў Лодзі, дзе атрымаў ступень магістра. У 1947 годзе 25-гадовы юнак на навагодняй вечарыне ў Варшаве пазнаёміўся з 20-гадовай студэнткай польскай філалогіі – Ядвігай Ясевіч. Дзяўчына прыйшла на імпрэзу з іншым хлопцам, сваім нарачоным, але ўжо выходзіла з Раймундам, якому моцна ўпала ў вока. Праз год яны былі ўжо жанатыя, а яшчэ праз год у іх нарадзілася двойня – Лех і Яраслаў.

Раймунд і Ядвіга Качыньскія, бацькі Леха і Яраслава Качыньскіх. Фота bk-brest.by

Ядвіга Качыньская і ейныя продкі з Кушлянаў

Маці палітыкаў – Ядвіга Качыньская з Ясевічаў – паходзіла са Старахавіцаў (горад за 150 км на поўдзень ад Варшавы), але ейны род выводзіцца з земляў былога Вялікага Княства Літоўскага. Тут Ясевічы мелі ажно 4 маёнткі, адзін з якіх знаходзіўся ў Кушлянах – непадалёк ад сядзібы сям’і Францішка Багушэвіча, класіка беларускай літаратуры.

Кушляны ў тыя часы былі цэлым гняздом невялічкіх фальваркаў ды засценкаў. На пагорках размяшчаліся шляхецкія сялібы, а ў далінках жылі арандатары-кутнікі ды найміты.

Сям’я Ясевічаў, як, зрэшты, і Багушэвічы, брала чынны ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў. За гэта ў палкоўніка Вінцэнта Ясевіча, прадзеда Ядвігі Качыньскай, забралі зямлю ў Кушлянах, а яго самога выслалі ў Сібір. Далей звесткі пра ягонае жыццё губляюцца – невядома нават, калі ён памёр, пішуць аўтары кнігі «Лех Качыньскі: палітычная біяграфія».

 

Шляхта з Кушлянаў некалі штонядзелю прыязджала на нядзельную імшу ў Жупраны. Фота Віктара Шукеловіча

Ашмянская шляхта і «простая мова»

Вельмі імаверна, што Ясевічы з Кушлянаў размаўлялі між сабою на беларускай мове, як гэта было прынята таксама ў іхных суседзяў Багушэвічаў. Шляхта на Віленшчыне ў XIX і нават у XX стагоддзі часта ў побыце гаварыла «простаю мовай», гэта значыць па-беларуску, як, зрэшты, і іхныя продкі ў часы ВКЛ. На беларускай мове размаўлялі між сабою таксама іншыя гаспадары ў КушлянахКаспяровічы, Клуйшы, Маркоўскія і гэтак далей, пра што пісаў даследчык Уладзімір Содаль у сваіх кнігах, прысвечаных роднай старонцы Францішка Багушэвіча.

У Кушлянах. Сядзіба Багушэвічаў. Фота Віктара Шукеловіча

Пра беларускасць, якая была шырока распаўсюджана на Ашмяншчыне ў міжваенны перыяд, калі гэтыя землі належалі Польшчы, узгадваў у сваіх успамінах спадар Юзаф Грынчук з Зарэчча каля Жупранаў. Ён адзначаў, што нарадзіўся пад Стоўбцамі «за польскім часам», але ў сям’і ягоных дзядулі і бабулі, з якімі жылі бацькі, размаўлялі па-польску. Ягоны бацька быў прымаком і мусіў прызвычаіцца да парадкаў цесця ды цешчы. Толькі прыехаўшы да бабулі ў Кушляны, адкуль быў родам ягоны бацька, спадар Юзаф даведаўся, што «земняк» – гэта «бульба».

Станіслаў, Зося ды Сідора з роду Ясевічаў

Вядома, што ў 1854 годзе дзеці кушлянскай шляхты вучыліся расейскай ды польскай грамаце ў доме Станіслава Ясевіча (прадстаўніка, магчыма, таго самага роду, што і маці братоў Качыньскіх).

З гэтага ж шляхецкага гнязда паходзіла кушлянская мастачка Зося Ясевіч, якая малявала пейзажы роднай старонкі ў другой палове XIX стагоддзя. Мастак Ніказы Падбярэзскі, які прыязджаў да Зосі з Вільні, пакінуў замалёўку Ясевічавага двара, атуленага векавымі клёнамі і ліпкамі. На сцяжынцы пры доме відаць дзявочую постаць у доўгай сукенцы з кошыкам у левай руцэ. Магчыма, гэта і ёсць Зося Ясевіч, піша Уладзімір Содаль у «Блаславёных Кушлянах».

Ілюстрацыя ўзятая з кнігі Чэслава Янкоўскага «Ашмянскі павет – матэрыялы па гісторыі зямлі і людзей» («Powiat oszmiański – materjały do dziejów ziemi i ludzi»).

Яшчэ адзін ЯсевічСідора – стаў сведкам таго, як у Першую сусветную вайну нямецкія жаўнеры пашкодзілі дынамітам камень, ля якога любіў адпачываць Францішак Багушэвіч. Магчыма, немцы шукалі нейкі скарб ці проста штукаваліся, але ім удалося выкапаць з-пад каменя нейкія паперы. Нічога не разумеючы, што там было напісана, жаўнеры кінулі тыя паперы на зямлю. Іх насіў вецер, мачылі дажджы, па іх ступалі жаўнерскія боты, глыбей утоптваючы іх у глебу. Калі Сідора падняў некалькі аркушаў, то пабачыў, што гэта былі рукапісы, ніводнай друкаванай старонкі там не было. Захаваць гэтыя рукапісы не ўдалося.

Паўстанец Антон Ясевіч

Вядомы ў Кушлянах быў таксама Антон Ясевіч, які 19-гадовым юнаком удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гадоў. У траўні 1863 года Антона Ясевіча ў баі пад Уладыкамі Вілейскага павету схапілі царскія казакі. Паводле тагачасных мураўёўскіх законаў, маладога шляхцюка чакала суровая кара: шыбеніца ці расстрэл. Аднак гэта яго абмінула. Яго саслалі ў адзін з туркестанскіх лінейных батальёнаў жаўнерам-штрафніком. Што ж змякчыла кару паўстанцу? Уладзіслаў і Стэфа Клуйшы з Кушлянаў распавялі Уладзіміру Содалю: «Пра тое, што Антон Ясевіч быў паўстанцам, у нас ведалі ўсе. І сам ён нам не раз расказваў пра гэта, і ад бацькоў сваіх чулі. Расказвалі, як іх гналі голых, змэнчаных, галодных змардаваных, ім есці не давалі, нагіх гналі. Дык людзі кідалі на іх хто што мог; адзенне кідалі – хто світку, хто посцілку. На Антона Ясевіча – яго ж расстраляць хацелі – адна шляхцяначка, яна тады яшчэ паненачка была, Кастуся звалі, накінула хусціну. Яна так ушкадавала яго, што дапала да нейкага вялікага начальніка… Ці не да самога губернатара? Пра што яна там гаварыла, гэтага мы не ведаем, але выхадзіла яго, уратавала ад смерці, выручыла. Расстрэл яму замянілі на высылку…»

Класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч у строі паўстанца. Фота history-belarus.by

Вярнуўшыся з выгнання, Антон пабраўся з Кастусяй – разам яны пражылі шмат гадоў.

Кушлянцы памяталі паўстанца Антося Ясевіча ўжо сівенькім, што запісаў Уладзімір Содаль у кнізе «Сцежкамі Мацея Бурачка»: «Па хаце ледзьве хадзіў, ледзьве ногі перастаўляў». Яны ўзгадвалі, што «за польскім часам» ён апранаў, бывала, свой паўстанцкі цёмна-гранатавы мундзір, паўстанцкую шапку і горда, з кійком у руках выходзіў на вуліцу. Дзеці за ім бегалі цугам.

«Паўстанцаў у нас тут ого як ганаравалі, ого-о як шанавалі! – успаміналі Клуйшы. – Ім усюды чэсць аддавалі, салютавалі. Бывала, як зʼявіцца каторы з іх у Смургоні ці Ашмяне на кірмашы, дык паліцыянт паперадзе яго шыбуе, гукае: «Дарогу! Дарогу! Паўстанец ідзе!»

Памяталі Клуйшы і пахаванне Антона Ясевіча. Яно таксама было ганаровае. Пара ўзгадвала: «Аркестра іграла. Аж дванасце музыкантаў з Вільні прыехала. Мо з гадзіну ў хаце ігралі. А пасля экспартавалі яго з Кушлянаў у Жупраны… На труне, памятаецца, паўстанцкая шапка ляжала. А як у дол апускалі, дык стралялі, тры разы на віват стрэлілі».

На цвінтары ў Жупранах. Фота Віктара Шукеловіча

Пахавалі Антона Ясевічаў, як і іншых ягоных родзічаў, на парафіяльным могільніку ў Жупранах, там дзе знайшоў вечны спачын і Францішак Багушэвіч. Тут жа, пэўна, ёсць магілы кушлянскіх продкаў Леха і Яраслава Качыньскіх. Там жа пахаваныя і мае дзяды ды прадзеды.

іншыя запісы
Каментары