Зміцер Ягораў Прэзумпцыя вернасці. Як Лукашэнка бароніць сваіх чыноўнікаў

рэдактар belsat.eu

Кіраўнік СК Іван Наскевіч трапіў “на дыван” да Лукашэнкі.

Нечуваная справа – Аляксандр Лукашэнка папракае, пры тым публічна, Следчы камітэт! Чые інтарэсы і дабрабыт могуць быць вышэй за інтарэсы следства? Адказ: інтарэсы дробнага чыноўніка. І вось чаму.

«Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэння з прэзідэнтам, урывацца ў дом? Бо дзеля таго, каб праваахоўным [пазначэнне аўтара] органам нават весці нейкія расследаванні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестр прэзідэнта, патрэбная згода прэзідэнта. Уварваліся, пачалі нешта ўдакладняць. Новы чалавек прыйшоў працаваць. Кляймо на ім паставілі. Нядобры сігнал» – вось гэткі разнос учыніў кіраўнік краіны кіраўніку Следчага камітэту за дзеянні сілавікоў у дачыненні старшыні Аршанскага райвыканкаму Леаніда Пянькоўскага.

Гэтая цытата нездарма сталася публічнаю, прагучала на дзяржаўнай агенцыі навінаў БЕЛТА, трапіла ў паведамленне прэс-службы прэзідэнта, асобнымі зацемкамі перадрукаваная ў дзяржаўных медыях. Гэта сігнал Аляксандра Лукашэнкі да іншых пянькоўскіх: што б вы не зрабілі – без майго ведама ані валасіны з вашых галоваў не спадзе. Ніхто «капаць» пад вас не наважыцца.

Што адбылося ў доме Пянькоўскага – пакуль застаецца толькі здагадвацца. Пра ўварванне не распавядалі а ні мясцовыя медыі, а ні ўласна Следчы камітэт. Асабіста Леанід Канстанцінавіч таксама распавесці не можа, бо, са словаў сакратаркі, «акурат паехаў на раён».

Уласна Пянькоўскі застаецца для аршанцаў «цёмнаю лашадкаю», як акрэслівае новага кіраўніка раёну незалежны аршанскі сайт. Пра новага начальніка нічога не ведаюць жыхары раёну. Але галоўнае, што Аляксандр Лукашэнка добра ведае, што чалавек гэты крыштальна чысты. Як сотні іншых чыноўнікаў, што ўваходзяць у кадравы рэестр Лукашэнкі.  Але якія ўсё ж рэгулярна атрымліваюцца карупцыянерамі і хабарнікамі. Але Лукашэнка, які перыядычна зацвярджае на цёплых пасадах будучых карупцыянераў, тут ужо ні пры чым.

У 2012 годзе, калі стваралі Следчы камітэт, наўрадці хтосьці ўсурʼёз спадзяваўся на незалежнасць новай арганізацыі. У «палітычных» справах, якія насамрэч – самы сапраўдны крымінал, Следчы камітэт нагадваў сляпое кацяня, што нясмела тыкаецца тут і там, а пажытку няма. Гэтак было, калі міліцыянты ўварваліся да актывіста Вячаслава Касінерава і зламалі яму падчас затрымання сківіцу ў двух месцах, але міліцыянтаў гэтак і не пакаралі.

Цяпер «сляпое кацяня» атрымлівае пад хвост ад гаспадара за тое, што следчыя ўварваліся ў дом чыноўніка – істоты дасканалай і беззаганнай. А кіраўнік СК Іван Наскевіч, які ад 2012 году не дапусціў, падаецца, аніводнага праколу з пункту гледжання Лукашэнкі, атрымлівае наганяй з трансляцыяй праз дзяржмедыі.

Затое ўрывацца да людзей «па-за рэестрам» – можна! Гэтак было ў Воршы ў сакавіку, напярэдадні акцыі пратэсту недармаедаў.

Пасля вобшуку ў актывістаў у Воршы. Фота orsha.eu

СК заявіў, што адным з банкаў знайшлі 5-рублёвую фальшыўку, а таму пастанавілі зладзіць ператрус у памяшканні, дзе збіраюцца актывісты ды забраць адтуль усю тэхніку. Толькі пра гэта Аляксандр Лукашэнка Наскевічу нічога не сказаў. Гэта не тая «каста» грамадзянаў.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары