Аляксандр Тамковіч Праваслаўны джыхад

публіцыст, пісьменнік

Даволі цікава бачыць, як у сувязі з затрыманнем адыёзнага кіраўніка руху «Хрысціянская дзяржава – Святая Русь» Аляксандра Калініна (неаднаразова пагражаў стваральнікам кінафільма «Мацільда» і заклікаў знішчаць кінатэатры, дзе гэтую карціну будуць паказваць), некаторыя мае калегі дэманструюць ледзь не прафесійны аргазм.

Маўляў, у Расеі зноў пачалася «управляемая демократия«.

Нічога не маю супраць спрэчнага фільму, якога ў Беларусі амаль ніхто яшчэ не бачыў. Не зразумела толькі, чаму прысланы да нас з Расеі прадстаўнік РПЦ (просьба не блытаць з праваслаўем) мітрапаліт Павел (не гледзячы на адпаведныя чуткі, шмат гадоў не збіраецца пакідаць сваю паству) нядаўна заклікаў беларускіх вернікаў праігнараваць гэтую стужку.

Ён што навін не ведае, або ігнаруе «новы трэнд»?

На мой погляд, эфект можа быць супрацьлеглым, бо пра лепшую рэкламу і марыць цяжка. Аднак справа зусім не ў гэтым. І нават не ў тым, што Аляксей Учыцель падтрымаў акупацыю Крыму, а зараз сам стаў ахвяраю «рускага свету».

Праблема ў тым, што РПЦ даўно стала часткаю палітычнай сістэмы і выконвае не тое, што ёй раіць Бог, а тое, што загадаюць свецкія ўлады.

І гэта прыдумаў не аўтар. Пра гэта ведаюць усе расейцы, аднак дзеясловы «ведаць» і «верыць» далёка не заўсёды з’яўляюцца лагічным працягам.

Напрыклад, асабіста я не веру ў шчырую барацьбу крамлёўскіх груповак. Маўляў, адны з іх гэта «плюс», а другія – «мінус». Як вядома, ток магчымы толькі пры наяўнасці адразу двух супрацьлегласцяў.

У Крамлі гэта добра разумеюць, таму пастаянна вырашаюць, каму быць добрымі хлапцамі, а каму благімі. І менш за ўсё клапоцяцца, калі (як у крымінальных серыялах) антаганістычныя ролі выконваюць адны і тыя ж акторы.

Той жа Аляксандр Калінін, акрамя рэлігійнага экстрэмізму, заўважаны ў цесных сувязях з расейскім спецслужбамі (у прыватнасці з ФСБ), а яго арышт моцна нагадвае жаданне «выпусціць пару з катла». Да таго ж невядома, колькі «зорачак» на пагонах некаторых святароў…

Так што – не трэба ілюзіяў наконт забароны «каларадам» начной малітвы. Як забаранілі, гэтак (калі гэта будзе патрэбна) і дадуць дазвол. Галоўная яшчэ раз паказаць, хто у хаце сапраўдны гаспадар.

Узгадваецца вёска Ражанка Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласці, куды некалькі гадоў таму я трапіў з чарговай вандроўкай «Куфэрка падарожжаў». Мясцовы праваслаўны святар у адказ на пытанне наконт п’янак на могілках сказаў такую фразу: «Мы, русские люди этого не поддерживаем».

Цалкам згодны. Не зразумела толькі, як ён у Гарадзенскай правінцыі ўмудрыўся знайсці «русских людей», калі сам вельмі падобны да цыгана, а праваслаўная царква месціцца ў пераробленай жыдоўскай сінагозе…

На мой густ папы (не магу іх называць «батюшками») зараз самы прышпільны народ нашай краіны. Інакш цяжка зразумець, чаму святар царквы ў Жабінцы (недалёка ад Берасця) сустрэў вандроўнікаў, то бок наведнікаў храму божага, словамі «что вы здесь делаете

Падобна на тое, што ён дакладна ведае – у царкве можна не толькі маліцца…

У сваім жыцці нічога больш «недарэчнага» асабіста я амаль не сустракаў. Затое даводзілася бачыць, як старажытныя беларускія фрэскі зашываюць вагонкаю, замест сціплых крыжоў устанаўліваюць «залатыя цыбуліны» і чуваць скаргі прысланых з Расеі святароў накшталт «шкада, што наша царква лічыцца помнікам гісторыі, нічога зрабіць тут нельга…»

Безумоўна, як і многім іншым, мне не падабаецца, калі нехта перад камерамі пілуе хрысціянскія крыжы, праводзіць у цэрквах “панк-малебны” або піярыць правакацыйныя карыкатуры на мусульманскага прарока. На мой погляд, свабода сумлення палягае зусім не ў прыніжэнні іншых.

Іншая справа, што рэакцыя на глупства павінна быць цалкам адэкватнай. Навошта, казаць пра «джыхад», калі дастаткова ўбачыць неразумнае дробнае хуліганства? Навошта кідаць кагосьці ў турму, калі хопіць банальнага штрафу або «содняў»?

Упэўнены, калі б не было «джыхаду», знікла бы і жаданне зрабіць яго інфармацыйнай нагодай.

Спецыяльна для тых, хто шукае падпальшчыкаў рэлігійнай «розни», падкрэсліваю, што ВЕЛЬМІ талерантна стаўлюся да прыхільнікаў розных рэлігійных канфесій, у хрысціянстве прытрымліваюся ідэяў экуменізму, а фразу, якая стала назвай гэтых нататак узяў з расейскіх праправаслаўных сайтаў. Так што (як сказана ў адной знакамітай кнізе), «праваслаўны джыхад» прыдумаў не я, а яны…

Аляксандр Тамковіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары