Алесь Кіркевіч Права быць патрыётам

журналіст, літаратар

Хлопцы з лагеру клубу ”Патрыёт”

Сімвалічна, што важкай нагодай для затрымання сталі летнікі зарэгістраванага і цалкам легальнага клубу «Патрыёт», які ладзіў заняткі на адкрытым паветры для дзяцей з «недабранадзейных сем’яў». Фізічная падрыхтоўка, камуфляж, добрая кампанія, песні ля вогнішча… Усё тое, што можа зрабіць з цяжкога падлетка сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны, патрыёта. Дык мо’ патрыятызм ужо не ў модзе?..

Калі прыслухацца да дзяржпрапаганды, дык зусім наадварот. Міліцыянты, БРСМаўцы, чыноўнікі – усе, нібыта, патрыёты. Патрыятызм выбудоўваецца на ўсіх узроўнях, ад дзіцячага садка да частак спецпрызначэння.

Тады, магчыма праблема ў іншым: не кожны мае права быць патрыётам? Гэта права толькі для выбраных, як і права насіць зброю ці камуфляж. Зброю можна насіць сілавікам, камуфляж – удзельнікам праваслаўных казацкіх летнікаў, пад крылом расейскай амбасады. Усё іншае – «фашызм» ды «тэрарызм»…

Па-за палітыкай? Значыць, «тэрарыст»

Дашкевіч падчас абароны Курапатаў

Але ці можна знайсці патрыётаў большых за хлопцаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі? Лазоўскі ды Яўдаха распаўсюджвалі кніжкі беларускіх аўтараў, Комлік-Ямацін – распрацоўваў вопратку ў нацыянальным стылі, Дундукоў – выдатнік МНС ды інструктар «Чырвонага Крыжа», Грэк – намеснік начальніка па ідэалогіі ў Смаргонскім памежным атрадзе.

Калі казаць пра Дашкевіча, Леўчанку, Пальчэўскага ды іншых сяброў «Маладога Фронту», дык яны толькі што адстаялі Курапаты, нацыянальны некропаль. Менавіта пасля «намётавага лагеру», арганізаванага Дашкевічам, на месца масавых сталінскіх расстрэлаў звярнуў увагу сам кіраўнік дзяржавы, загадаўшы будаваць там капліцу.

Дзяржпрапаганда вельмі часта вінаваціла сваіх апанентаў у «непатрыятычнай пазіцыі». Апазіцыянеры, маўляў, то да санкцыяў заклікаюць, то крытыкуюць сваю краіну за мяжой, то сцены балончыкамі псуюць… Але што прышыць сябрам «Белага легіёну», якія больш як 10 год паза палітыкай? У чым звінаваціць «Малады Фронт», які ўжо даўно па-за апазіцыйнымі кааліцыямі ды выбарчымі кампаніямі?.. Застаецца адно: тэрарызм, падрыхтоўка мяцежу.

«Мне не важна прозвішча прэзідэнта, галоўнае – незалежнасць»

На першым плане – Віктар Данілаў (цяпер у СІЗА КДБ) паказвае стойкі з мадэллю АК

А выглядала ўсё прыкладна так: кіраўніку дзяржавы на стол паклалі тоўстую тэчку са «страшнымі» фота, на якіх людзі ў камуфляжы бегаюць па лясах з бел-чырвона-белымі шаўронамі. І тут у кіраўніка спрацавалі страхі, глыбока засеўшыя ў галаве яшчэ з 90-х: «Нацыяналісты падымаюць галаву!» Упэўнены, што тэчка гэтая ляжала ў кагосьці ў шуфлядзе ўжо даўно, чакала толькі нагоды. І тут нагода з’явілася: Статкевіч прызначыў «рэвалюцыю» на 25 сакавіка!

Падобным крокам, аб’яднаўшы радыкальнага рэвалюцыянера з аддаленымі ад пытання ўлады патрыётамі, сілавікі забілі адразу некалькіх зайцаў. Па-першае, тэлегледачу нарэшце можна паказаць не выдуманых дыверсантаў, якія «адмочваюць» пацукоў, каб атруціць палову Менску, а рэальных людзей. Па-другое, нарэшце можна адпомсціць «Беламу Легіёну» ды «Маладому Фронту» за старыя рахункі. Па-трэцяе, гэта ідэальны спосаб яшчэ больш усіх перасварыць, асабліва выпусціўшы Статкевіча на волю, у той час, калі хлопцы працягваюць сядзець.

Але вернемся да галоўнага, бо галоўнае ў дадзенай сітуацыі палягае нават не ў сферы палітычных разборак.

Міраслаў Лазоўскі неаднаразова казаў: «Мне не важна прозвішча прэзідэнта, галоўнае – незалежнасць». Атрымліваецца, улады пасадзілі свайго наўпроставага хаўрусніка, які не збіраўся падымаць мяцеж, але збіраўся бараніць у выпадку чаго тэрытарыяльную цэласнасць краіны? Атрымліваецца, што так.

«Патрыятызм» супраць «сітуатыўнай лаяльнасці»

Хлопцы з лагеру клубу ”Патрыёт”

Больш за тое. Атрымліваецца, што ў выпадку абвастрэння стасункаў з усходнімі суседзямі, кіраўнік дзяржавы застанецца сам-насам з прарасейскім генералітэтам, бесхрыбетным чынавенствам ды замбаванымі расейскім ТВ-масамі. Дзе ж сапраўдныя патрыёты? А іх усіх перасаджалі або выціснулі з краіны.

Пад патрыятызмам занадта доўга разумелася «сітуатыўная лаяльнасць да кіраўніка», што слова наўпрост згубіла свой сэнс. І ў такім выпадку Беларусь можна браць голымі рукамі. Няма патрыётаў – развітвайся з незалежнасцю!

…Дык за што сядзяць Лазоўскі з Дашкевічам? За Статкевіча? Не. За «Басту» і рэвалюцыю? Зноў не. За што тады? Хай адкажуць самі, але мне здаецца, што за права быць патрыётамі сваёй краіны. У нашай Беларусі за гэта б далі медаль, у нянашай – турэмную шлёмку ў рукі. Такая вось «родная, але не свая зямля».

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары