Аляксандр Тамковіч Пра пракурора, які стаў «раслінай»

публіцыст, пісьменнік

Наш калумніст – пра тое, як кар’ерныя прыступкі могуць скончыцца бядой.

Алега Волчака, праваабаронцу і майго добрага знаёмага, пасля ягонага відэароліка пра карму назвалі на адным з форумаў «духоўнікам».

У прыватнай размове са мной Волчак у пацверджанне высновы, што за здраду і двудушнасць прыйдзецца адказваць, прывёў некалькі прыкладаў лёсаў тых, хто дзеля кар’еры адрынуў не толькі элементарную чалавечую годнасць, але і асабістае сумленне. Не буду называць канкрэтныя факты – сярод іх ёсць жудасныя выпадкі накшталт самагубства.

Калі Волчак сышоў з пракурорскай працы, некаторыя былыя калегі пачалі яго даволі цынічна гнабіць. Сярод тых, хто рабіў гэта найбольш старанна, я пачуў крыху знаёмае прозвішча, агучваць якое не буду па прычыне драматычнасці сітуацыі.

На пачатку нулявых, падчас суду над былым прэм’ерам Міхаілам Чыгіром, менавіта ён дапытваўся ў мяне наконт таго, як часта мы з Чыгіром бачыліся і, нягледзячы на неспрыяльны для яго адказ, «белае» зрабіў «чорным». Міхаілу Мікалаевічу акрамя шматмільённай шкоды прышылі тады яшчэ і недаплату падаткаў.

Пры гэтым нікога (у першую чаргу – маладога пракурора) не засмуціла, што абвінавачанне цалкам не адпавядала праўдзе, што Чыгір на той момант працаваў у Маскве, дзе ўжо расплаціўся (падвойнае падаткаабкладанне – незаконнае).

Гэта быў першы судовы пераслед такога ўзроўню. Афіцыйнай нагодаю для арышту – Чыгір правёў за кратамі каля 8 месяцаў – сталі фінансавыя парушэнні і злоўжыванне службовым становішчам, сапраўднай прычынай быў удзел у альтэрнатыўных выбарах 1999 года, якія ладзіў Віктар Ганчар.

Суд цалкам падтрымаў пракурорскую ахінею, і Чыгір, апроч трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю на два гады, папоўніў беларускі бюджэт на $ 5 тысячаў. Службовая кар’ера цынічнага пракурора імкліва пайшла ўгару: за некалі год ён вырас ад звычайнага супрацоўніка да вялікага начальніка. Кар’ерныя прыступкі скончылася, аднак, вялікай бядой. На адпачынку за мяжой яго ўкусіла экзатычная істота – і пракурор ператварыўся амаль  ў «расліну».

Усім вядомыя законы захавання энергіі і матэрыі. Я б яшчэ дадаў закон захавання эмоцыі: калі вы зрабілі другому нешта кепскае, яно абавязкова вернецца назад. І вельмі сумна, калі за зробленае адказваць прыйдзецца не самому прайдзісвету, а каму-небудзь з яго нашчадкаў або сваякоў.

Паталагічныя эсэсаўцы раптам не становіцца херувімамі, таму я не веру ў шчырасць тых, хто яшчэ ўчора насіў форму, а сёння стаў змагаром за дэмакратыю. Сумленне не можа быць гібрыдным па вызначэнню. Яно або ёсць, або яго няма.

Сам я не святы, але гутарка тут не пра дробязі, уласцівыя кожнаму з нас. Гэта размова не пра сцежкі, а пра аўтабан.

У Ізраіле расце дрэва: увесь год яно голае і сухое, і толькі на Пасху зацвітае маленькімі кветачкамі. Паводле паданняў, на ім павесіўся Іуда пасля таго, як за 30 срэбранікаў прадаў Хрыста. Яго так і называюць – «дрэва Іуды».

Не трэба быць духоўнікам, каб зразумець, што здраднікаў сумлення і чалавечай годнасці чакае нешта падобнае. Як сказаў бы праваабаронца Алег Волчак – «карма такая».

іншыя запісы
Каментары