Віктар Шукеловіч Пошта пад знакам ВКЛ, праспект Міндоўга і помнік Вітаўту

літаратар, журналіст

«Такою магла б быць Беларусь», – гэткія словы луналі ў рамантычных кавярнях і ля старых муроў у Коўне.

Беларусы ў горадзе! Гэта было відаць і чуваць. На сёлетні Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў былую сталіцу Літву з’ехалася каля 500 гасцей з усяго свету, прычым большасць з іх – беларускамоўныя. На шпацыры па вечаровым Коўне нязмушаная беларуская гаворка мінакоў была нібы гарачым пацалункам у халаднавы восеньскі вечар, ад чаго хутчэй пачынала хадзіць кроў па жылах, а шчокі заліваліся цяплом.

«Гэта і наша спадчына», – уздыхнуўшы, сказала беларускамоўная спадарыня сваёй каляжанцы, паказаўшы на сцяг з Пагоняю, што горда лунаў над горадам.

На шмат якіх шыльдах ды вулічных табліцах – старажытная Пагоня. Своеасаблівая Пагоня нават у драўлянай каплічцы – фігурка святога Юрыя, які дзідай забівае цмока.

Пра сцягі з Пагоняй у старажытных касцёлах дбаюць сучасныя манахі, якія сышлі нібыта з абразоў, пакрытых павуцінчатай сеткай старасці.

Коўна – горад Вітаўта. Апрача помніка, тут ёсць універсітэт Вітаўта, мост імені Вітаўта і свая фара Вітаўта. Нават на старых пабудовах проста так згадваецца імя князя Вітаўта.

Акрамя Вітаўта ў Коўне шануюць Міндоўга ды Гедыміна, у гонар якіх названыя вуліцы.

У Коўне вельмі папулярны старажытны сымбаль Вялікага княства – герб «Калюмны» альбо «Слупы Гедзіміна». У Грунвальдзкай бітве 1410 года з 40 харугваў ВКЛ 10 былі з выявай «Калюмнаў». Некалі «Калюмны» выкарыстоўвалі на манетах.

Цяпер «Калюмны» – знак літоўскай пошты. Гэты сімвал можна пабачыць практычна на кожнай паштовай скрынцы ды на сцягах. Гэты знак выкарыстоўваюць некаторыя партыі ў сучаснай Літве.

Шасціканцовыя крыжы – сімвалы дынастыі Ягелонаў.

Коўна дыхае гісторыяй Вялікага княства. Адна з самых старажытных святыняў Коўна – невялічкі касцёл святой Гертруды, надзвычай яскравы помнік гатычнай архітэктуры ВКЛ.

У Коўне ёсць славуты Дом Грому, збудаваны ў 15 стагоддзі купцамі. У перыяд рамантызму ў 19 стагоддзі ў сцяне знайшлі статуэтку Пяркунаса (Грому). З таго часу будынак пачалі лічыць свяцілішчам паганцаў.

Замак пабудавалі ў Коўне ў XIV стагоддзі непадалёк ад месца зліцця Віліі і Нёмну, каб бараніцца ад крыжакоў.

Пасля надання гораду Магдэбургскага права цэнтр жыцця перамясціўся на Рынкавую (Ратушную) плошчу. У некаторых месцах падаецца, што зараз аднекуль з’явяцца шляхцічы ў кунтушах ды загавораць па-старабеларуску.

Рэзідэнцыя прэзідэнтаў у міжваеннай Літве – сапраўдны сімвал незалежнасці. На агароджы прэзідэнтуры – здымак сям’і першага кіраўніка Літвы Антанаса Смятоны. На падворку прэзідэнтуры стаіць яму помнік.

Літоўцы памятаюць пра сваіх герояў і паэтаў, якім шмат стаіць помнікаў у Коўне. У памяць пра ўсіх, хто змагаўся за свабоду краіны, гарыць вечны агонь, але стылістыка яго не манументальна-савецкая, зусім не такая, да якой мы прывыклі ў Беларусі.

Былую праваслаўную царкву, пабудаваную яшчэ пры цары, аддалі ў часы незалежнасці каталікам. На прыступках святыні вельмі часта збіраецца моладзь. У касцёлах моляцца выключна па-літоўску.

Ёсць у Коўне і праваслаўная святыня, пад якою я спаткаў модна апранутую пару беларусаў з Магілёва, што стала тут жывуць і працуюць. «Размаўляеце па-беларуску?», – запытаўся я. «Навошта нам размаўляць на беларускай мове, калі нам тут трэба літоўская і англійская», – не зразумеў майго пытання мужчына. Ягоная спадарожніца засмяялася з майго «размаўляеце», але на развітанне надзвычай прыязна памахала рукою.

Беларусы носяцца з вёскаю як з яйкам», – міжвольна пачуў я дыскусію ўдзельнікаў кангрэсу беларусістаў у кавярні. – «Нам трэба вызваляцца з вясковасці», – падтакваў нехта збоку. Літоўцы, падалося, не саромеюцца сялянскасці, а вясковасць выразна выяўлена ў гарадскіх помніках. На адным з іх, напрыклад, кабета пры калаўроце вучыла сына чытаць па-літоўску.

У Коўне мясцовая моладзь гаворыць амаль выключна па-літоўску. «Коўна – самы літоўскі горад, – распавёў мне кіроўца таксі. – Калі ў бары размаўляюць літоўцы, і прыходзіць расеец-эмігрант, то таксама мусіць гаварыць па-літоўску, хай сабе з няправільнымі канчаткамі. У Вільні ўжо літовец хутчэй загаворыць па-расейску з няправільнымі канчаткамі«.

 Паводле мужчыны, варта ведаць як мага больш моваў, а лішнія веды ніколі не зашкодзяць. «Я кажу сваёй дачцэ, каб вучыла расейскую мову, а тая не хоча. Я яе пераконваю, што расейская можа прыдасца, каб паразмаўляць з прыгожым туркменам, якога яна раптам спаткае ды закахаецца. Але дачка падумала і адказала, што прыгожых туркменаў, як на яе густ, пэўна, не бывае», – засмяяўся кіроўца.

Кожны раз, як нехта бегае ў Коўне, – гэта своеасаблівая літоўская «Мова Cup»бо ўсе бегуны, звычайна, літоўскамоўныя. 

«Тут не ведаюць, дзе сапраўдная Літва. Коўна – гэта ж Жмудзь», – са шкадаваннем і нейкім жалем казалі мае знаёмыя беларусы. Ім, відаць, было прыкра, што на землях сапраўднай Літвы турыстаў вязуць на «лінію Сталіна».

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары