Святлана Калінкіна Помнік царскаму гарадавому апаганіла група асобаў. Галоўнае цяпер галубоў пільнаваць

публіцыстка

Касінераў дзейнічаў не адзін, калі «апаганьваў» помнік царскаму гарадавому. З ім у зговары быў… сабака. З кропкі гледжання беларускага закону, злачынства здзейсненае групай асобаў. А гэта ўжо амаль тэракт. Публіцыстка Святлана Калінкіна разважае на тэму, па якой толькі абібок яшчэ не прайшоўся. Але з гумарам. Бо рэальна смешна.

Паміж КДБ і МУС, як вядома, з савецкіх часоў існуе суперніцтва ў розуме і кемлівасці. І гэты раўнд, безумоўна, за КДБ. Спадчыннікі жалезнага Феліксу ў тым, што тычыцца помнікаў, былі разумнейшыя.

Адзіны на постсавецкай прасторы помнік супрацоўнікам КДБ, як нескладана здагадацца, устаноўлены ў Беларусі. Але схавалі яго далей ад людскіх вачэй – на тэрыторыі Акадэміі нацыянальнай бяспекі.

І правільна зрабілі! Таму што не трэба быць дасведчаным разведчыкам і гуру аналітыкі, каб спрагназаваць лёс падобнага скульптурнага тварэння. Людзі як мінімум заплююць, а як максімум будуць настойліва паліваць яго фарбаю. Можна і палохаць, і помсціць, і лавіць, і саджаць, але па-іншаму не будзе. Служба такая. Дрэнны бэкграўнд.

А вось міліцэйскаму кіраўніцтву розуму не хапіла. Яны пампезна «прэзентавалі» сталіцы царскага гарадавога, і цяпер вымушаныя каля злашчаснай скульптуры несці кругласутачнае дзяжурства. Таму як не любіць наш народ міліцыі, успамінаў пра царскіх гарадавых не любіць. І шматлікім гараджанам на такую гарадскую скульптуру як мінімум плявацца хочацца. А як максімум…

Вячаслаў Касінераў накінуў на шыю помніку сімвалічную пятлю. У старых традыцыях адной звіліны, якая ад фуражкі, Касінерова, вядома ж, пасадзілі. Але ці вырашылі гэтым праблему, ці стаў народ да міліцыі з большай сімпатыяй ставіцца?.. Наадварот. Бо толькі глупства сваё даказалі, клінічны тугарозум. Таму як у краіне зʼявіўся новы палітычны вязень, Беларусь цяпер будуць паласкаць у справаздачах-рэзалюцыях з нагоды свабодаў і правоў чалавека. А ўсё праз што? Праз гарадавога

Малайцы, хлопцы! Паслужылі краіне.

Але чым далей – тым смяшней.
Сабачка акурат каля «святога для міліцыянтаў месца» задрала лапку. Натуральна, вартавыя парадку абаранілі гонар мундзіра – лавілі і гаспадара, і сабачку. Злавілі. Затое зараз толькі абібок па здарэнні не патаптаўся. Сабачка ж быў у змове з Касінеравым. То бок, злачынства здзейснена групай асобаў. Тэракт амаль. Замах на асновы дзяржаўнага ладу… перадухілілі… Узнагароды ўсім! І ордэн, і медаль, і імянную зброю! Паколькі… а калі галубы на галаву гарадавога пакакаюць?... Страляць прыйдзецца. З усіх ствалоў – і па галубах, і па верабʼях. А пасля міністру Шуневічу – званне генералісімуса. За праяўленую пільнасць…

Ну вось, просіцца чалавек у героі фельетонаў. Пішчом пішчыць… Бо калі б хтосьці і хацеў справакаваць міліцыю на глупства, якое нарастае ў геаметрычнай прагрэсіі, то наўрад ці б прыдумаў нешта лепшае, чым міністр, – паставіць у цэнтры гораду скульптуру гарадавога і прымусіць яго абараняць…

іншыя запісы
Каментары