Максім Чыгунка Чаму я смяюся з Лукашэнкі, а з Трампа – ужо не

публіцыст

Падобныя прычоскі і манеры, аднак той другі стаў прэзідэнтам па волі свайго народу, а першы, можа, і папулярны да гэтага часу, але цэлы час не дазваляе народу зрабіць свой сапраўдны выбар.

Палітычныя праціўнікі новага амерыканскага прэзідэнта ў ЗША і ЕЗ смяюцца над Дональдам Трампам. “Хам і дурачок”, да таго ж з дзіўнай чохаю ў стылі Лукашэнкі. Аднак, я гатовы паспрачацца, што Трамп наўрад ці арганізуе рэферэндум, дзякуючы фальсіфікацыі якога пашырыць сабе паўнамоцтвы і выключыць з Канстытуцыі параграф пра колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў.

Якой бы заблытанай не была амерыканская выбарчая сістэма – Трамп выйграў – а выбары прайшлі пад грамадскім кантролем. У амерыканскіх выбарчых штабах не было цётак з «Саюзу жанчын Амерыкі», якія б уручалі міжнародным назіральнікам загадзя прыгатаваныя паперкі, якія даказваюць, што ў нас выбары самыя «чэсныя» на свеце. Яўка ў ЗША не падскочыла падчас датэрміновага галасавання на некалькі дзясяткаў адсоткаў, галасы не лічыліся ў цішыні, і назіральнікі стаялі бліжэй, чымся тры метры ад месца падліку бюлетэняў. Больш за тое, на свет Божы павыходзілі ўсе грахі і грашкі кандыдата – спрэчныя выказванні і факты з жыцця. Амерыканцы бачылі каго выбіраюць, і ведалі, што гэта не прыклад для пераймання.

Такім чынам, Трамп быў абраны воляй свайго народа, які ў стане ўзяць на сябе адказнасць за свае дзеянні. А праз чатыры гады і сам кандыдат пройдзе праверку падчас чарговых выбараў.

Гратэскавы Трамп стаў кандыдатам, які атрымаў нават менш галасоў, чым ягоная канкурэнтка – аднак і так больш легітымны, чымся ўсе тыя дыктатары і аўтакраты, якія руляць на постсавецкай прасторы. Яны робяць усё для таго, каб народ не мог рэальна ацаніць іх працу – калі перамагаць, то з завышаным рэйтынгам. Я часта задумваюся, чаму Лукашэнка, Пуцін, Назарбаеў, усе гэтыя «бацькі», лідары нацыі і іншыя елбасы або туркменбашы не дапускаюць думкі, што выбары можна не фальсіфікаваць. Бо яны і так бы выйгралі. Бо зʼяўляюцца найбольш вядомымі палітыкамі ў сваіх краінах і цягам столькіх гадоў прапаганда карміла грамадзянаў тым, што без іх нікуды. Аднак, не! Не могуць яны дазволіць сабе перамогу на ўзроўні Трампа, яны заўсёды павінны мець на некалькі дзясяткаў адсоткаў больш, чымся марыянетачныя контркандыдаты. Перамагчы меншай колькасцю галасоў, гэта для іх як дэсакралізацыя іхнае ўлады. Таксама, як і допуск да выбараў сурʼёзных контркандыдатаў.

Магчыма Амерыка і зрабіла дрэнны выбар, можа прэзідэнцтва Трампа скончыцца катастрофай, але ніхто не скажа, што хтосьці выбіраў замест амерыканцаў. А ягоная перамога – магчымасць для праціўнікаў нешта змяніць.

І таму Трамп, хоць і несурʼёзны, усё-ткі больш сурʼёзны за ўсіх Айцоў народаў, якія ўжо дзясяткі гадоў не ў стане адклеіцца ад прэзідэнцкіх крэслаў.

іншыя запісы
Каментары