Аляксандр Фядута Плявок чалавека-невідзімкі, або Адказваць будзе Лукашэнка

паліткансультант

Рашэнне камісіі пры Менвыгаркаме, што адкрыла шлях да будаўніцтва бізнес-цэнтру на тэрыторыі Курапатаў, інакш, чым пляўком не назавеш.

Дванаццаць чалавек адмовіліся разглядаць тысячы подпісаў менчукоў, што тыя паставілі супраць будаўніцтва, а таксама адмовіліся даць слова пратэстощцам. Чаму? Ім пляваць. Тысячы подпісаў справы не датычаць.

Не датычаць справы і заявы чатырох хрысціянскіх канфесіяў, што тыя зрабілі з гэтай нагоды. Бога на іх – на чальцоў камісіі – таксама, аказваецца, няма.

Чаму?

Усё вельмі проста. Гэтых людзей, што прымаюць рашэнне, таксама няма. Не існуюць яны. Ніводныя з медыяў не апублікавалі іхныя імёны, прозвішчы, пасады. Верагодна, адказнасць за іхнае галасаванне мусіць несці палітычны рэжым, што існуе ў краіне. У тым ліку – за рашэнне на разглядаць тысячы подпісаў менчукоў.

Менавіта так, без прозвішчаў, вырашаюцца пытанні пра нявечанне беларускае сталіцы.

Хто прымаў рашэнне пра будаўніцтва гатэля побач з цыркам? Мы не ведаем. Хто будаваў – і навошта, і Юры Чыж хіба вельмі ікаў ды ўсцяж ікае, калі таксісты адказваюць на пытанне пасажыраў, адкуль і чаму паўстаў будынак, што знявечыў від з праспекта на парк імя Горкага. Але Чыж дзейнічаў адпаведна закону – атрымаў дазвол. А хто выдаў гэты дазвол? Хто, напрыклад, праводзіў геадэзічныя даследаванні і выдаў даведку, што будаваць такі цяжкі аб’ект на пяску-плывуну «можна»?

Хто, напрыклад, дазволіў «аднавіць» флігель побач з «домам Ваньковічаў» так, што гістарычна выгляд наваколля ўшчэнт сапсавалі? Ці Вы хочаце пераканаць мяне ў тым, што флігель для прыслугі можа быць большы за панскі дом? Хлопцы, я не архітэктар, але сядзібнай культураю XIX стагоддзя я цікавіўся. Не можа такога быць. Але тады – хто даваў дазвол і падпісваў дакументы?

І вось цяпер – Курапаты.

Ці хто-небудзь можа патлумачыць, напрыклад, чаму рашэнне пра мяжу ахоўнай зоны наагул пераглядзелі? На падставе чаго? Мусілі быць нейкія падставы. Ці вы хочаце сказаць, што гэта Лукашэнка, які адказвае за ўсё, загадаў змяніць межы зоны, адрэзаць ад яе кавалак зямлі, прапанаваць гэты кавалак канкрэтнаму бізнесмену і дазволіць будаваць на ім бізнесмену? Не веру.

Немагчыма аспрэчваць паўнамоцтвы чыноўнікаў. Але гэта не азначае, што нельга хацець паглядзець ім у вочы.

Яны галасуюць супраць волі людзей менавіта таму, што ад людзей гэтых не залежаць. Таму што ведаюць: ніхто і ніколі пра іх не ўзгадае. Усе ўсё спішуць на Лукашэнку. А яны застануцца нябачнымі, шчаслівымі ў сваёй калектыўнай безадказнасці.

Магчыма – не бескарыслівай. Паўтаруся: магчыма. Можа быць, вылучэнне зямлі пад гатэль Чыжа, прыняцце безгустоўнай новабудоўлі за гістарычную рэканструкцыю, перагляд межаў запаведных зонаў насамрэч ажыццяўляецца па дабрыні душэўнай. Каб усім было лепей. І прозвішча свае гэтыя людзі хаваюць праз сціпласць. Выключнасць. Не хочуць фарсіць сваймі добрымі справамі.

Як і аўтары праекту Дэкрэту №3, што моцна сапсаваў імідж нашай улады.

Як і аўтары шматлікіх іншых дакументаў.

Лёгка пляваць людзям у вочы, застаючыся нябачнымі.

Адказваць будзе Лукашэнка.

Аляксандр Фядута для belsat.eu

іншыя запісы
Каментары