Аляксандр Фядута «Ператрахванне» з хуткасцю 24 кадры на секунду

паліткансультант

А я вось не ўпэўнены, што Косінца пазбавілі пасада назаўсёды. Прычына нібыта «у сувязі з пераходам на іншую працу».

Узгадаем, што мы ведаем пра Косінца-чыноўніка.

Па-першае, на былых пасадах ён вылучаўся звышактыўнасцю. Пра такіх кажуць «матор у дупе». Не Карлсан, канешне, але калі трэба будзе, то паляціць. І калі быў віцэ-прэмʼерам, і на пасадзе кіраўніка Віцебскага аблвыканкаму, Аляксандр Мікалаевіч праяўляў гатовасць працаваць, трэсці падначалены чынавенскі апарат, і нават – хаця ў нашай краіне такі прывілей належыць толькі адной асобе – і мы гэтую асобу ведаем – «ператрахіваць» яго.

Па-другое, Косінец быў, што называецца, хадзячым канфліктам. Яшчэ на пасадзе віцэ-міністра яму ўдалося так сапсаваць стасункі з уплывовай у той час групаю, якую стварылі яшчэ Урал Латыпаў ды Анатоль Тозік, што яго выслалі ў Віцебск з кабінета кіраўніка Адміністрацыі.

І ягонае вяртанне стала магчымым толькі пасля таго, як уплыў гэтай групы (а значыць, і яе цяперашняга лідара Уладзіміра Макея) зменшыўся. А паколькі цяпер Макей моцны, як ніколі, відавочна, што прыйшоў час «ператрахіваць» кадравую калоду і аслабіць апанента. Каб толькі была нагода.

Якая нагода? Неістотна. Старыя грахі па Віцебску. Новыя грахі ў выглядзе выбарчай кампаніі, якую ён правёў так няўдала. Не мае ніякага значэння. Істотна тое, што зʼявілася падстава перавесці Косінца на некаторы час у запас. Пры гэтым зусім знішчыць не ўдасца: Лукашэнка добра разумее сёння, што чым менш джокераў у ягонай кадравай калодзе, тым хутчэй ён становіцца закладнікам аднаго з кланаў. Прыклад Сідорскага паказвае – чым больш імклівая адстаўка, тым прасцей потым вярнуць адстаўніка ва ўладу (каб толькі не ляпнуў чаго-небудзь непрыемнага журналістам).

Таму шанцы на вяртанне Аляксандр Мікалаевіч мае. І гудзенне матора ў вядомым месцы мы, раней ці пазней, яшчэ пачуем. Але паўстае пытанне: кадравыя «ператрахванні» ўжо скончыліся ці толькі пачынаюцца?

З майго пункту гледжання, толькі пачынаюцца. Я наагул усіх замяніў бы з хуткасцю 24 кадры на секунду. Скажам, вызвалілася вакансія ў Маскве – раз, Сідорскага адазвалі. Значыць, трэба знайсці асілка, каб даслаць на месца Сідорскага. Каго? Патрэбны былы прэм’ер. Такі, дарэчы, ёсць. Мясніковіч, напрыклад. Вось яго – у Маскву.

Вызваляецца вакансія пасля Мясніковіча. Патрэбны нехта надзейны. Свой. Правераны. Хто там у Савеце, прабачце, Рэспублікі на падыходзе? Можна – Шчоткіну. А можна і Папкова. Выглядае сурёзна: былы віцэ-прэм’ер, былы першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі. Падыходзіць.

За кампанію я бы ўзбуйніў два-тры міністэрствы. Эканоміку бы цэнтралізаваў яшчэ больш. Стварыў быў міністэрства ідэалагічнага профілю – на базе Мінінформа і Мінкульта. Магчыма – МДБ, каб ужо цалкам не было паралеляў паміж сілавікамі і спецслужбамі.

Ну, а на чале ўсіх гэтых рэформаў, а таксама будучай канстытуцыйнай рэформы, да якой нас паволі ўжо прывучаў палкоўнік Гайдукевіч, – каго-небудзь. Можна пакінуць Міцкевіча (юрыст, зноў-такі, на сына-бармена нават апазіцыя купілася) – выбітны юрыст. Можна паставіць Арду – яшчэ больш выбітны прафсаюзны дзеяч. Можна паклікаць асілка – Сідорскага ці Шапіру

Аааааааа… Шапіра! Гэта яшчэ адна праблема! Трэба будзе яшчэ аднаго кандыдата – на пост старшыні аблвыканкаму тады шукаць. А ў нас толькі адзін кадравы дзень у тыдні – пятніца. Таму, магчыма, Сямёну Барысавічу прыйдзецца пагарбець некаторы час і ў аблвыканкамаўскім кабінеце.

Але 24 кадры на секунду можна паспець змяніць – гэта дакладна.

Калі ў нас пятніца? Заўтра?

Пачакаем. Нядоўга.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары