Аляксандр Фядута Перастараліся. Хацелі як горш, а атрымаўся поўны маразм

паліткансультант

Вось тэхналагічна яны зрабілі ўсё правільна – з іх пункту гледжання, а карцінка атрымалася не тая.

Перасаджалі ўсіх лідараў партый акрамя шэрай мышы Янукевіча, які настолькі пазбаўлены харызмы, што з яго арганізатара масавых беспарадкаў не злепіш.

Знялі з цягніка ў Берасці харызматычнага беларускага паэта, давялі да перадінсультнага стану, паклалі ў шпіталь, але на мітынг не дапусцілі.

Кудысьці схавалі Мікалая Статкевіча – ці ледзь не адзінага, хто публічна прапаноўваў не ўзгоднены – і які не ўзгадняецца ў прынцыпе – маршрут руху калоны пасля мітынгу.

Але бліскуча арганізавалі масавы хапун. Амапаўцы каля будынку Прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі Навук літаральна ўгаворвалі мяне і жонку:

– Ідзіце на плошчу Якуба Коласа! Там будзе самае цікавае!

Калі б не хворыя ногі, і мы маглі ісці – чыста фізічна – крыху хутчэй, атрымалі б па галаве і апынуліся ў аўтазаках. Дзякуй амапаўцам за чуйна злоўленае імі нашае жаданне апынуцца ў гушчы падзей!

Потым паглядзелі карцінку.

Блдзь, якія баевікі?!

Бабулькі з пасведчаннямі інвалідаў, якія рыдаюць і якіх схапілі, што называецца, за кампанію.

«Батанікі» да 23-х гадоў, якія квола супраціўляліся і якія выйшлі прагуляцца ў суправаджэнні любімых дзяўчат.
Васьмідзесяцігадовы стары з палкай, прыняты, верагодна, у спешцы за арганізатара масавых беспарадкаў (бліскуча арганізаваных тымі амапаўцамі, якія, уласна кажучы, і нас туды спрабавалі накіраваць).

І натоўп журналістаў, якія здымалі ўвесь гэты «баль духу і гарматнага мяса» і якія транслявалі гэта на ўвесь свет!

Ні аднаго чалавека, якога можна выдаць за баевіка!
Ні адных пабітых шкляных дзвярэй!
Ніводнага перавернутага аўтамабіля!

Мала таго. Праінфармавалі пра хапун практычна ўвесь цэнтр гораду. Людзі збіраліся ў цэнтральны ўнівермаг (ЦУМ): там па суботах зніжкі. І іх замялі.

Людзі ішлі па прадукты ў краму «Акіян». «А вы не хадзіце!» – і ў аўтазак.

Менчукі і госці сталіцы геаграфію хапуна дакладна ўлавілі. Ад плошчы Калініна да плошчы Перамогі. Прычым на ўсім гэтым шляху людзі не палохаліся, а абураліся і спачувалі збітым і схопленым. А некаторыя прыгаворвалі, паказваючы старэчымі пальцамі на аўтазакі і «касманаўтаў»:

– Вось куды нашы грошы ідуць.

Туды, родныя, менавіта туды!

Прапагандысты-прафесіяналы, паглядзеушы карцінку, якую ўчынілі сілавікамі, павінны былі проста афанарэць ад гора. Што і зрабілі практычна неадкладна. Ужо ўвечары, калі стала вядомая агульная лічба схопленых пенсіянераў і «батанікаў», у «Клубе рэдактараў» пад мастацкім кіраўніцтвам галоўнага тараканаведа краіны Генадзя Давыдзькі прапагандысты паныла ўсё казалі:

– Гэта ж таксама людзі… З імі трэба размаўляць… Іх меркаваннем нельга грэбаваць…

А нехта ў вусах, прапахлы дымам, пачаў расказваць пра тое, як клапаціўся АМАП пра журналістаў, не даючы ім патрапіць у месцы асабліва густога «замесу». Ці гэта не ён расказваў? Не памятаю. Але хе…ню яны ўсе там неслі.

Зрэшты – не гэта галоўнае. Галоўнае: не тая карцінка. Перастараліся. Хацелі як горш, а атрымаўся поўны маразм.

іншыя запісы
Каментары